РЫ́ХМАН Георг Вільгельм (22.7.1711, г. Пярну, Эстонія — 6.8.1753),
расійскі фізік. Вучыўся ва ун-тах Гале і Іены. У 1735—40 студэнт «фіз. класа» Пецярбургскай АН. З 1741 праф. (акадэмік) на кафедры фізікі, з 1744 заг.фіз. кабінета Пецярбургскай АН. Навук. працы па вывучэнні цеплаты і электрычнасці. Даследаваў цеплаабмен і выпарэнне вадкасцей. Вывеў формулу для вызначэння т-ры сумесі аднародных вадкасцей, стварыў прылады для метэаралогіі, гідралогіі і тэрмаметрыі, адкрыў з’яву электрастатычнай індукцыі. Разам з М.В.Ламаносавым вывучаў атм. электрычнасць. Загінуў ад маланкі ў час доследаў з незаземленай «громавай машынай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУШ Мікалай Мікалаевіч (н. 23.2.1948, в. Мосткі Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (2000). Скончыў БДУ (1972), дзе і працуе. Навук. працы па тэорыі імавернасці і матэм. статыстыцы. Распрацаваў метады пабудовы непараметрычных ацэнак мнагамерных стацыянарных выпадковых працэсаў і аднародных палёў, развіў семіінварыянтны падыход да даследаванняў стат. уласцівасцей гэтых ацэнак.
Тв.:
О́б оценке спектральных плотностей стационарных процессов (разам з І.Г.Журбенка) // Литовский мат. сб. 1979. Т. 19, № 1;
О скорости сходимости моментов оценок спектральных плотностей (разам з Е.І.Мірскай) // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1996. № 4;
Асимптотические методы статистического анализа временных рядов Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГРУ́МАЎ Віктар Пятровіч (н. 12.8.1939, г. Хабараўск, Расія),
бел. спартсмен і трэнер (конны спорт, аб’язджанне). Засл. майстар спорту СССР (1980). Засл. трэнер Беларусі (1977). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1979). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры. Трэнер Рэсп. коннаспарт. школы (1972—79), з 1979 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства, коннаспарт. школы (Гродзенская вобл.). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у камандным і бронз. прызёр у асабістым заліках. Прызёр чэмпіянату свету (1978), Еўропы (1975, 1979) у камандным заліку. Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1979), СССР (1976, 1978). Сярод выхаванцаў — І.Карачова, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы ў камандным заліку, чэмпіёнка СССР і Спартакіяды народаў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМРЭ́ЙКА Дзмітрый Сцяпанавіч (н. 18.3.1934, Мінск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1971), праф. (1972). Засл. дз. нав. (1999). Сын С.А.Умрэйкі. Скончыў БДУ (1956). З 1959 у БДУ (з 1964 начальнік н.-д. сектара). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1971 нам. дырэктара, у 1978—99 заг. лабараторыі). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Распрацаваў малекулярны спектральна-структурны аналіз каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, метады аналізу складаных шматкампанентных газавых асяроддзяў.
Тв.:
Ураниловые соединения. Т. 1—2. Мн., 1981 (у сааўт.);
Химия и спектроскопия галогенидов платиновых металлов. Мн., 1990 (у сааўт.);
Фотоника соединений шестивалентного урана. Гомель, 2000 (разам з У.У.Сыцько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́Ў Аляксандр Дзмітрыевіч (н. 23.6.1952, с. Святвозера Пражынскага р-на, Карэлія),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1994). Чл. Нью-Йоркскай АН (1994). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1998 дырэктар выд-ва «ТэтраСістэмс». Навук. працы па оптыцы, электрадынаміцы, лазернай фізіцы. Даследаваў аптычныя ўласцівасці тэтраэдрычных адбівальнікаў зваротнага дзеяння ў форме люстрана-сім. вуглоў, распрацаваў лікавыя алгарытмы аптымізацыі іх характарыстык, шэраг новых аптычных элементаў.
Тв.:
Передаточные функции для комплексной амплитуды поля световозвращателей в форме трехгранных углов // Оптика и спектроскопия. 1993. Т. 74, № 2;
Устройство для поляризационной развязки возвратного действия // Журн. техн. физики. 1994. Т. 64, вып. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ДЗІН Міхаіл Дзмітрыевіч (н. 16.9.1928, пас. імя Свярдлова Камешкаўскага р-на Уладзіміраўскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1997), праф. (1999). Скончыў Іванаўскі пед.ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1978 у Мазырскім пед. ун-це. Навук. працы па рашэнні цэнтр. лімітавай праблемы тэорыі імавернасцей для сум залежных выпадковых складаемых, мадэліраванні выпадковых працэсаў з залежнымі прырашчэннямі.
Тв.:
О предельных распределениях сумм зависимых случайных величин с неограниченными дисперсиями // Докл.АНБССР. 1984. Т. 28, № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адной фіз. лініі (аднаму каналу сувязі) з адначасовай перадачай паведамленняў у абодвух напрамках. Гл. таксама Сімплексная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАНТАВА́ННЕ,
вылучэнне дыскрэтнай сукупнасці з мноства неперарыўных значэнняў фіз. велічыні. Адпавядае заканамернасцям мікрасвету, дзе для некаторых фіз. характарыстык існуе толькі пэўны шэраг асобных магчымых значэнняў (гл.Момант імпульсу, Узроўні энергіі).
К. ўведзена ў фізіку М.Планкам (1900), які выказаў меркаванне, што энергія асцылятара з частатой ваганняў ν можа мець толькі дыскрэтны шэраг значэнняў E = nhν, дзе h — Планка пастаянная. Дастасаванне гэтых суадносін да планетарнай мадэлі атама прывяло да К. энергіі атама вадароду (Н.Бор, 1913; гл.Бора тэорыя). А.Зомерфельд (1915) абагульніў умовы К. на больш складаныя выпадкі, што дазволіла распрацаваць метады разліку атамных спектраў. Да стварэння квантавай механікі К. мела характар некат. спец. правіл. У квантавай механіцы К. ўзнікае як вынік агульных матэм. патрабаванняў, якім падпарадкоўваюцца яе ўраўненні. З Шродынгера ўраўнення для электрона ў атаме вадароду вынікае, што для электрона магчымыя толькі некат. дыскрэтныя ўзроўні энергіі. Пад К. разумеюць таксама працэдуру замены суадносін паміж класічнымі фіз. велічынямі на суадносіны паміж адпаведнымі аператарамі.
Літ..: Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1. М., 1984; Борн М. Атомная физика: Пер. с англ. 3 изд. М., 1970; Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.
Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.
Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-р не мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).
Літ.:
Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;
Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ.М., 1978.