ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ у музыцы,

час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).

В.​С.​Клакоцкая.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ВЯЗЬ,

узаемаабумоўленасць з’яў і працэсаў у прыродзе і грамадстве. Выяўленне ўстойлівых і неабходных С., аналіз прычыны і выніку як універсальнай С. з’яў рэчаіснасці ляжаць у аснове пазнання і навукі. У гісторыі пазнання прынцып усеагульнай узаемнай С. выступіў асн. прынцыпам дыялектыкі. З развіццём навукі пашыраецца тыпалогія С., якія класіфікуюць паводле форм дэтэрмінізму (адназначныя, імавернасныя і карэляцыйныя), іх сілы (жорсткія і карпускулярныя), кірунку дзеяння (прамыя і адваротныя), тыпу працэсаў, якія вызначае пэўная С. (С. функцыянавання, развіцця і кіравання) і інш. крытэрыяў.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕРМА́РКЕТ (англ. supermarket),

буйны магазін самаабслугоўвання для продажу тавараў паўсядзённага попыту (пераважна харчовых). С. ўзніклі ў ЗША у 1930, пашырыліся з 2-й пал. 1940-х г. Могуць уваходзіць у склад сеткі магазінаў. Буйныя сеткі С. здольны атрымліваць значную эканомію ад маштабаў рэалізацыі і на групавой аснове з атрыманнем выгадных скідак і ўступак ад вытворцаў пры аптовай закупцы, і на ўзроўні асобных магазінаў за кошт выкарыстання капіталаёмкіх метадаў рознічнага гандлю. У Рэспубліцы Беларусь С. звычайна называюць універсамамі.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАНКО́ВА—ВАВІ́ЛАВА ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, эфект Вавілава — Чаранкова,

выпрамяненне святла (адрознае ад люмінесцэнцыі), якое ўзнікае пры руху электрычна зараджанай часціцы ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць святла ў гэтым асяроддзі. Выяўлена П.А.Чаранковым у эксперыментах, пастаўленых па прапанове С.Л.Вавілава, пры даследаванні у-люмінесцэнцыі раствораў (1934). Тэорыя Ч.—В.в. створана І.Я.Тамам і І.М.Франкам (1937). Ч.—В.в. і тэарэт. ўяўленні, якія ляжаць у яго аснове, выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы (гл. Чаранкоўскі лічыльнік), фізіцы плазмы, тэорыі паскаральнікаў і інш.

А.​І.​Болсун.

т. 17, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПРУ́ДСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ды́ба́ць ’чыкільгаць, ісці’ (БРС, Нас.), ’павольна ісці’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Жд. 2). Рус. ды́ба́ть, укр. ди́бати, польск. dybać ’падпільноўваць; падкрадвацца’, славац. dibať, серб.-харв. dibati ’хістацца, гайдацца’ і г. д. Прасл. *dybati (агляд форм і семантыкі ў Трубачова, Эт. сл., 5, 197–198). У аснове ляжыць тэарэтычная база *dъb‑ (< *dŭbo‑), якую параўноўваюць з герм. *tuppa‑ ’пучок валасоў, каса’; матывацыю гл. у Трубачова, там жа. Форма *dybati — ступень падаўжэння. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 557. Аддзеяслоўным прасл. утварэннем з’яўляецца *dyba (з рознымі значэннямі; агляд гл. у Трубачова, там жа, 197); сюды адносіцца і бел. ды́бы ’хадулі; доўгія ногі’, ды́ба ’прылада катавання’ (БРС), ’слуп у студні, на якім вісіць крук для выцягвання вядра з вадой’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАРАНЕ́ЦКІ Аляксандр Арсенавіч (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАФАЗІРО́ЎКА (ад аўта... + фаза),

з’ява, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне сінхранізму (рэзанансу) паміж рухам зараджанай часціцы і зменай паскаральнага электрычнага поля. Абумоўлена залежнасцю прамежку часу паміж паслядоўнымі момантамі паскарэння часціцы ад яе поўнай энергіі. Адкрыта У.​І.​Векслерам (СССР, 1944) і незалежна Э.​М.​Макміланам (ЗША, 1945). Выкарыстоўваецца ў асн. тыпах паскаральнікаў: сінхратронах, сінхрафазатронах, фазатронах. На аснове аўтафазіроўкі спраектаваны цыклічныя паскаральнікі зараджаных часціц на вял. энергіі (100 МэВ і вышэй).

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)