МА́ЙСКАЕ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Да 1924 наз. Шапілава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад г. Жлобін, 91 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Хальч. 561 ж., 227 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СІ́ТЫ,

сарбенты, што выбіральна паглынаюць з навакольнага асяроддзя рэчывы, малекулы якіх не перавышаюць вызначаных памераў. Адрозніваюць М.с. мінер. (неарган.) і арганічныя. Неарганічныя — жорсткія крышт. структуры з поласцямі, якія злучаны паміж сабой вузкімі каналамі («порамі»). Арганічныя — гелепадобныя сарбенты, атрыманыя на аснове высокамалекулярных злучэнняў; уяўляюць сабой прасторавую сетку з ланцуговых макрамалекул, «сшытых» хім. сувязямі. Выкарыстоўваюць для ачысткі рэчываў ад прымесяў, храматаграфічнага раздзялення бялкоў, вугляводаў, гармонаў, антыбіётыкаў і інш.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НА ((Molina) Марыо Хасэ) (н. 19.3.1943, Мехіка),

амерыканскі фізікахімік. Скончыў Мекс. нац. ун-т і ун-т у г. Фрайбург (Германія, 1968). У 1968—79 у Каліфарнійскім ун-це. З 1989 праф. Масачусецкага тэхнал. ун-та. Навук. працы па хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з Ш.Роўландам, 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.Крутцэнам, Роўландам).

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНАЯ КУ́ХНЯ,

установа, якая забяспечвае дзяцей груднога ўзросту спец. прыгатаванымі харч. прадуктамі: малочнымі сумесямі, стравамі для прыкорму і інш.; падраздзяленне дзіцячых паліклінік і бальніц. Паслугамі М.к. карыстаюцца пры адсутнасці ці недахопе мацярынскага малака, пры хваробах, якія патрабуюць спец. дыеты. Прадукты дзіцячага харчавання гатуюцца і выдаюцца па рэцэпце ўрача-педыятра. М.к. аснашчана абсталяваннем, што забяспечвае ўсе гігіенічныя ўмовы прыгатавання, разліву, захавання і водпуску ежы.

М.​В.​Шчавелева.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́РНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, роўная адносінам масы рэчыва да колькасці рэчыва. Абазначаецца M. Вызначаецца формулай M = ​m/n, дзе m — маса, n — колькасць рэчыва. У СІ вымяраецца ў кілаграмах на моль (кг/моль) і колькасна роўная адноснай малекулярнай масе, памножанай на 10​−3. Для рэчываў, што складаюцца з атамаў, іонаў ці радыкалаў, вызначаецца формульная М.м. — маса 1 моль часціц, якія адпавядаюць прынятай формуле рэчыва.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВА (Morava),

рака на У Югаславіі (Сербія), правы прыток р. Дунай. Даўж. 563 км (ад вытоку Паўд. М.), пл. басейна 38 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Паўд. і Зах. М. Верхняе цячэнне рэк, якія складаюць М. ва Усх.-Сербскіх гарах, ніжэй сутокаў — па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прыток — р. Ібар (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады ў вусці 260 м³/с. ГЭС. Сплаўная. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача, каля аўтадарогі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на З ад горада і 8 км ад чыг. ст. Крупкі, 103 км ад Мінска. 538 ж., 201 двор (2000). Турбаза «Нача». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Нача. Цэнтр сельсавета і племзавода «Нача». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, 232 км ад Брэста. 698 ж., 280 двароў (2000). Цэх па вытв-сці воцату. Сярэдняя школа, філіял Ляхавіцкай муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (1810—15).

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КТА, Нікс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ночы, якая супрацьстаіць багіні дзённага святла Гемеры. Лічылася дачкой Хаоса, сястрой Эрэба (Змроку), Эфіра (верхняга паветра) і Гемеры. З’яўляецца адной з пярвічных сусветастваральных патэнцый. Нарадзіла Танатаса (Смерць), Гіпноса (Сон), Гесперыд, Эрыду (багіню разладу), мойраў, Немесіду і Мома (бога зласлоўя). Жыллё Н. знаходзіцца ў бездані тартара; там сустракаюцца Н. (Ноч) і Гемера (Дзень), якія змяняюць адна адну і па чарзе абыходзяць зямлю.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ВАЙХА́НЫ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Усыса. Цэнтр Вайханскага с/с і саўгаса. За 14 км на З ад горада і 17 км ад чыг. ст. Гарадок, 53 км ад Віцебска. 244 ж., 97 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)