біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс.га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАНАГРАВА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для награвання вады парай, гарачай вадою, газамі, эл. токам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гарачага водазабеспячэння, вадзянога ацяплення, нагрэву сілкавальнай вады для катлоў, быт. патрэб і інш. Памеры і канструкцыя залежаць ад прызначэння.
Пашыраны воданагравальнік паверхневага тыпу (напр., бойлеры), у якіх цяпло перадаецца праз паверхню нагрэтых трубчастых ці інш. элементаў, і кантактныя (змешвальныя), у якіх цепланосьбіт прапускаецца непасрэдна праз ваду ці змешваецца з ёю. Да мясцовых воданагравальнікаў адносяць ванныя калонкі, змеевікі або вадагрэйныя каробкі, кіпяцільнікі і інш. (гл.таксамаГазавыя прылады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭЙК ((Wijk) Нікалас ван) (4.10.1880, г. Дэлдэн, Нідэрланды — 25.3.1941),
галандскі славіст і балтыст. Праф. Лейдэнскага ун-та (з 1913). Даследаваў стараслав. і жывыя слав., а таксама балтыйскія мовы; іх фаналагічныя і акцэнтныя сістэмы, слав. фальклор, рус. і польск. л-ры. Пачаўшы з індаеўрапеістычных і германістычных даследаванняў, перайшоў да вывучэння праслав. мовы і сфармуляваў палажэнні аб тэндэнцыях да гармоніі і ўзыходзячай гучнасці склада як асноўных фактарах развіцця праслав. гукавой сістэмы.
Тв.:
Рус.пер. — История старославянского языка. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАШВІ́ЛІ (Георгій) (Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),
грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.Чаўчавадзе, Н.Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНАЯ ЛЯ́МПА,
лямпа напальвання, балон якой запоўнены інертным газам (крыптонам або сумессю азоту з аргонам). У галагенных газанапоўненых лямпах да інертных газаў дадаюць галагены або іх злучэнні. Мае павялічаныя (у параўнанні з вакуумнымі) т-ру ніці напальвання, светлавую аддачу (галагенныя — да 30 лм/Вт) і тэрмін работы, а таксама запаволенае выпарэнне вальфраму. Газанапоўненыя лямпы вырабляюць магутнасцю ад 40 Вт і вышэй (галагенныя — да дзесяткаў кілават). Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. адкрытых прастораў, кіна- і тэлестудый, у капіравальных і праекцыйных апаратах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРА́МА (ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),
зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.
Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за кошт дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл.таксамаГалаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
прафесійныя навуч. ўстановы, якія рыхтуюць прадаўцоў, кандытараў, афіцыянтаў і інш. работнікаў для сістэмы дзярж.гандлю, грамадскага харчавання і спажывецкай кааперацыі. Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 1—3 гады. У 1996/97 навуч.г. на Беларусі падрыхтоўку спецыялістаў гэтага профілю ажыццяўлялі: Баранавіцкі, Гомельскі, Гродзенскі, Маладзечанскі, Мінскі, Полацкі вучэбна-вытв. комплексы (ПТВ-тэхнікумы) Магілёўскае і Нарачанскае каап.прафес.-тэхн. вучылішчы, гандл. вучылішчы ў Бабруйску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Мінску, а таксамаМінскае вышэйшае прафесійнае вучылішча гандлю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,
навука, якая вывучае размяшчэнне асобных відаў і спалучэнняў прыродных рэсурсаў, праблемы іх ацэнкі, комплекснага выкарыстання і ўзнаўлення. Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне геаграфіі відаў прыродных рэсурсаў, забяспечанасці імі галін прам-сці і іх ролі ў дыферэнцыяцыі гаспадаркі, выяўленне і аналіз тэр. спалучэнняў рэсурсаў, вызначэнне шляхоў комплекснага іх выкарыстання з улікам экалагічных наступстваў, прагнозы стану рэсурснай базы нар. гаспадаркі. Вызначае таксамагеаграфічны (тэрытарыяльны) падзел працы і гасп. спецыялізацыю. Выкарыстоўвае матэм., геафіз., аэракасм., картаграфічны, параўнальна-апісальны і экспедыцыйны метады даследавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],
шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.