сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППАБВА. У іх склад уваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж.мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,
механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.
У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл.Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА-ПЯЧО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах.мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),
метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч.сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.Берклі, Д.Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.Мах, І.Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш.гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНД (Sand) Жорж [сапр.Дзюпэн
(Dupin) Аўрора; па мужу Дзюдэван (Dudevant); 1.7.1804, Парыж — 8.6.1876], французская пісьменніца. Вучылася ў англ. каталіцкім манастыры ў Парыжы. Дэбютавала псіхал. раманам «Індыяна» (1832),
у якім тэма жаночай эмансіпацыі цесна звязана з праблемай свабоды чалавека. У раманах «Валянціна» (1832), «Лелія» (1833), «Жак» (1834) у традыцыях байранізму і «нястрымнага рамантызму» абвясціла індывідуалістычны бунт як адзіны шлях у абнаўленні грамадства. На мяжы 1830—40-х г. захапілася ідэямі утапічнага і хрысц. сацыялізму. Аўтар сац. раманаў «Мапра́» (1837), «Вандроўны падмайстар» (1840), «Арас» (1841), «Млынар з Анжыбо» (1845), «Грэх пана Антуана» (1847), дылогіі «Кансуэла» (1842—43) і «Графіня Рудальштат» (1843—44). Дэмакр. погляды С. выявіліся ў цыкле вясковых аповесцей («Чортава лужына», 1846; «Франсуа-знайдыш», 1847—48; «Маленькая Фадэта», 1848—49). Удзельніца рэвалюцыі 1848, пасля перамогі рэакцыі адышла ад палітыкі. Аўтар мемуараў «Гісторыя майго жыцця» (1854—55), шматлікіх раманаў, у т. л. «Снегавік» (1858), «Апошняе каханне» (1867) і інш. Аповесць «Франсія» (1872) пра гіст. падзеі 1812—14 у Францыі і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ А́ЎСТРЫІ (СДПА; Sozialdemokratische Partei Österreichs),
адна з гал.паліт. партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. на мяжы 1888—89 як С.-д. рабочая партыя Аўстрыі. З 1896 прадстаўлена ў парламенце (з 1907 мела другую па колькасці фракцыю). З 1904 лідэры партыі Ф.Адлер, О.Баўэр, К.Рэнер і інш. распрацоўвалі канцэпцыю аўстрамарксізму (разнавіднасць рэфармізму). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) выступала за аншлюс, Рэнер узначальваў першы ўрад Аўстр. Рэспублікі. З 1920 у апазіцыі, процістаяла згортванню парламенцкай дэмакратыі ў краіне. Пасля паўстання свайго ваенізаванага Шуцбунда забаронена аўтарытарным урадам Э.Дольфуса (люты 1934). У крас. 1945 адноўлена як Сацыяліст. партыя Аўстрыі, з чэрв. 1991 сучасная назва. У 1945—66 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў вял. кааліцыі. Віцэ-канцлерамі Аўстрыі былі старшыні партыі А.Шэрф (1945—57) і Б.Пітэрман (1957—67). З 1966 партыя ў апазіцыі, пад старшынствам Б.Крайскага (1967—83) яна стала ў 1970 найб. моцнай паліт. сілай краіны. Федэральныя канцлеры Аўстрыі ад партыі — Крайскі (1970—83), Ф.Зінавац (1983—86), Ф.Враніцкі, (1986—97), В.Кліма (са студз. 1997). Найб. ўплыў партыя мае ў Вене, федэральных землях Карынтыя і Бургенланд.
у Кітаі. Даўж. каля 750 км, шыр. да 400 км. Выш. ад 5000—6500 м на З да 1000—1200 м на У, найб.выш. 7590 м (г. Гунгашань). Утвараюць усх. ўступ Тыбецкага нагор’я, на мяжы з раўнінамі і нізкагор’ямі Усх. Кітая, з’яўляюцца мяжой Сычуаньскай катлавіны. Падзяляюцца на шэраг субмерыдыянальных хрыбтоў, парэзаных глыбокімі падоўжнымі цяснінамі рэк Салуін, Меконг, Янцзы ў іх верхніх цячэннях (глыб. ўрэзу да 3000 м). Хрыбты пераважна стромкасхілыя, з рэзкімі скалістымі водападзельнымі грабянямі. Горы — частка стараж. платформы, якая актывізавалася мезазойскімі рухамі; расчлянёна разломамі на шэраг блокаў, складзеных з гнейсаў, крышт. сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Перыферыйныя грады, якія далучаюцца да Сычуаньскай катлавіны, складзены з базальтаў і асадкавых тоўшчаў. Горы сейсмічныя. Радовішчы жал. руды, золата, медзі. Ледавікі. Субтрапічны клімат зах. ускраіны Сычуаньскай катлавіны з вышынёй рэзка пераходзіць да кантынент. клімату Тыбецкага нагор’я. Каля паўд. падножжаў гор — 1200 мм ападкаў (максімум летам), на наветраных схілах — больш за 2000 мм, па меры набліжэння да Тыбецкага нагор’я — да 600 мм за год. Да выш. 2000 м субтрапічныя вечназялёныя лясы з эндэмікамі, якія з вышынёй пераходзяць у мяшаныя лясы; у адкрытых на Пд далінах трапляецца ціс. На выш. 2000—4000 м пераважаюць хвойныя (гал.ч. піхтавыя, радзей яловыя) лясы, вышэй за 4000 м размешчаны альпійскія лугі і стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1440,
выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн. Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт.Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.
Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.Вігман, М.Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.Іосам, Р.Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.Галяйзоўскага, С.Ліфара, В.Ніжынскага, М.Фокіна, Л.Якабсона, пазней — у творчасці Дж.Баланчына, М.Бежара, Ю.Грыгаровіча, Р.Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.Дадышкіліяні, В.Елізар’ева, Р.Паклітару і інш.