Памёт1 ’кал, экскрэменты жывёлы’ (ТСБМ, ТС). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 40), з рус.помёт ’тс’, тамушто корань мет‑ неўласцівы бел. мове. Але параўн. памёт2.
Памёт2 ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Інстр. I), ’абложная зямля’ (Касп., ДАБМ, 857; Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334), ’няўдобіца’ (Сл. ПЗБ). Рус.арханг., смал.помёт ’аблога, папар’. Відаць, да *мятаць (параўн. памёт1), г. зн. ’кінутае, пакінутае (на адпачынак) поле’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скалану́ць ‘страсянуць; паварушыць’, ‘перамяшаць’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Яруш., Чач., Шн.), ‘страсянуць’ (навагр., Сл. ПЗБ; Сержп. Прымхі), скалану́цца ‘ўздрыгнуць, задрыжаць’ (Байк. і Некр., Шат.), скалатну́ць ‘патрасці’ (ТСБМ, Варл.). Ад скалатнуць, дзеяслова аднакратнага дзеяння, да калаціць (гл.) з спрашчэннем групы зычных. Няма падстаў скалану́ць ‘скаламуціць, замуціць (ваду)’ выводзіць з літ.skalinât, skaluõt ‘паласкаць бялізну’, як сцвярджае Лаўчутэ (Балтизмы, 72), тамушто іх семантыка поўнасцю адпавядае асноўным значэнням дзеяслова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слане́чнік ‘расліна Heliantus L.’, ‘насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак’, дыял.сланэ́чнік, сланэ́шнік, слано́шнік, сло́мачнік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Кіс., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Інстр. 1, Жыв. сл.), ‘дзевясіл, Inula helenium L.’ (Касп.). З польск.słonecznik, słoniecznik < słonce ‘сонца’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 59), тамушто расліна паварочвае галоўкі за сонцам; калька лац. навуковай назвы, якая ад грэч.ἥλιος ‘сонца’; гл. Махэк, Jména, 243.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, штовак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак.дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар.мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл.Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г.бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац.муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.Шлег, А.Бандарэнка), літургія (А.Залётнеў, С.Бельцюкоў), меса (А.Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.Мдывані, А.Сонін, В.Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.Равенскі, М.Шчаглоў, Э.Зубковіч і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-МАЛА́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Усходняя біягеаграфічная вобласць. Размешчана ў трапічным поясе. Уключае Паўд. Азію, У Аравійскага п-ва, Вялікія Зондскія а-вы (без Сулавесі), большую ч. трапічных астравоў Ціхага акіяна. Падзяляецца на 2 падвобласці: Індыйска-Індакітайскую і Малайскую.
Расліннае покрыва — трапічны дажджавы лес і часткова саванны. Эндэмічных сям. няшмат, тамушто існуюць старадаўнія і цесныя кантакты гэтай вобласці з Палеарктыкай і Эфіопскай біягеаграфічнай вобласцю. У флоры 2 эндэмічныя і 2 субэндэмічныя сямействы. Найб. высокі родавы і відавы эндэмізм, асабліва на астравах (напр., на Гаваях 150 эндэмічных родаў, а відавы эндэмізм складае 90%). Фауна адносна старажытная, у ёй захаваліся некат. рысы міяцэнавай фауны (напр., алянькі, насарогі, сланы, тапіры і інш.). Млекакормячых 46 сямействаў. Эндэмічныя атр. шарстакрылыя, сям. гібонавыя, ларызіды, тупайі, роды чалавекападобных малпаў арангутанаў і індыйскіх сланоў. З птушак эндэмічныя сям. лістоўкавыя, чубатыя стрыжы, большая ч. відаў сям. рагадзюбаў. Цэнтр узнікнення і разнастайнасці форм белавочкавых, пітавых, рагадзюбых, фазанавых. У фауне паўзуноў эндэмічныя бязвухія вараны, гавіялавыя кракадзілы, шчытахвостыя і прамянёвыя змеі. Шмат эндэмічных родаў земнаводных, напр., вузкаротыя і лятаючыя жабы і інш., 4 эндэмічныя сям. рыб. Вобласць з’яўляецца цэнтрам разнастайнасці карпападобных і сомападобных рыб. Шэраг сям. і атр. родняць яе фауну з фаунай Эфіопскай вобл.: агамы, вараны, насарогі, нектарніцы, паўліны, паўмалпы, птушкі-насарогі, сланы, ткачыкавыя, хамелеоны, чалавекападобныя малпы, яшчары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Т (Marat) Жан Поль (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),
французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, штокрымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр. сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп.Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.Кардэ, звязанай з жырандыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),
1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.
