КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.​К.​Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.

В.​І.​Мялешка.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),

бел. паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл. Бел. нац. к-та (у крас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг. навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел. навук. т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.

В.​У.​Скалабан.

Я.С.Канчар.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ТРА,

рака ў Літве і Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Нёман.

Даўж. 140 км. Пл. вадазбору 2060 км². Пачынаецца на тэр. Літвы (Варэнскі р-н), каля 20 км цячэ па мяжы Беларусі і Літвы. Асн. прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідзелька (злева), Пыранка (справа). Даліна да воз. Корава выразная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, да вусця р. Рыча нізкая, роўная, забалочаная, ніжэй — звілістая, сухая. Рэчышча моцназвілістае, ніжэй в. Агароднікі Шчучынскага р-на на працягу 3 км камяністы перакат. Шыр. рэчышча ў межань 10—20 м. Берагі да р. Скарбянка спадзістыя, слабазабалочаныя, ніжэй — стромкія, выш. 1—5 м, у ніжнім цячэнні да 15 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сак. — пач. красавіка. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 12,8 м³/с. На левабярэжжы — Катранская пушча. Зоны адпачынку Котра (уздоўж ракі) і Скідзель (на левабярэжжы). Ад вусця ўверх па цячэнні (35 км) рыбапрамысл. ўчастак. У пойме меліярац. каналы.

Рака Котра ў вёсцы Галавачы Гродзенскага раёна.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЗЕНШТЭ́РН (Іван Фёдаравіч) (19.11.1770, Хагудзі, Эстонія — 24.8.1846),

расійскі мараплавец. Адмірал (1842). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1788). Кіраўнік першай рус. кругасветнай экспедыцыі 1803—06 на караблях «Надзея» (камандзір К.) і «Нява» (камандзір Ю.Ф.Лісянскі), у якой удзельнічалі таксама О.Я.Кацэбу і Ф.Ф.Белінсгаўзен. 7.8.1803 караблі выйшлі з Кранштата, у сак. 1804 абагнулі мыс Горн і ўвайшлі ў Ціхі ак. Пасля наведвання Гавайскіх а-воў «Нява» накіравалася ў Сітку (Новаархангельск), а «Надзея» — на Камчатку, потым у Японію. У жн. 1806 экспедыцыя вярнулася ў Кранштат праз Індыйскі і Атлантычны акіяны. У час плавання К. праводзіў акіянаграфічныя, метэаралагічныя і глыбакаводныя даследаванні акіянаў. Апісаў частку Курыльскіх а-воў, узбярэжжы Сахаліна, Камчаткі, некаторых астравоў Японіі. Вынікі акіяналагічных і этнагр. даследаванняў надрукаваны ў трохтомнай працы (1809—12) з атласам (больш за 100 карт і замалёвак). У 1923—26 выдаў «Атлас Паўднёвага мора» ў 2 тамах з тлумачальным тэкстам. Яго імем названы пралівы, астравы, мысы, горы ў Ціхім акіяне.

Тв.:

Путешествие вокруг света в 1803, 1804, 1805 и 1806 гг. на кораблях «Надежде» и «Неве». М., 1950.

Літ.:

Пасецкий В.М. Очарованный надеждой. Л., 1970.

І.Ф.Крузенштэрн.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-за антырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял. Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАФЕ́ЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.5.1933, г. Гомель),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967), завочную ВПШ пры ЦК КПСС (1974). З 1949 працаваў слесарам на Мінскім, Гомельскім вагонарамонтных з-дах. З 1962 на парт. рабоце ў Гомелі. З 1970 інструктар аддзела хім. і лёгкай прам-сці ЦК КПБ, 1-ы сакратар Мазырскага гаркома, сакратар Гомельскага абкома КПБ. З 1978 старшыня Гомельскага аблвыканкома, 1-ы сакратар Гомельскага, Мінскага абкомаў КПБ. У 1990—93 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1992—96 нам. нач. Гал. ўпраўлення па дзярж. матэрыяльных рэзервах. З сак. 1996 нам. старшыні пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па эканам. палітыцы і рэформах, з лістапада Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Чл. ЦК у 1981—91, Бюро ЦК КПБ у 1986—91. Чл. ЦК у 1981—91 і Палітбюро ЦК КПСС у 1990—91. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1975—85, 1995—96. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1984—91. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1980—95, СССР у 1990—91.

А.А.Малафееў.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НШТЭЙН, Манштайн (Manstein) Эрых фон Левінскі (Lewinski; 24.11.1887, Берлін — 10.6.1973),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1942). Скончыў ваен. акадэмію (1914). У арміі з 1906, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1935—38 нач. Аператыўнага ўпраўлення і 1-ы обер-кватармайстар Генштаба сухап. войск. У 2-ю сусв. вайну нач. штаба групы армій «Поўдзень» у Польскую кампанію 1939, потым групы армій «А»; у Французскую кампанію 1940 камандзір 38-га корпуса; камандзір 56-га танк. корпуса (1941) і кіраўнік баявых дзеянняў (жн. — ліст. 1942) у раёне Ленінграда, каманд. 11-й арміяй у Крыме (вер. 1941 — ліп. 1942), групамі армій «Дон» у раёне Сталінграда (з ліст. 1942) і «Поўдзень» на Украіне (люты 1943 — сак. 1944). Адхілены ад камандавання і залічаны ў рэзерв з-за рознагалоссяў з А.​Гітлерам. У 1949 асуджаны брыт. ваен. трыбуналам на 18 гадоў зняволення, у 1952 вызвалены. Аўтар кніг успамінаў «Страчаныя перамогі» (1955) і «З салдацкага жыцця, 1887—1939» (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Утерянные победы. М., 1999.

Літ.:

Бузукашвили М.И. Крах «Зимней грозы». М., 1984.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 124—125.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)