БЮ́ХНЕР ((Büchner) Георг) (17.10.1813, Годэлаў, каля г. Рыдштат, Германія — 19.2.1837),
нямецкі пісьменнік і паліт. дзеяч. Брат Л.Бюхнера. Вучыўся ў Страсбурскім і Гісенскім (1831—34) ун-тах. У 1834 стварыў тайную арг-цыю «Таварыства правоў чалавека», выпусціў брашуру-пракламацыю «Пасланне гесенскім сялянам», але быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Яго маст. творы нясуць адбітак рэв. і дэмакр. настрояў. У цэнтры драмы «Смерць Дантона» (1835) супярэчнасці франц. рэвалюцыі. Традыцыі У.Шэкспіра, К.Гоцы, ням. рамантыкаў відавочныя ў камедыі «Леонс і Лена» (нап. 1836) — сатыры на двары дробных ням. князькоў. У драме «Войцэк» (1836, не скончана, выд. 1879; опера А.Берга «Воцэк», 1925), адлюстраваў духоўнае і фізічнае разбурэнне асобы. Навела «Ленц» (выд. 1839, не скончана) пра ўдзельнікаў руху «Бура і націск» Я.Ленца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЕНА́РГ ((Vauvenargues) Люк дэ Клап’е) (6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),
французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».
Тв.:
Oeuvres. Paris, 1981;
Рус.пер. — Введение в познание человеческого разума;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (25.11.1887, Масква — 26.1.1943),
савецкі біёлаг, генетык, заснавальнік вучэнняў пра біял. асновы селекцыі і цэнтры паходжання культурных раслін. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. 1923). Акад. УАСГНІЛ (1929). Акад.АН Украіны (1929). Брат С.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1911). Працаваў пад кіраўніцтвам Дз.М.Пранішнікава. З 1929 прэзідэнт, у 1935—40 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1930 адначасова дырэктар Ін-та генетыкі АНСССР. Абгрунтаваў вучэнне пра імунітэт раслін (1919), адкрыў закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці арганізмаў (1920). Арганізатар і кіраўнік экспедыцый па вывучэнні сусв. раслінных рэсурсаў (1920—40). Вызначыў ачагі формаўтварэння культ. раслін. Сабраў найб. ў свеце калекцыю насення культ. раслін, заклаў асновы дзяржсортавыпрабавання палявых культур. Прэмія імя У.І.Леніна (1926), залаты медаль імя М.М.Пржавальскага АНСССР (1925). У 1968 АНСССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1940 рэпрэсіраваны, памёр у турме (Саратаў), рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),
Венета, вобласць на ПнУ Італіі. Пл. 18,4 тыс.км². Нац. 4,36 млн.чал. (1994). Уключае правінцыі Белуна, Венецыя, Верона, Вічэнца, Падуя, Равіга, Трэвіза. Адм. ц. — г.Венецыя. Значныя гарады Падуя і Верона. Размешчана ва ўсх.ч. Венецыянскай нізіны і на схілах Даламітавых Альпаў (г. Мармалада, 3342 м).
Клімат умераны. Рэкі П’яве, Брэнта, Адыджэ, часткова По. На Звоз. Гарда. У гарах захаваліся шыракалістыя і хвойныя лясы. Значны прамысл. раён краіны. Машынабудаванне (гідратурбіны, помпы, кампрэсары, станкі, с.-г. машыны) і металаапрацоўка, тэкст.прам-сць, асабліва выраб шарсцяных тканін. У раёне г. Венецыя сканцэнтравана каляровая металургія (вытв-сць гліназёму, алюмінію, цынку), суднабудаванне, нафтаперапрацоўка, нафтахімія, коксахімія, вытв-сцьмінер. угнаенняў, чорная металургія, а таксама традыцыйная вытв-сць шкла і вырабаў з яго, мазаікі і філігранных упрыгажэнняў. Дрэваапрацоўка і харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы нізіннай часткі пераважае раслінаводства (пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, каноплі, тытунь, рыс, бабовыя, бульба); вінаграднікі, сады, аліўкавыя гаі. Шаўкаводства (правінцыя Трэвіза). У гарах жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства (порт К’ёджа). Горад Венецыя і воз. Гарда — цэнтрыміжнар. турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРГІ́НЯ (Dahila),
род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел.тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтрыэстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),
у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс.чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г.Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл.цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтрыПаўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн.цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтрыаўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).