КУІ́НДЖЫ Архіп Іванавіч (студзень 1841, г. Марыупаль, Украіна — 24.7.1910),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Жывапісу вучыўся самастойна і ў Пецярбургскай АМ (1868). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак 1875—79 (гл.Перасоўнікі). Ініцыятар стварэння Т-ва мастакоў (1909, пазней Т-ва імя Куінджы). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (праф. з 1892, з 1894 праф.-кіраўнік пейзажнай майстэрні, сярод вучняў А.Рылоў, М.Рэрых і інш.), адкуль у 1897 звольнены за падтрымку студэнцкіх патрабаванняў. У ранні перыяд зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. Усярэдзіне 1870-х г. стварыў шэраг карцін, у якіх пейзажны матыў разлічаны на канкрэтныя сац. асацыяцыі, што адпавядала канцэпцыі перасоўнікаў («Забытая вёска», «Чумацкі тракт»). У творах сталага перыяду імкнуўся да перадачы найб. выразных па асвятленні станаў прыроды. З дапамогай кампазіцыйных прыёмаў, якія дазвалялі стварыць панарамныя віды (высокі гарызонт і інш.), светлавых эфектаў і інтэнсіўных колераў, зведзеных да некалькіх гал. тонаў, дамагаўся амаль поўнай ілюзіі натуральнага асвятлення: «Украінская ноч» (1876), «Бярозавы гай», «Пасля навальніцы» (абедзве 1879), «Ноч на Дняпры» (1880), «Дняпро раніцай» (1881) і інш. Работам позняга перыяду ўласцівы дэкаратыўнасць і знешняя эфектнасць колеравага ладу («Бярозавы гай», 1901, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й З МЯЧО́Мна лёдзе, бендзі,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.
Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн.Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.
На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. Уміжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАМЕ́ЦЕВЫ,
баярскі, з 1706 графскі род у Расіі 15 — пач. 20 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя ваен. і дзярж. пасады, былі вядомымі мецэнатамі і дабрачынцамі. З малодшай лініі роду маскоўскага баярына 14 ст. Андрэя Кабылы (выхадзец з ВКЛ, продак Раманавых і інш. баярскіх фамілій). Заснавальнік роду Андрэй Канстанцінавіч Шарамет, пяцёра ўнукаў якога ў сярэдзіне 16 ст. атрымалі баярства. Найбуйнейшыя землеўладальнікі (у 1861 мелі 800 тыс. дзесяцін зямлі, 300 тыс. прыгонных сялян). З іх найб. вядомы: Іван Васілевіч Вялікі (?—1577), баярын (з 1550), ваявода, чл.Выбранай рады, у гады апрычніны ўплывовы чл. Земскай баярскай думы. Фёдар Іванавіч Ш. (?—1650), баярын, ваявода, фактычны кіраўнік рас. ўрада ў 1642—45. Васіль Пятровіч Ш. (?—?), баярын, ваявода, увайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў рас. арміяй на тэр. Беларусі, якая ў 1654 заняла Полацк, Віцебск, Дзісну, Друю. Барыс Пятровіч Ш. (1652—1719), гл.Шарамецеў Б.П. Пётр Барысавіч Ш.(1713—88), сын Барыса Пятровіча, граф, ген.-аншэф (1760), обер-камергер (1761). Уладальнік сядзіб Кускова і Астанкіна. Стварыў балетную і жывапісную школы, прыгонны тэатр, сабраў найкаштоўнейшыя калекцыі прадметаў мастацтва.
Мікалай Пятровіч Ш. (1751—1809), сын Пятра Барысавіча, граф, обер-камергер (1798). Пасля смерці жонкі, б. прыгоннай П.І.Жамчуговайзасн.у Маскве багадзельню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛАжывапісу,
самабытная галіна ісп.маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях уКаталоніі. Вытокі К.ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). Усярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К.ш. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,
помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).
Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, усярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш.У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,
устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціцу канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.
П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл.Плазменная тэхналогія).
На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн.ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. Упач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн.ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКІ КРЭМЛЬ,
помнік абарончага дойлідства 16—17 ст.уг. Смаленск (Расія). Размешчаны ў старой ч. горада на Саборнай гары. Меў стратэг. значэнне на зах. рубяжах Расіі. Крапасныя сцены С.к. (1596—1602, дойлід Ф.Конь) — адно з найбуйнейшых рас.ваен.-абарончых збудаванняў (даўж. каля 6,5 км, выш. каля 10—12 м, таўшч. да 6 м), завершаны каменнымі баявымі і глухімі зубцамі, мелі 38 прамавугольных, шматгранных і круглых вежаў (захаваліся часткова). Крэпасць была абсталявана байніцамі для шмат’яруснай сістэмы агню; у спалучэнні з рэльефам мясцовасці з’яўлялася магутным заслонам для непрыяцеля. У яе афармленні выкарыстаны разнастайныя прыёмы, якія ствараюць непаўторны арх. ансамбль. Звонку сцены былі пабелены, на асобных участках пафарбаваны пад цэглу, з тыльнага боку — вял. арачныя нішы. Усярэдзінепаўн. і паўд. сцен Дняпроўская (Фролаўская) і Молахаўская гал. брамы. На тэр. крамля ўзведзены барочны 5-купальны Успенскі сабор (1677—79, арх. А.Каралькоў, перабудаваны ў 1732—40 арх. А.Шэдэлем; драўляны іканастас 1730—40, маст. С.Трусіцкі і інш.) са званіцай (1767—72), белакаменнай саборнай лесвіцай (1766—67, перабудавана ў 1784 арх. М.Сляпнёвым) і агароджай (1767), надбрамны Богаяўленскі сабор (1784, арх. Сляпнёў), будынак кансісторыі (1790, класіцызм). Абарончыя збудаванні С.к. ў стане рэстаўрацыі. Іл.гл. таксама да арт.Смаленск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),
удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. Усярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час.«Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;
Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.