КО́САКІ (Kossacy),

польскія жывапісцы, бацька і сын.

Фартунат Юліуш (15.12.1824, в. Вісніч, каля г. Кракаў, Польшча — 3.2.1899). Вучыўся жывапісу ў Я.​Машкоўскага, у 1855—61 у Парыжы ў А.​Вернэ. У 1862—68 кіраўнік маст. аддзела варшаўскага час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Шмат падарожнічаў, у т. л. па Беларусі. У творчасці вял. ўвагу аддаваў гіст. жанру, напісаў шэраг батальных карцін з гісторыі Польшчы і ВКЛ 15—17 ст., вайны 1812: «Уладзіслаў Ягайла пад Грунвальдам» (1862), «Выручэнне Смаленска» (1879), «Сабескі пад Венай» (1882), «Т.​Тышкевіч пераходзіць Дзвіну» (1890), «Уезд Яна III у Вену» (1897) і інш. Аўтар партрэтаў, ілюстрацый да твораў Г.​Сянкевіча, А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, Дж.​Байрана. Войцех Гарацый (1.1.1857, Парыж — 29.7.1942), сын Фартуната Юліуша. Вучыўся жывапісу ў Кракаве (1871—73), Мюнхене (1874), Парыжы (1877—83). У 1894—1902 працаваў па заказах імператара Вільгельма II у Германіі. З 1916 праф. школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, потым працаваў у Кракаве. Гал. месца ў творчасці займалі гіст. і батальны жанры, найб. ўвагу аддаваў напалеонаўскім войнам, паўстанням 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Сярод твораў: «Успаміны з дзяцінства» (1891), «Крывавая нядзеля ў Пецярбургу» (1905) і інш. Сааўтар батальных панарам на тэму паўстання 1794 «Рацлавіцы» (1892—94) і вайны 1812 «Пераход цераз Бярэзіну» (1895—96).

А.​Л.​Варатнікова.

Да арт. Косакі. Ф.​Косак. Ілюстрацыя да рамана Г.​Сянкевіча «Патоп».

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клёкат, ‑у, М ‑каце, м.

1. Перарывісты крык, характэрны для некаторых птушак. Бусліны клёкат. □ Гучаць мелодыі, і сэрца рвецца Туды, дзе ружамі цвітуць даліны, Дзе вінаграднік ля дарогі ўецца, А ў небе клёкат чуецца арліны. Гілевіч.

2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей. Клёкат вады.

3. Пра глухія перарывістыя гукі ў горле, грудзях. Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́шчапка і зашчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Прыстасаванне для запірання дзвярэй у выглядзе кручка або пласцінкі з прораззю, якое накладваецца на прабой. Заперці дзверы на зашчапку. □ Штурхнуў [Сымон] дзверцы з усёй сілы, — Бразь там зашчапка-кручок! Колас. Бразнула зашчапка, і ў хату зайшоў сын. Федасеенка.

2. Разм. Тое, што і прышчэпка. — Трымай бялізну, я буду адшчэпліваць зашчапкі, — узяўся .. [Антон] памагаць. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Салдацкі сын, які з дня нараджэння лічыўся за ваенным ведамствам і рыхтаваўся да ваеннай службы ў асобай ніжэйшай ваеннай школе (у Расіі першай палавіны 19 ст.). Буланцоў паводзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў. Караткевіч.

[Ад ням. Kantonist — навабранец.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Аддаць адзін прадмет, атрымаўшы ўзамен яго іншы. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік. Якімовіч. [Дзед:] — Памяняй свой тавар вось у гэтай вёсцы ды кіруй да маці. Асіпенка. // Замяніць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н. другім. Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Бялізну на ложках памяняла, заслала пасцелі прасцірадламі. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́г, ‑у, м.

Маёмасць, якую давалі бацькі або родзічы маладой, калі тая выходзіла замуж. У таго [Рыгора] дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі. Галавач. Марцін жэніцца на гандляровай дачцэ, бярэ ў пасаг грошы і тут, у горадзе, вялікі дом з лясной крамай. Карпюк. [Міхась:] Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасвятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Незак. да прасвятліць.

2. каго. Распаўсюджваць сярод каго‑н. веды, культуру. — Я не студэнт, а толькі вучань вячэрніх тэхнічных курсаў, — запярэчыў Сяргей. — Усё роўна вучоны, а калі так, дык прасвятляй іншых. Гурскі. Старэйшы і самы дасціпны з нас .. быў Хведзька Баброў, кандуктараў сын. Ён прасвятляў нас наконт таго, як [пабудаваны] гэты свет і што ў жыцці самае галоўнае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пнасць, ‑і, ж.

Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сядзець (у 1–5 знач.).

2. Месца, прадмет, на якім сядзяць, на які садзяцца. Сяргею чамусьці не сядзелася, нібы ў сядзенні таго крэсла, на якім ён круціўся, быў востры цвік. Сабаленка. Вёў матацыкл Цімка, сын жа сядзеў на заднім сядзенні. Карпаў. Воз [маці і Саша] рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай (пакарміць Сіўку) сядзенне, кладуць для нечага дошкі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСІ́ЛЬ III Іванавіч

(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),

вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ. Аляксандра (1506), які быў жанаты з сястрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял. князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)