ПРЫШЫВА́ЛКА (Анатоль Пятровіч) (3.11.1924, в. Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.10.1997),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1981), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (у 1963—70 нам. дырэктара, у 1982—94 заг. лабараторыі). Навук. даследаванні па оптыцы рассейвальных і паглынальных асяроддзяў. Распрацаваў метады разліку рассеяння і паглынання святла (у т. л. лазернага выпрамянення) неаднароднымі часцінкамі з улікам іх награвання і разбурэння.
Тв.:
Отражение света от поглощающих сред. Мн., 1963;
Оптические и тепловые поля внутри светорассеивающих частиц. Мн., 1983;
Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984 (разам з В.А.Бабенкам, У.М.Кузьміным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́Н (Вікенцій Іванавіч) (н. 23.8.1936, в. Падлессе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Д-ртэхн.н. (1991), праф. (1997). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1958) і Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1965). З 1960 у БелНДІаграэнерга Акадэміі агр. навук Беларусі (1986 нам. дырэктара, з 1998 дырэктар). Навук. працы па праблемах энергетыкі, электрыфікацыі і энергазберажэння ў АПК. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і сродкі электратэхн. забеспячэння, найб. эфектыўнага энергазберажэння і выкарыстання нетрадыц. і ўзнаўляльных крыніц энергіі ў с.-г. вытв-сці.
Тв.:
Электротехническое обеспечение сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (разам з Э.В.Бараноўскім);
Энергосберегающие технологии и оборудование в системах энергообеспечения АПК. Мн., 1996.
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.
Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Найб. распаўсюджаныя метады Р.а. — Лаўэ метад, Дэбая—Шэрэра метад. З дапамогай Р.а. даследуюцца структуры крышталёў, вадкасцей, бялковых малекул, вырашаюцца пытанні фізікі цвёрдага цела: прэцызійнае вызначэнне формы і памераў элементарнай ячэйкі, вывучэнне тэкстуры матэрыялаў, вызначэнне фазавага складу рэчываў па размяшчэнні і інтэнсіўнасцях ліній на рэнтгенаграмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (Андрэй Міхайлавіч) (30.10.1932, г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. — 18.1.1997),
бел. фізік, пачынальнік тэарэт. даследаванняў дынамікі лазернай генерацыі святла ў Беларусі. Д-р фіз.матэм. н. (1972), праф. (1977). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1973—96 заг. лабараторыі). Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Распрацаваў тэарэт.метады разліку нестацыянарных рэжымаў лазераў і распаўсюджвання выпрамянення ў нелінейна-аптычных і рассейвальных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Нестационарная генерация // Методы расчета оптических квантовых генераторов. Мн., 1968. Т. 2;
Высокочастотная автомодуляция излучения лазеров и генерация сверхкоротких импульсов // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з Л.А.Катомцавай, Н.А.Лойка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЗДАБЫ́ЧА,
працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіны за кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).
Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл.Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім.метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн.ч. вады і солей выдаляюць з нафты.
На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.
Літ.:
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Технология и техника добычи нефти. М., 1986.
В.А.Вядзернікаў.
Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.Да арт.Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА І ПАЎПРАВАДНІКО́ЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1963 у Мінску на базе Аддзела фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існаваў з 1958). У ін-це 15 навук. падраздзяленняў, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка цвёрдага цела; вывучэнне прыроды міжатамных узаемадзеянняў у цвёрдых целах; стварэнне новых паўправадніковых, магн., сегнетаэлектрычных, звышцвёрдых, звышправодных матэрыялаў і вывучэнне іх уласцівасцей. Даследаваны: дынаміка крышт. рашоткі і фазавыя пераходы ў магн., сегнетаэл. і звышправодных матэрыялах; гальванамагн. і магнітааптычныя ўласцівасці металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах; уласцівасці створаных магнітарэзістыўных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў і новых метастабільных магн і сегнетаэл. фаз; працэсы ўтварэння радыяцыйных дэфектаў у цвёрдых целах; заканамернасці адбіцця лазерных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваны: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных з’яў у цвердацелых матрыцах; метады стварэння высокатэмпературных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структур, высакаякасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магн. плёнак; метады выкарыстання іанізавальных выпрамяненняў у тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых прылад; сінтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазіцыйных звышцвёрдых матэрыялаў для стварэння спец. рэжучага і шліфавальнага інструменту. Укаранёна ў вытв-сць распрацаваная тэхналогія атрымання ферытавых матэрыялаў з мясц. сыравіны для вырабу ферытавых прылад радыё- і тэлевізійнай тэхнікі; створаны электронныя датчыкі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустаэлектронікі. Выдадзены зборнікі навук. прац: «Ферыты» (вып. 1—2, 1960—63), «Хімічная сувязь у крышталях» (1969), «Радыяцыйная фізіка неметалічных крышталёў» (1970), «Крышталізацыя і фазавыя ператварэнні» (1971), «Кінетыка і механізм крышталізацыі» (1973). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.М.Сірата, чл.-кар. Я.М.Лабанаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.М.Аляхновіч (дырэктар з 1993), Б.Б.Бойка, чл.-кар. Ф.П.Коршунаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДЫЯТРЫ́Я [грэч. pais
(paidos) дзіця + iatreia лячэнне),
вобласць клінічнай медыцыны, якая вывучае здароўе дзяцей у працэсе развіцця, іх анатомію, фізіялогію, паталогію; распрацоўвае метады прафілактыкі і лячэння дзіцячых хвароб, што пагражаюць іх гарманічнаму развіццю ці ўяўляюць небяспеку для жыцця. Уключае праблемы ўзроставай марфалогіі, біяхіміі, імуналогіі, пытанні, сумежныя з гігіенай дзяцей і падлеткаў, педагогікай. Асн. кірунак П. — прафілактычны. Як навука вылучылася ў 19 ст. Кафедры дзіцячых і хвароб створаны ў Пецярбургу (1865), Маскве (1866), Мінску (1924). Заснавальнік рас. клінічнай П. — Н.Ф.Філатаў. На Беларусі школу П. заснаваў В.А.Лявонаў. Пад яго кіраўніцтвам вывучаліся клініка і метады лячэння эпідэмічнага цэрэбраспінальнага менінгіту, праблемы рэўматызму, туберкулёзу, узбагачэння прадуктаў харчавання мікраэлементамі і інш. У 1932 створана Бел.навук.мед.т-ва дзіцячых урачоў; у 1964 пры Мінскім мед. ін-це — факультэт П. (па ініцыятыве І.Н.Усава). Нефралогію дзіцячага ўзросту вывучаюць Л.Г.Кажарская, А.В.Сукала, Э.К.Капітонава; дзіцячую кардыялогію — Р.Э.Мазо, Л.М.Бяляева; захворванні органаў дыхання — А.С.Левін, М.І.Лягенчанка, Т.М.Вайтовіч; бранхіяльную астму — Т.М.Сукаватых, І.В.Васілеўскі; гематалогію — М.П.Паўлава, гастраэнтэралогію — М.П.Шэйбак; хірургію — АС.Мішараў, У.А.Кацько і інш. Створаны анестэзіялагічна-рэанімацыйная служба, онкагематалагічны цэнтр. Дзейнічае школа неанатолагаў (асаблівасці развіцця дзяцей і лячэнне захворванняў у першыя 28 дзён жыцця). Пытанні П. даследуюцца ў БелНДІ аховы мацярынства і дзяцінства, мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,
ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл.Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБА́ЛАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 3.6.1938, г. Шаталава Смаленскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біягеахіміі. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989). Д-рс.-г.н.(1985). Скончыў БСГА (1961). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі гуміфікацыі і мінералізацыі арган. рэчываў у глебах і балотах рознага генезісу. Устанавіў агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арган. рэчываў тарфяных глебаў, узаемасувязь паміж хім. саставам арган. рэчываў і экалагічнымі ўмовамі фарміравання тарфяных глебаў. Распрацаваў метады рацыянальнага выкарыстання і аховы арганагенных глебаў розных эколага-генетычных груп.
Тв.:
Баланс органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн., 1984;
Справочник ресурсов битуминозного сырья Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,
аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.Я.Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел.літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.
В.К.Шчэрбін.
Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.