БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.​А.​Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.​Ф.​Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.​І.​Камінскі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 25.10.1947, в. Рафалаў Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне оптыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Гомельскі пед. Ін-т (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лінейнай і нелінейнай крышталяоптыцы, акустаоптыцы. Развіў тэорыю акустааптычнага ўзаемадзеяння ў крышталях са складанай анізатрапіяй. Прапанаваў новы прынцып узмацнення ультрагукавых хваляў.

Тв.:

Воздействие электрического поля на акустическую активность кристаллов // Кристаллография. 1980. Т. 25, вып. 5;

Влияние фазового сдвига фоторефрактивных решеток на пространственные солитоны (разам з М.​А.​Хіло) // Письма в журнал технической физики. 1994. Т. 20, вып. 18.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬЦЮКО́ВА (Ангеліна Пятроўна) (н. 10.12.1924, г. Кіраў, Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1949). Выкладала ў Львоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, у 1964—79 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне маст. афармлення тканін, распрацоўвае эскізы дэкар. і манум. габеленаў. Сярод работ: ворсавы дыван «Скалярыі» (1967), габелены «Спадчына» (1979) і «Айчына», габелен-заслона для тэатра муз. камедыі Беларусі (абодва 1980, усе з А.​М.​Кішчанкам); «Ружы» (1987), «Світанне» (1988), «Летні дзень» (1989), трыптых «Абпаленая Белая Русь» (1993) і інш.

А.Бельцюкова. Габелен «Світанне». 1988.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕТЫ́ТЫ (Bennettitopsida),

парадак выкапнёвых дрэвападобных голанасенных раслін. 2 сям., каля 20 родаў. З’явіліся ў каменнавугальным перыядзе; найб. росквіту дасягнулі ў юры — 1-й пал. мелу. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі (лісце, сцяблы, шышкі, пылок) зрэдку трапляюцца ў юрскіх адкладах. Вызначальныя выкапнёвыя для юрскіх і мелавых адкладаў.

Вонкавым выглядам нагадвалі сучасных сагаўнікавых тропікаў і субтропікаў. Мелі просты або разгалінаваны, некаторыя — бочачкападобны ствол, укрыты рубцамі ад апалага лісця. Лісце перыстае, радзей простае. Кветкі ў пазухах лісця, у большасці Б. двухполыя, нагадвалі кветку пакрытанасенных. Насенне з 2 семядолямі. Некаторыя вучоныя лічаць Б. магчымымі продкамі пакрытанасенных.

Бенетыты. 1 — вільямсонія; 2 — бенетыт.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́ЦЫЙ (ад лац. beneficium дабрадзейнасць),

1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.

3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯДЗІ́КТАЎ (Георгій Міхайлавіч) (8.11.1916, г. Саратаў, Расія — 18.11.1992),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1943). З 1954 працаваў у ін-тах Белдзяржпраект, Белдзіпрагандаль, з 1982 выкладаў у Бел. політэхн. акадэміі. Гал. кірунак творчасці — архітэктура грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Асн. работы: будынкі Белдзяржфілармоніі (1963), Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), Дома прафесіянальных саюзаў (1982, усе ў сааўт.), Палаца культуры трактарнага з-да ў Мінску. Па яго праектах пабудаваны гасцініцы «Юбілейная» і «Планета» ў Мінску, «Магілёў» у Магілёве, «Інтурыст» у Брэсце і інш.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НКА, зяблік (Fringilla coelebs),

птушка сям. ўюрковых, атр. вераб’інападобных. Пашырана ў лясной і лесастэпавай зонах Еўропы, у Паўн.-Зах. Афрыцы, Зах. Азіі. На Беларусі (нар. назва махнянка) — адна з самых шматлікіх птушак; жыве ў лясах, гаях, парках, скверах, садах.

Даўж. 10—17 см, маса 20—25 г. Апярэнне спіны ў самцоў шэра-бурае, грудзей, горла, шчок і верхняй ч. брушка — карычнева-чырвонае, крылаў і хваста — цёмна-бурае з зеленаватым адценнем і белымі палосамі, галавы і патыліцы — шаравата-блакітнае. Самка зеленавата-шэрая. Гняздо на дрэвах. Корміцца насякомымі і насеннем. Знішчае шкодных насякомых.

Самец берасцянкі.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПАРТЫ́ЙНЫ БЛОК СУПРАЦО́ЎНІЦТВА З УРА́ДАМ (ББ),

палітычная групоўка ў Польшчы ў 1928—35. Утвораны напярэдадні выбараў у польскі сейм і аб’ядноўваў прыхільнікаў дыктатуры Ю.Пілсудскага. Гал. арганізатар і старшыня В.​Славек. Праграма ББ абвяшчала ўзмацненне выканаўчай улады, давала прэзідэнту права самастойна вырашаць пытанні, незалежна ад заканадаўчых палат. Адыграў пэўную ролю ў працэсе ўсталявання ў краіне дыктатуры. На выбарах 1928 ББ атрымаў 27,6%, у 1930 дзякуючы націску адміністрацыі і фальсіфікацыі вынікаў галасавання — 55,6% месцаў у сейме. У Зах. Беларусі ў 1930 за ББ галасавала 30,2% выбаршчыкаў. Самараспусціўся пасля смерці Пілсудскага (1935).

У.​А.​Палуян.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-МЕДЫЦЫ́НСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1940 у Мінску. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 835 тыс. экз. Мае каштоўныя выданні па медыцыне 18—19 ст. Вядзе н.-д. работу ў галіне мед. бібліяграфіі. На базе б-кі створаны цэнтр мед. інфармацыі, які мае сувязь з галіновымі цэнтрамі замежных краін. Арганізацыйна-метадычны цэнтр для 210 мед. б-к Беларусі. Мае 4 філіялы, міжбібліятэчны і завочны абанементы, дэпазітарый галіновай л-ры. Выдае інфарм. бюлетэні, мед. слоўнікі, зводныя каталогі.

Я.​Ф.​Гарэлава.

Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская Будынак бібліятэкі. Зала замежнай літаратуры.

т. 3, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГ-БЭ́НД (англ. big band),

тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.​Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.​Дорсі, А.​Шоу, Ч.​Уэба, К.​Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.​Гараняна, А.​Крола (Расія), К.​Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)