чуфы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Утвараць характэрны гук «чуф» (пра цецерукоў і пад.). [Бацька] прыманьваў цецерукоў да сябе, чуфыкаючы гэтак жа сама, як і яны. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шабе́та, ‑ы, ДМ ‑беце, ж.

Абл. Сумка, якая носіцца на поясе. З палка, прыбітага пад столлю, Цімох дастае раменную шабету, туга напакаваную ўсялякімі паперамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шабулды́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. З шумам, хутка ўпасці, уваліцца ў ваду, балота і пад. Сомік шабулдыхнуўся ў калатушку і ўехаў аж па пояс. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаране́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Замярзаць, пакрывацца тонкай ледзяной скарынкай. Шаранеюць дрэвы на высокіх пясчаных берагах. Лужанін. Снег скрыпіць пад нагамі. Вушанка мая шаранее. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкіў, шківа, м.

Спец. Кола, якое перадае рух прывадному рэменю ці канату. [Лаўрэн:] — А на шківах цыркуляркі пасы ўжо надзеты, каб лес хутчэй пад пілы пусціць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штабелява́ць, ‑бялюю, ‑бялюеш, ‑бялюе; зак. і незак., што.

Скласці (складваць) у штабялі (дошкі, бярвенне, лес, будаўнічыя матэрыялы і пад.). Штабелявалі хлопцы шпалы — Сасны смалістыя брусы. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́бер 1, ‑а, м.

Спец. Засаўка, засланка ў дымаходах заводскіх пячэй, нацельных установак, у газаправодах і пад.

[Ням. Schieber.]

шы́бер 2, ‑а, м.

У капіталістычных краінах — буйны гандляр.

[Ням. Schieber.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эды́л, ‑а, м.

1. У старажытным Рыме — службовая асоба, якая ажыццяўляла нагляд за будаўніцтвам і ўтрыманнем храмаў, дарог, рынкаў і пад.

2. перан. Важная службовая асоба.

[Лац. aedilis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

этыкета́ж, ‑у, м.

Спец. Выраб этыкетак для экспанатаў (у музеі, на выстаўцы і пад.). Супрацоўнікі Слонімскага раённага краязнаўчага музея падрыхтавала тэматычна-экспазіцыйны план, этыкетаж, падтэкстоўкі. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДА́МЕЛЬ Ян

(1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),

бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў I.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Я.Дамель. Аўтапартрэт.
Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)