РАГВАЛО́ДАВІЧЫ,

княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 10—13 ст. валодалі Полацкаю зямлёю. Паходзяць ад полацкага князя Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры захопе Полацка Уладзімірам Святаславічам. Нашчадкі Рагвалода ад яго дачкі Рагнеды Рагвалодаўны ў летапісах названы «Рагваложымі ўнукамі», у навук. л-ры ад імя сына Рагнеды Ізяслава іх называюць Ізяславічамі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ МАЯ́К,

наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНА́Я СЕ́ТКА,

сукупнасць усіх рэк, што знаходзяцца ў межах якой-н. тэрыторыі; частка гідраграфічнай сеткі. Характар і структура Р.с. вызначаюцца складаным узаемадзеяннем фіз.-геагр. умоў, ад якіх залежыць велічыня і інтэнсіўнасць паступлення вады, супраціўленне глеб і грунтоў размыву. Ступень развіцця Р.с. характарызуецца каэфіцыентам яе гушчыні (суадносіны сумы даўжынь усіх рэк басейна да яго плошчы).

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),

спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,

разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАНАЗІРА́ННЕ,

назіранне, аб’ектам якога з’яўляюцца псіхічны стан і дзеянні самога суб’екта. Узнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі, засваення сац. вопыту і сродкаў яго асэнсавання. Адыгрывае значную ролю ў фарміраванні самасвядомасці і самакантролю асобы. Ужывалася ў эмпірычнай псіхалогіі 18—19 ст. У сучаснай псіхалогіі С. ўлічваецца як факт, які патрабуе навук. тлумачэння.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЮ́Р ((Saussure) Арас Бенядзікт) (17.2.1740, г. Жэнева, Швейцарыя — 22.1.1799),

швейцарскі прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў апісальнай геалогіі. У 1762—86 праф. натурфіласофіі ў Жэневе. Першым даследаваў геал. будову Альпаў, ахарактарызаваў пашыраныя там горныя пароды і ўмовы іх залягання. Навук. працы па батаніцы, метэаралогіі, руху ледавікоў і інш. Яго імем названы тонказярністы агрэгат мінералаў — сасюрыт.

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТАНІ́-ДАР, Сатанідар,

раннепалеалітычная стаянка на паўд.-зах. схіле гары Арагац у Арменіі. Даследавана ў 1945—49. Выяўлена шмат прылад з абсідыяну і базальту — адшчэпаў, рубіл, грубых сякучых прылад, а таксама нуклеусаў грубадыскападобнай і кубападобнай формы. Вылучаюць 2 яго комплексы: найб. старажытны датуюць познашэльскім часам (гл. Шэль), больш позні — познаашэльскім (гл. Ашэль).

т. 14, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦІ́ЦКІ (Сігізмунд Карлавіч) (20.10.1836, в. Красцінава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.5.1910),

бел. ўрач, адзін з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі. Д-р медыцыны (1864). Скончыў медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). З 1870 урач у Мінску; арганізаваў бясплатную амбулаторыю для бедных (1879). Навук. працы па пытаннях хірургіі. Чл. Мінскага т-ва ўрачоў (з 1870 яго прэзідэнт).

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)