пры́казка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Устойлівае вобразнае выслоўе павучальнага зместу, якое носіць абагульняючы характар. Нічога ў спадчыну не даў мне бацька, Апроч вядомай прыказкі людской: «Менш гавары, а болей слухай, Сёмка». Глебка. «Ліслівае цяля дзве маткі ссе». Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе. Крапіва.

2. Прыгаворка, зачын казкі. Гэта прыказка, а казка наперадзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зняць з сябе верхняе адзенне. Бацька распрануўся, зняў гімнасцёрку, пагаліў бараду. Мележ. Усе распрануліся, чаго не бывала раней на вячорках, і селі за стол для зусім небывалай работы. Брыль.

2. перан. Зняць, скінуць з сябе покрыва (лісце, траву). Кусты арэшніку нібы наўмысля .. распрануліся і стаялі голыя, загарэлыя за лета. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяшчэ́ннік, ‑а, м.

Духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, прамежкавае паміж епіскапам і дзякам. // Асоба, якая носіць гэта званне; служыцель рэлігійнага культу, які праводзіць богаслужэнне. Дзед пісьменніка быў, як вядома, уніяцкі свяшчэннік, а бацька перасяліўся ў Маскву, дзе працаваў урачом і дзе нарадзіўся Ф.М. Дастаеўскі. В. Вольскі. Прыбытак з царквы бралі сабе свяшчэннікі, а мы перабіваліся так-гэтак. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сне́данне, ‑я, н.

Ранішняя яда. Маці за снеданнем некалькі разоў спрабавала ўшчаць гаворку, але бацька маўчаў. Гурскі. Увесь гэты дзень, за выключэннем перапынку на снеданне і абед,.. быў прызначан агляду калгаснай гаспадаркі. Колас. // Ежа, прызначаная для ранішняй яды. У белыя торбачкі [касцы] ўлажылі прыгатаванае жонкамі і мацеркамі снеданне. Гартны. Базыль, знайшоўшы на стале снеданне, уплятаў яго, аж сківіцы трашчалі... Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссуту́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссутуліць.

2. у знач. прым. Згорблены, сагнуты (ад старасці, хваробы і пад.). Бацька выйшаў са двара і рушыў цераз вуліцу. Сняжынкі адразу забялілі чырвоны верх яго папахі, пагоны на плячах, шэры шынель на ссутуленай спіне. Шамякін. — Не шкада і лапцей, — разважаў Гашэнка, ідучы за высокім, ссутуленым Кавалёвым. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.

Падаць (падаваць) у перабольшаным выглядзе; сказіць (скажаць) давядзеннем чаго‑н. да крайнасці. Утрыраваць думку. □ — «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька.. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе... — Не ўтрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат. Шамякін.

[Ад фр. outrer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчыльну́ю, прысл.

1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.

2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Злёгку стукаць сваёй чаркай (шклянкай) аб чарку (шклянку) каго‑н. другога ў знак прывітання, віншавання. Вера Іванаўна ў апошні час пабыла нават крышталёвыя кілішкі — калі імі поўнымі чокаліся, яны неяк адменна звінелі. Сабаленка. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і... чокаюцца бакаламі. Памірыліся! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыта́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑тады, Т ‑такай (‑аю), ж.

Разм. іран. Той, хто не надта добра чытае. — Гэтую кнігу чытаў? — Не, не чытаў... А каб што іншае... — Вось бяры ды ідзі! Чытака знайшоўся! С. Александровіч. [Свякруха:] — Ідзі прачытай яшчэ раз, а го бацька такі чытака, што я нічога не разабрала... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),

жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.​Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ. народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.​Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, А.​Мальчэўскага, Ю.​Крашэўскага, У.​Сыракомлі, Э.​Ажэшкі, У.​Шэкспіра, Дж.​Ф.​Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.

Літ.:

История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;

Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.

М.Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)