КЕДЫ́ШКА (Мікалай Аляксандравіч) (13.8.1923, Мінск — 7.11.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Быў рабочым Мінскага будтрэста. Восенню 1941 з групай моладзі стварыў і ўзначаліў падп. групу, якая да крас. 1943 ператварылася ў буйную арг-цыю («Андруша»). З лют. 1943 у складзе групы Мінскага падп. гаркома ЛКСМБ, члены якой падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадай «Штурмавая», падп. арг-цыямі горада. Кіраваў дыверсіямі на гарадской эл. станцыі, чыг. вузле, хлебазаводзе і інш. Арганізацыя перадала партызанам некалькі аўтамашын зброі. Загінуў у баі з гітлераўцамі, якія акружылі явачную кватэру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЯДЗІ́НСКІ (Юрый Мікалаевіч) (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),
расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПАў вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.Я.Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням. войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т. л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»,
серыя сав. штучных спадарожнікаў Зямлі для рэтрансляцыі тэлевізійных праграм, далёкай тэлегр., тэлеф. і фотатэлегр. сувязі. Уваходзіць у склад сістэмы касм. сувязі «Арбіта». У 1965—92 запушчана каля 100 «М.». Арбіты (акрамя «М-1С») эліптычныя, сінхронныя, з вял. эксцэнтрысітэтам і апагеем над Паўн. паўшар’ем; выш. ў апагеі каля 40 тыс.км, у перыгеі — 460—650 км, перыяд абарачэння каля 12 гадз. Пры такіх арбітах працягласць сеансаў сувязі праз 1 ШСЗ 8—10 гадз у суткі, пры выкарыстанні 3 ШСЗ дасягаецца кругласутачная сувязь.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.«Маланка»: арбіта ШСЗ «Маланка-1» з апагеем над Паўночным паўшар’ем Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯў праве,
прыняцце ў грамадзянства дзяржавы чужаземца паводле яго заявы. Можа адбывацца пасля працяглага знаходжання (пражывання) чужаземца на тэр. дадзенай дзяржавы. Часам у якасці ўмовы для Н. патрабуецца валоданне афіц. мовай дзяржавы (напр., у Латвіі, Эстоніі), наяўнасць сродкаў для існавання, бездакорная рэпутацыя і да т.п. У шэрагу дзяржаў існуе аблегчаны парадак Н. для асоб, якія маюць этн. або лінгвістычную сувязь з дзяржавай (напр., аблегчаная Н. для партугаламоўных чужаземцаў у Бразіліі). Нярэдка правы ў натуралізаваных грамадзян крыху вузейшыя, чым у прыроджаных. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі прэзідэнтам дзяржавы могуць стаць толькі грамадзяне па нараджэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗЯ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — крас. 1942 у вёсках Нізяны і Паўлаўшчына Поразаўскага (цяпер Ваўкавыскага) р-на. Аб’ядноўвала 12 чал. (кіраўнік М.І.Амшэй). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, 7.11.1941 у гадавіну Кастр. рэвалюцыі вывесілі чырв. сцягі ў Нізянах і інш. вёсках, псавалі тэлеф.сувязь акупантаў, ратавалі сав. ваеннапалонных, збіралі і перадавалі партызанам зброю, прадукты харчавання, медыкаменты, адзенне. 29.4.1942 фашысты арыштавалі і пасля катаванняў у чэрв. расстралялі падпольшчыкаў. У Ваўкавыску на іх магіле, у в. Нізяны ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР I ПЕ́ТРАВІЧ НЕ́ГАШ (1747, Негушы, Чарнагорыя — 18.10.1830),
уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1781—1830]. З дынастыі Негашаў. Вучыўся ў Расіі (1762—66). З 1766 архімандрыт, з 1781 мітрапаліт. Кіраваў барацьбой чарнагорцаў супраць тур. панавання, дамогся (1796) фактычнай незалежнасці Чарнагорыі ад Турцыі. Выступаў за ўмацаванне цэнтр. ўлады, выдаў збор законаў «Законнік» (1798). У знешняй палітыцы прытрымліваўся прарас. арыентацыі. Узначальваў атрады чарнагорцаў, якія сумесна з рас. экспедыцыйнымі сіламі змагаліся супраць франц. войск, што ў 1805 акупіравалі Далмацыю. У час першага сербскага паўстання 1804—13 падтрымліваў сувязь з Карагеоргіем, імкнуўся аб’яднаць сілы чарнагорцаў і сербаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́Д ВАДЫ́,
аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.