БУРА́К (Леанід Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-рфілал.н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРАМЕ́ЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 20.3.1953, в. Расна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1974), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1987) і Вышэйшыя літ. Курсы (1991) у Маскве. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, Слонімшчыне. У друку выступае як празаік і драматург. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрушэнне» (1989), «Задарожжа» (1993), п’ес «Ізноў Несцерка» (паст. 1987), «Страсці па Аўдзею» (паст. 1989). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, паст. 1987).
Тв.:
Вялікія і славутыя старажытнага свету: Энцыкл. для дзяцей. Мн., 1995;
Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995;
Великие и знаменитые: Средние века и эпоха Возрождения. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ЎСКІ (Ціт) (1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),
бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.Славацкага (1831), К.Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.Міцкевіча ў Варшаве) і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),
рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст.навук. дысцыпліну.
Тв.:
Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЦЕ́ХЦІН (Анатоль Георгіевіч) (8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),
савецкі геолаг, мінералог. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АНСССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АНСССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.
Літ.:
Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАП’Я́НАЎ (Павел Аляксандравіч) (н. 10.2.1940, в. Паланая Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1983), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1967). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1982 у Бел.тэхнал. ун-це. Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства, эвалюц. біялогіі і сац. экалогіі. Распрацаваў тэарэтыка-метадычныя асновы канцэпцыі ўстойлівасці біясферы і заканамернасцей яе эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.