КУ́ЧАР (Алесь) (Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),
бел. крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Багдановіча, К.Чорнага, У.Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968).
Тв.:
Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ НАМЫСЛО́ЎСКІ (Ян) (пач 1560-х г., Намыслаў, Польшча — паміж 1633—36),
мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог ВКЛ. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве. З 1585 рэктар арыянскай школы ў Іўі. З 1593 прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Зблізіўся з С.Будным і Ф.Соцынам, прапагандаваў сацыніянства сярод бел.-літ. антытрынітарыяў. У 1615 за атэіст. погляды адлучаны Навагрудскім сінодам ад сацыніянскай абшчыны. Аўтар вершаванага маральна-павучальнага твора «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» (Лоск, 1589; 225 сентэнцый і перасцярог, вытрыманых у духу Адраджэння). У 1592 выдаў на польск. мове «Анатомію і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека» (не збераглася, у 1636 перакладзена на ням. мову). Выказваў рацыяналістычныя рэліг.-філас. погляды («Зварот да братоў-евангелікаў», 1597), выступаў супраць кальвінісцкай шляхты (палемічны твор «Каталісіс», 1598). З лац. на польск. мову пераклаў трактат А.Бусбеквіса абтур. палітыцы (Вільня, 1598). Мяркуюць, што Л.Н. — аўтар «Дапаможніка для авалодання вучэннем Арыстоцеля» (Лоск, 1586; на лац. мове пад псеўд. Gracianus Prosper). На бел. мову яго перакладаў Я.Парэцкі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),
расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад.АПН Расіі (1947) і АПНСССР (1968). Член Нац.АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1937).
У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: абсац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.
Тв.:
Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Основы нейропсихологии. М., 1973;
Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;
Язык и сознание. М., 1979;
Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ЦКІ (Яўген Аляксандравіч) (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),
даследчык бел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на Пн Расіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.Пушкіна, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, А.Чэхава, М.Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.Доўнар-Запольскага, М.Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш.час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян.час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.Коласа.
Тв.:
Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;
Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;
Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,
суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст.Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.Пуанкарэ, В.Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона IIIаўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.