1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні.Колас.// Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое.Новікаў.
2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі.М. Ткачоў.
3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць.Сабаленка.
2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся.Колас.
3.перан.Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай.Васілевіч.Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка.Паслядовіч.
[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́бар, ‑а, м.
1. Група цыганскіх сем’яў, якія качуюць разам, а таксама іх стан, абоз. За ўзгоркам знаходзіцца тавар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры.Каваль.Нарэшце мужчыны засталіся адны — стары Мікола і яшчэ двое цыганоў, барадатыя і злосныя з выгляду. Тавар заціхаў.Чыгрынаў.
2. У мінулым — умацаваны лагер казакаў з абозам. На Буйніцкім полі Налівайка паставіў сваё войска тылам да Дняпра, з трох іншых бакоў абгарадзіўся табарам.Шынклер.
3. Вялікая група людзей, якая размясцілася на часовую стаянку; лагер. Касіць пачыналі з дальніх лугоў і ўпершыню выязджалі туды табарам на ўсе дні сенаўборкі, прыхапіўшы з сабой палаткі і харчы.Хадкевіч.
[Цюрк.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.
Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса.Чорны.// Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя.«Звязда».// Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом.Панчанка.
[Грэч. tomos — аддзел.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трысце́н, ‑а, ітрысце́нь, ‑я, м.
Прыбудова да хаты і пад. з трох сцен. На пясчаным узгорку, над самым краем балотца, што зарасло нізкім хвойнікам і алешнікам, стаіць непакрыты хлеў — трысцен: чацвёртая сцяна з жэрдак.Галавач.І сапраўды, крокаў праз якіх сотні паўтары мы выйшлі на палянку, на якой, нібы тулячыся да лесу, стаяў велікаваты, з трысценам, драўляны дом.Сабаленка.Збудаваў .. [Рыгор] на Наносах хаціну, падобную на лазню, прыстроіў з боку яе трысцен для каровы і пасадзіў сям’ю ў сваю хату.Чарнышэвіч.Гаспадар, прыбіраючы з акон гэблі, [долаты] і іншыя інструменты, апавядаў папу, як ён цэлы год быў заняты будоўляй трысценя і новага хл[я]ва.Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець.Жычка.За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту.Колас.Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў.В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узростугл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА, ландшафтная абалонка,
цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл.Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст.т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш.Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ К.С.СТАНІСЛА́ЎСКАГА І У.І.НЕМІРО́ВІЧА-ДА́НЧАНКІ.
Створаны ў 1941 у выніку аб’яднання Опернага т-ра імя Станіслаўскага (з 1928) і Муз.т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1926). З 1964 акадэмічны. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных кампазітараў. Сярод пастановак: оперы «Кармэн» Ж.Бізэ, «Іаланта» П.Чайкоўскага, «Любоў да трох апельсінаў», «Заручыны ў манастыры» («Дуэння») і «Вайна і мір» С.Пракоф’ева, «Сям’я Тараса» і «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскага, «Кацярына Ізмайлава» (рэд. 1962) Дз.Шастаковіча; балеты «Капелія» Л.Дэліба, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Папялушка» і «Скіфы» (на муз.) Пракоф’ева, «Атэла» А.Мачаварыяні; аперэты «Доння Жуаніта» Ф.Зупе, «Бедны студэнт» К.Мілёкера і інш.Вял. ўклад у развіццё т-ра зрабіў С.Самасуд. У розны час у т-ры працавалі: спевакі Г.Бушуеў, С.Галемба, М.Гольдзіна, М.Мельтцэр, Н.Кемарская, У.Кандэлакі (двое апошніх і рэж.), П.Макееў, А.Расніцкая, С.Цэнін, Т.Юдзіна; салісты балета Н.Конюс, М.Рэдзіна, М.Сарокіна, В.Боўт, Э.Уласава, М.Драздова, В.Тэдзееў. Сярод рэжысёраў Неміровіч-Данчанка, П.Маркаў, І.Туманаў, Л.Баратаў, Л.Міхайлаў, І.Шароеў, А.Ціцель (гал.рэж. з 1991), балетмайстраў — У.Бурмейстар, А.Чычынадзе, Дз.Бранцаў (гал. балетмайстар з 1985), дырыжораў — К.Дж.Абдулаеў, В.Есіпаў, Г.Жамчужын, Дз.Кітаенка, У.Понькін (гал. дырыжор з 1996), мастакоў — А.Лушын, У.Арэф’еў (гал. мастак з 1992).
Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі. Сцэна з балета «Лебядзінае возера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трохасн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн.чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.