ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед.ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук.Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПРЭ́ ((Dupré) Луі) (каля 1697 — кастр. 1774),
французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.Ф.Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.К.Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.Вестрыс, М.Гардэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОЙ,
1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.
Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.
2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПІ́СКАП (грэч. epickopos літар. наглядальнік),
1) вышэйшы духоўны сан у праваслаўнай, каталіцкай, англіканскай і стараж.-ўсх. цэрквах. Кіраўнік царк.-адм.тэр. адзінкі — епархіі ці яго памочнік (вікарый у праваслаўі, суфраган у каталіцызме). Е. — кіраўнікі вялікіх епархій ці акругоў акруг* з некалькіх епархій могуць мець ганаровыя тытулы: архіепіскап, мітрапаліт, экзарх, патрыярх і інш. Паводле царк. дагматыкі Е. — носьбіт таінства свяшчэнства, толькі ён можа выконваць хіратонію (пасвячэнне) дыяканаў і святароў. Палажэнне аб Е. вызначаецца ў кожнай царкве адпаведнымі канонамі. Е. мае спец. знакі епіскапскай годнасці і асаблівае адзенне. У яго тытул звычайна ўваходзіць назва горада, дзе знаходзіцца кафедра. Пасвячаюць у Е. пажыццёва, пазбаўляюць сану ў выключных выпадках. У шэрагу пратэстанцкіх аб’яднанняў, напр. лютэранстве, пяцідзесятнікаў і інш., некаторыя вышэйшыя асобы таксама наз. Е., але ў іх гэта пасада не мае сакральнага сэнсу.
2) У Стараж. Грэцыі паліт. агент, якога Афіны пасылалі ў саюзныя дзяржавы для нагляду за выкананнем імі саюзных дагавораў.
бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т. л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел.нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча), да 1935 ягомаст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел.муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац.муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел.нар. аркестра (аўтар апрацовак бел.нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНО́СІНЫ,
працэс наладжвання і развіцця кантактаў паміж людзьмі, выкліканы патрэбамі сумеснай дзейнасці. Уключае абмен інфармацыяй, выпрацоўку адзінай стратэгіі ўзаемадзеяння, успрыманне і разуменне другога чалавека. У працэсе З. чалавек самавызначаецца, выяўляе свае індывід. асаблівасці, яго сутнасць раскрываецца для другога чалавека. Сац. сэнс З. у далучэнні суб’екта да культ.-гіст. вопыту чалавецтва. У найб. абагульненых класіфікацыях вызнаюцца тры аспекты працэсу З.: камунікатыўны (звязаны з вызначэннем спецыфікі інфарм. працэсу паміж людзьмі з улікам іх узаемаадносін, мэт, намераў і інш.), інтэрактыўны (увасабляе агульную стратэгію ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва, суперажыванне, канкурэнцыя), перцэптыўны (уключае працэс успрымання, разумення і ацэнкі другога чалавека, зыходзячы з асаблівасцей яго паводзін). Адзінства гэтых аспектаў — важная ўмова аптымізацыі адносін паміж людзьмі, іх сумеснай дзейнасці. Развіццё здольнасцей і навыкаў З., фарміраванне іх культуры — адна з важных задач выхавання.
Літ.:
Коломинский Я.Л. Психология общения. М., 1974;
Добрович А.Б. Общение: наука и искусство. М., 1978;
Бодалев А.А. Восприятие и понимание человека человеком. М., 1982;
Лисина М.И. Проблемы онтогенеза общения. М., 1986.
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.Я.Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (?—1001),
полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г.Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл.Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.