крамя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пругкі, цвёрды, сакавіты. Мерна, роўна шархала [піла], уядалася ў крамяную белую моц дрэва. Мележ. У разоры ўзвышаецца.. горка крамяных агуркоў, выбраных учора з град калгасніцамі. Пестрак. // Поўны здароўя, сілы (пра чалавека). Ляжала Ганна на ложку, песцячы ў мяккай цёплай пасцелі сваё маладое крамянае цела. Нікановіч.

2. перан. Свежы, ядраны. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Грубаваты. Гэта быў ужо не той задзірысты франтавік Бесо Коркія, які мог сказаць сустрэчнай шыкарнай даме крамянае слоўца. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праясне́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць ясным, выразна бачным. Стары працёр хустачкай вочы, абгладзіў вусы, вочы праяснелі. Шынклер.

2. Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Твары суседніх жанчын неяк раптоўна, на адно імгненне, праяснелі ўсмешкай. Пестрак.

3. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Думкі праяснелі. / у безас. ужыв. Сухі, гарачы махорачны дым востра заказытаў у носе, і неяк адразу праяснела ў галаве. М. Стральцоў.

4. Вызваліцца ад хмар, прасвятлець. Упершыню пасля некалькіх дажджлівых дзён неба праяснела. Жычка. // безас. Распагодзіцца. Прыпарыла, на яснае неба пасунулася хмара, прайшоў дожджык. Зноў праяснела. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.

2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздво́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздвоіць.

2. у знач. прым. Такі, які раздвоіўся; раздзелены надвае, на дзве часткі. [Заяц] неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец. [Валодзя] спыніўся, каб крыху перадыхнуць, і раптам заўважыў на зямлі шырокі раздвоены след нейкай жывёлы. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Які страціў цэльнасць, унутранае адзінства. Аб Аляксандру Іванавічу пайшла тая раздвоеная слава, калі адны цікавіліся больш яго храбрым мінулым, а другія — яго цяперашнімі паводзінамі. Пестрак. Так з раздвоеным пачуццём і пайшлі ад Іванова. Верыць ці не верыць? Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распяцца.

2. перан. Разм. Прыкладаць шмат сіл, намаганняў, многа і горача гаварыць, адстойваючы, даказваючы што‑н., пераконваючы каго‑н. у чым‑н. Агідна было слухаць Васілю, як здраднікі распіналіся перад акупантамі, хвалілі «новы парадак» і кляліся ў адданасці Гітлеру, «вялікай Германіі». Няхай. [Алеся] не належала да тых крыкух, што распінаюцца ў сварцы цераз плот да суседкі або выбягаюць на вуліцу і ўзнімаюць рукі да неба ў праклёнах. Пестрак. А .. [Кастусь] так і распінаўся, каб паказаць усё, на што ён здатны. Шынклер.

3. Зал. да распінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́ба, ‑ы, ж.

1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.

2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.

•••

Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стос і стус, ‑а, м.

1. Роўна зложаныя адзін на адзін рады чаго‑н.; штабель. Стос дошак. □ Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае. Навуменка.

2. Пакладзеныя слаямі адзін на адзін якія‑н. прадметы. Стос кніг. Стос пісем. □ На зэдліку каля прыпека ляжаў стос жоўтых бліноў і пачаты кружок авечага лою. Дуброўскі. Апейка кінуў позіркам на стус газет, складзеных ускрай стала. Мележ. / у знач. прысл. сто́сам (сту́сам). Стосам ляжаць побач настольныя цыраты. Пестрак. І фарба друкарская ёсць, І стусам паперу наклалі. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йца, ‑ы, ж.

1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.

2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)