раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл.Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім, рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),
прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т.л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.
Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.
Літ.:
Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;
Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.
Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЕ́ЎСКАЯ (Любоў Іванаўна) (25.1. 1903, в. Каўшова Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.7.1964),
бел. рэжысёр, актрыса. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—30 і 1936—51 актрыса і рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, у 1952—55 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.т-ра імя Я.Купалы. У 1930—36 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», у 1953—59 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Арганізатар і ў 1955—61 і 1963—64 гал. рэжысёр Бел.т-ра юнага гледача. Характарная актрыса, стварыла каларытныя псіхал. адметныя сцэн. партрэты: Караліна («Вайна вайне» Я.Коласа), Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена). Як рэжысёр дамагалася гарманічнага суладдзя аўтарскай задумы і яе сцэнічнага ўвасаблення. Паставіла: у т-ры імя Я.Коласа «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946, з Самбуравым), «Аксамітны сезон» М.Пагодзіна (1948), «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (1950); у т-ры імя Я.Купалы «Макар Дубрава» А.Карнейчука (1952), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1953), «Чайка» А.Чэхава (1954), «Пакуль вы маладыя» І.Мележа (1957); у т-ры юнага гледача «Мінулася кату масленіца» (1956) і «Свае людзі — паладзім» (1964) Астроўскага, «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абедзве 1958), «Рэвізор» М.Гогаля (1960, з Л.Біруковай). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ ((Machiavelli) Нікало ды Бернарда) (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць ўсё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл.Макіявелізм).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСВЕЛ ((Maxwell) Джэймс Клерк) (13.6.1831, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 5.11.1879),
англійскі фізік, стваральнік класічнай электрадынамікі, адзін з заснавальнікаў статыстычнай фізікі. Чл. Эдынбургскага (1855) і Лонданскага (1860) каралеўскіх т-ваў. Вучыўся ў Эдынбургскім (1847—50) і Кембрыджскім (1850—54) ун-тах. Праф. Абердзінскага (1856—60), Лонданскага (1860—65), Кембрыджскага (з 1871) ун-таў. Арганізатар і першы дырэктар (з 1871) Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па электрадынаміцы, малекулярнай фізіцы, оптыцы, механіцы і тэорыі пругкасці, гісторыі фізікі і інш. Устанавіў статыстычны закон размеркавання малекул ідэальнага газу па скарасцях (1859; гл.Максвела размеркаванне), развіў тэорыю пераносу ў дастасаванні да працэсаў дыфузіі, цеплаправоднасці і ўнутр. трэння, увёў паняцце часу рэлаксацыі. Выявіў статыстычны характар другога закону тэрмадынамікі (1867) і ўвёў тэрмін «статыстычная механіка» (1868). Развіваючы ідэі М.Фарадэя, стварыў тэорыю эл.-магн. поля (гл.Максвела ўраўненні), увёў паняцце току зрушэння, прадказаў існаванне эл.-магн. хваль, выказаў ідэю аб эл.-магн. прыродзе святла, што дало магчымасць выявіць сувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі. Тэарэтычна вызначыў ціск святла (1873), устанавіў сувязь паміж асн. тэрмадынамічнымі параметрамі (суадносіны М.), развіў ідэю каляровага зроку, даследаваў устойлівасць кольцаў Сатурна. Апублікаваў рукапісы Г.Кавендыша па электрычнасці (1879).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. по теории алектромагнитного поля. М., 1954;
Статьи и речи. М., 1968.
Літ.:
Кудрявцев П.С. Максвелл. М., 1976;
Максвелл и развитие физики XIX—XX вв.: [Сб. ст.]. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і вьщаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т.л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’Я́К (лац. Arsenicum),
арсенік, As, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 33, ат. м. 74,9216. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 75As. У зямной кары 1,7·10−4% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе мінералаў (гл.Мыш’яковыя руды). Як мікраэлемент ёсць у раслінных і жывёльных арганізмах (у арганізме чалавека 0,08—0,2 мг/кг). Злучэнні М. вядомыя з глыбокай старажытнасці; атрыманне метал. М. прыпісваюць Альберту Вялікаму (каля 1250). Лац. назва паходзіць ад грэч. arsin — моцны, рус. — магчыма, ад «мышь» (злучэнні М. яшчэ ў Стараж. Русі выкарыстоўвалі для знішчэння мышэй і пацукоў).
Вядома некалькі алатропных мадыфікацый М.; найб. устойлівая — метал. ці шэры М. (a = -As). Кампактны шэры М. мае выгляд серабрыстага буйнакрышт. металу, шчыльн. 5740 кг/м³, пры 615 °C узганяецца, плавіцца (tпл 817 °C) пры ціску пары 3,7 МПа. У вільготным паветры і пры награванні лёгка акісляецца. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі азотнай і сернай к-тамі, з галагенамі (утварае лятучыя трыгалагеніды AsHal3, а з фторам і пентафтарыд AsF5). Пры сплаўленні з металамі ўтварае арсеніды, са шчолачамі — арсін AsH3 і арсенаты (гл. таксама Мыш’яку злучэнні). Метал. М. атрымліваюць аднаўленнем сэсквіаксіду As2O3 вугалем, ачышчаюць сублімацыяй. Элементарны М. выкарыстоўваюць як дабаўку да сплаваў на аснове медзі, свінцу і волава, асабліва чысты — для сінтэзу і легіравання паўправадніковых матэрыялаў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 1. С. 428.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),
расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар.арт.СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж.муз.выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр.арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.По (1910), сімф. паэма «Аластар» паводле П.Б.Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т.л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.Вепрык, Ф.Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.
Літ.:
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;
Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.