2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш.Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЕНГА́ЎЭР (Schopenhauer) Артур (22.2.1788, г. Гданьск, Польшча — 21.9.1860),
нямецкі філосаф, прадстаўнік валюнтарызму і ірацыяналізму. Вучыўся ў Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах. З канца 1820-х г. жыў у г. Франкфурт-на-Майне і займаўся навук. працай. На светапогляд Ш. паўплывалі ідэі І.Канта, Платона, будызму. Базавыя паняцці распрацаванай ім філас. сістэмы — воля і ўяўленне. Абсалютная воля, на думку Ш., «драбіцца» і рэалізуецца ў бясконцым мностве «аб’ектывацый», кожная з якіх імкнецца заняць пануючае становішча; у выніку назіраецца вайна ўсіх супраць усіх, а сусв. працэс зводзіцца да выяўлення стыхійнай сілы — «волі да жыцця». Лічыў, што ўяўленні ў адрозненне ад абсалютнай волі — гэта свет нашага вопыту; усе навакольныя з’явы — толькі сукупнасць пачуццёва-інтуітыўных уяўленняў суб’ектаў. Паводле Ш., спасцігнуць свет з’яў можна з дапамогай дастатковай падставы прынцыпу. Сац. быццё трактаваў песімістычна, падкрэсліваў непазбежнасць нягод, барацьбы, пакут, якія выцякаюць з самой прыроды «волі да жыцця», таму лічыў неабходным асэнсавана стаць на пазіцыю аскетызму ў адносінах да сябе і альтруізму ў адносінах да іншых. Ідэі Ш. сталі адной з тэарэт. крыніц філасофіі жыцця. Сугучныя Ш. ідэі распаўсюдзіліся на Беларусі ў пач. 20 ст. і былі абумоўлены паражэннем рус. рэвалюцыі 1905——07, але часткай інтэлігенцыі ўспрымаліся крытычна [напр., бел. паэт Я.Лучына (І.Л.Неслухоўскі) у процівагу вучэнню Ш. адстойваў на старонках «Минского листка» ідэю прагрэсу].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРНАЛІ́ЗМ,
плынь у гістарыяграфіі, філасофіі і сацыялогіі навукі. Узнік у Англіі ў 1930-я г. як пэўная сума тэарэт. поглядаў на навуку, яе гісторыю і месца ў грамадстве ў процівагу пазітывісцкаму і эмпірычнаму падыходам. Гал. яго прадстаўнікі — Дж.Д.Бернал, Р.К.Мертан, Дж.Холдэйн і інш. Аснова Э. — сцвярджэнне, што існуе сістэма заканамерных сувязей паміж развіццём навукі і грамадства, таму навука не замыкаецца ў сваёй сферы, а выступае арган. часткай грамадства і выконвае ролю аднаго з сац. ін-таў. Сутнасць навукі, яе змест і характар, задачы і функцыі, структура і арганізацыя, формы ўзаемадзеяння з вытв-сцю, місія вучоных і іх адказнасць перад грамадствам выводзяцца непасрэдна з сац. умоў. Канкрэтны вобраз навукі вызначаецца на падставе такіх навук.-гіст. арыенціраў, як сац. заказ, сац.-эканам. ўмовы, сац.-культ. фактары і г.д. У межах Э. распрацоўваецца праблема «эгаса навукі», якая ўключае сістэму нарматыўных рэгулятываў навук. дзейнасці: універсалізм, калектывізм, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм, нейтральнасць. Значная ўвага аддаецца суб’ектыўным момантам дзейнасці вучоных — матывацыі, прызнанню, ацэнцы ўкладу ў навуку і інш. Паводле Э., гал.сац. функцыя вучонага — атрыманне новых ведаў, якія характарызуюць яго асабісты ўклад у навуку і ў той жа час выступаюць яе агульным здабыткам. Э. паслужыў тэарэт. перадумовай шэрагу ідэй і выступленняў супраць выкарыстання навукі ў мілітарысцкіх і інш. антыгуманных мэтах. Процілегласць Э. — інтэрналізм.
Літ.:
Бернал Дж. Наука и общество: Пер. с англ.М., 1953;