ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),
унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),
1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы састараж. часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.
2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́КІН (Антон Іванавіч) (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),
расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова састудз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаванне ген. П.М.Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.
Тв.:
Путь русского офицера. М., 1990;
Очерки русской смуты. М., 1991.
Літ.:
Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];
Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД (ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),
маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛІКАЎ (Піліп Іванавіч) (16.7.1900, в. Барысава Курганскай вобл., Расія — 29.7.1980),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну (1939). Чл.Ваен. савета БВА (1938). З ліп. 1940 нам.нач. Генштаба, кіраўнік сав.ваен. місіі ў Англіі і ЗША. У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на фронце: каманд. 10-й і 4-й арміямі, войскамі Бранскага і Варонежскага франтоў. Сажн. 1942 каманд. 1-й гв. арміяй і нам.каманд. войскамі Паўд.-Усх. і Паўн.-Зах. франтоў, з кастр. 1942 каманд. войскамі Варонежскага фронту. У 1943—50 нач.Гал. ўпраўлення кадраў. З 1958 нач.Гал. палітупраўлення Сав. Арміі і ВМФ, з 1962 ген. інспектар Мін-ва абароны СССР. Аўтар успамінаў «Чырвоныя арлы» (1959), «У Маскоўскай бітве» (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛОБ,
тып бел.нар. лялечнага т-рабатлейка. Найб. быў пашыраны на Віцебшчыне ў 17—19 ст. Спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым т-рам ценяў. Паказы адбываліся на Каляды, звязаны з рэліг. святам нараджэння Хрыста. На Віцебшчыне словам «Ж.» наз. яслі для кармлення жывёлы; паводле падання, Хрыстос у час пакланення вешчуноў ляжаў у яслях.
Знешне Ж. нагадваў макет 2-яруснай 3-купальнай царквы. Ніжні ярус меў 3 нішы-аддзяленні. У сярэдняй, са шклянымі дзверцамі. у час паказу запальвалі свечку і статычная лялечная мізансцэна адлюстроўвалася на задняй люстраной сценцы. Аддзяленні, дзе адбывалася дзеянне (верхні ярус і бакавыя нішы ніжняга), заклейваліся прамасленай паперай — экранамі, за якімі ставілі вяртушкі (рухала іх цяпло ад запаленай свечкі або батлейшчык) з сілуэтамі. Паказы нараджэння Хрыста і пакланення яму вешчуноў суправаджаліся спяваннем псальмаў і кантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.