ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРГАЛІ́ЕЎ (Хамід) (н. 27.10.1916, пас. Новабагацінскі Гур’еўскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1986). Вучыўся ў Казахскім ун-це (1939—41). Аўтар каля 30 паэт. зборнікаў. У кнігах вершаў і паэм «Споведзь бацькі» (1947), «Дзяўчына з нашага аула» (1950), «Твая рака» (1953), «Курмангазы» (1962), «Залатая чаша» (1981; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1982) адлюстраваў жыццё і побыт каз. народа ў розныя гіст. эпохі. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў і інш. Творы Д. перакладзены на мовы народаў свету.

Ж.​Сахіеў.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),

банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЕРСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 17 — пач. 18 ст. Размяшчаўся за 3 км на ПнЗ ад в. Жабер Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Належаў кн. Вішнявецкім. Прамавугольнае ў плане ўмацаванне абкружана з трох бакоў вадзяным ровам (шыр. да 20 м, глыбіня 5 м), з захаду — ракой. Быў умацаваны высокім земляным валам з бастыёнамі на вуглах (пл. каля 1,5 га) і дубовым частаколам. З наваколлем злучаўся брамай і мостам. Замак разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21. Збярогся фундамент брамы.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГО́РЫНЫ,

археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАПА́НЭ (Zakopane),

горад на Пд Польшчы, у Новасандэцкім ваяв., каля падножжа Татраў. 30 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Тэатр, музеі (Татранскі, Я.​Каспровіча, К.​Шыманоўскага і інш.), маст. галерэі. Цэнтр традыц. нар. промыслаў (ткацтва, выраб карункаў, разьба па дрэве). Штогадовыя міжнар. фалькл. фестывалі. З 19 ст. развіваецца горна-кліматычны курорт. Буйнейшы ў Польшчы цэнтр круглагадавога адпачынку, турызму, альпінізму і зімовага спорту, а таксама кліматычнага лячэння хвароб органаў дыхання. Паблізу Татранскі нац. парк, горныя азёры, у т. л. Морске-Вока.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля пас. Зара. Пластавы паклад звязаны з адкладамі антопальскага гарызонта неагену. Гліны светла-шэрыя алеўрытавыя каалініт-мантмарыланітавыя (верхні слой), жаўтавата-белыя пескавата-алеўрыцістыя каалінітавыя (сярэдні), стракатакаляровыя пясчаныя каалінітавыя (ніжні), высокапластычныя, тонкадысперсныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 5 млн. м³, перспектыўныя 0,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—11,2 м, ускрышы 1,8—6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць аглапарыту, цэменту (у сумесі з фосфагіпсам), на выраб цэглы і дрэнажных труб.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на З — м. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.​Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км​1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБАРО́Ў,

гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.​Ф.​Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 48 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,35 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 13,4 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй дно глеістае. Зарастае слаба. На Пд выцякае ручай у воз. Грыбна.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)