спаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Пакрыцца потам. Лоб.. [Сіўцова] спацеў, ад напружання спацела рука. Васілевіч. Андрэй пачуў, што і ён спацеў: мокра за плячыма. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца вільгаццю, кроплямі пары; запацець. У Зоі на вочы набеглі слёзы, акуляры адразу спацелі, стала кепска відаць. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́бік, ‑а, м.

Мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі. клею, пасты і пад., змесціва якой дастаецца выцісканнем. Цюбік клею. Цюбік крэму. Цюбік мазі. // Пра што‑н., упакаванае ў выглядзе трубачкі. [Гукан] пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот. Шамякін.

[Ад фр. tube — трубачка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),

сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.​Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗА́ЛІЙ ((Vesalius) Андрэас) (31.12.1514, Брусель — 15.10.1564),

натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА, Вялікая Польшча (Wielkopolska),

гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст.Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,

дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛ Вітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.

І.​А.​Юхо.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II (Wilhelm; 27.1.1859, Берлін — 4.6.1941),

прускі кароль і герм. імператар [1888—1918]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха III (правіў 9.3—15.6.1888). Унук Вільгельма I. Скончыў Бонскі ун-т (1879). Служыў у арміі (з 1879), ген.-м. (1888). У час яго праўлення Германія стала буйной марской дзяржавай (у развіцці ўзбр. сіл асаблівую ўвагу аддаваў ВМФ), працягвала калан. захопы, уцягнулася ў 1-ю сусв. вайну. Пазбавіўся ўлады ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918, эмігрыраваў у Нідэрланды. 28.11.1918 адрокся ад прастола. Аўтар твораў «Падзеі і асобы ў 1878—1918 гады» (1922), «З майго жыцця: 1859—1888 гг.» (1927), «Мае продкі» (1929) і інш.

Вільгельм II.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НКЕЛЬМАН ((Winckelmann) Іаган Іаахім) (19.12.1717, г. Штэндаль, Германія — 8.6.1768),

нямецкі гісторык мастацтва. Прадстаўнік эстэтыкі класіцызму. Па адукацыі багаслоў; вучыўся ў Берліне і Гале. У гал. яго творы «Гісторыя старажытнага мастацтва» (1763) разгледжаны не асобныя майстры, а мастацтва ўвогуле, у яго росквіце і заняпадзе. Ідэалізуючы антычнасць, ён лічыў стараж.-грэч. мастацтва ўзорам для ўсіх часоў і народаў. Створаная ім методыка мастацтвазнаўчага аналізу стала эстэт. асновай для станаўлення класіцызму ў Германіі і інш. еўрап. краінах.

Тв.:

Рус. пер. — История искусства древности. [Л.], 1933;

Избр. произведения и письма. [М.; Л.], 1935.

Літ.:

Асмус В.Ф. Винкельман, его теория искусства и эстетическое мировоззрение // Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СА АСТЫНА́ТА (італьян. basso ostinato літар. нязменны бас),

адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.​Пёрсел, І.​С.​Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.​Шастаковіч, І.​Стравінскі, П.​Хіндэміт і інш.).

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛАКІ́,

1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.

2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)