прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’езд КПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
1.каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці.Мележ.І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем.Чорны.
2.што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.
3.што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата.С. Александровіч.[Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё.Карпюк.
4.чымпачым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі.Мележ.[Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума.Хадкевіч.
5.каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю.Чорны.
6.што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг.Шамякін.
7.каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар.Чорны.// Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.
8.што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.
9.каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал.Скрыган.— Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс.Карпюк.
10.што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе.Гурскі.Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў.С. Александровіч.Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі.Ермаловіч.
11.каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці.Няхай.
•••
Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.
Правесці ў жыццё — ажыццявіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята.Купала.Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок.Чорны.Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна.А. Вольскі.// Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў.Бядуля.
2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе.Грамовіч.
3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе.// Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца.Асіпенка.Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову.Шамякін.
4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак.Чорны.
5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег.Шамякін.// Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём.Крапіва.І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім.Мурашка.Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія.Прыказка.
6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі?Колас.Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю.Гартны.// Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць.Крапіва.
7.заг.слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была.Маўр.[Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу.Лынькоў.
8.1ас.адз.цяпер.слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КО́НГА (Congo),
Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак.Пл. 342 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.
Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пдбас.р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пннайб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс.чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал.ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.
Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд.дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс.га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн.харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс.т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс.т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасцігал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн.т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс.м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л.міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн.дол., імпарт — 559 млн.дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.
Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач.н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г.Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас.р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.
15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац.Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен.к-т КПП на чале з Ж.Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г.эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач.прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л.Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.
Літ.:
Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;
Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;
Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.
Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.Да арт.Конга (РК). Здабыча калійных солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ШЫ,
асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз.валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж.эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл.Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.Мен, Ж.Б.Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.Ф.Кнап, М.Дз.Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.Джэванс, К.Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.М.Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.
Літ.:
Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),
навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізмунайб. поўна адлюстравана ў працах Э.Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.А.Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.
Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.Парсапс, Р.К.Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.
На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.Я.Вальфсон, Б.Э.Быхоўскі), асветы і выхавання (С.М.Васілейскі, А.А.Гайвароўскі, С.М.Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г.гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш.ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн.Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.П.Давідзюк, Я.М.Бабосаў, І.І.Антановіч, А.М.Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.М.Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.М.Сакалова); С. сям’і (М.Р.Юркевіч, С.Д.Лапцёнак, С.Н.Бурава); С. навукі (Г.А.Несвятайлаў); С. культуры (Э.К.Дарашэвіч, В.І.Русецкая, Л.Р.Цітарэнка, С.В.Лапіна); С. адукацыі (А.І.Ляўко, В.А.Кліменка); паліт. С. (І.В.Катляроў, В.В.Бушчык); С. камунікацый (А.Ц.Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.А.Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.А.Шавель, А.У.Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.Г.Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.А.Ракаў) і інш.
Літ.:
Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1899—1901;
Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;
Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1993;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;
Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус.кур., арл., смал.жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус.жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв.жу̑д ’жаданне’, балг.дыял.жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ.žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат.zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ.жэмайц.žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ.žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел.жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ.gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв.жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт.жудя з рус.жуда, балт. формамі тыпу літ.žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл.gūas ’небяспека’, англа-сакс.gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е.*gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.
Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус.арл.жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
трыма́цьнесов.
1.в разн. знач. держа́ть; (в определённых условиях — ещё) содержа́ть; (владеть кем-, чем-л. — ещё) име́ть;
т. кні́гу ў рука́х — держа́ть кни́гу в рука́х;
т. дзіця́ за руку́ — держа́ть ребёнка за́ руку;
плаці́на ~ма́е ваду́ — плоти́на де́ржит во́ду;
т. хво́рага ў пасце́лі — держа́ть больно́го в посте́ли;
т. у цяпле́ — держа́ть в тепле́;
т. на замку́ — держа́ть на замке́;
т. зая́ву цэ́лы ме́сяц — держа́ть заявле́ние це́лый ме́сяц;
т. ру́кі над галаво́й — держа́ть ру́ки над голово́й;
т. рэ́чы ў пара́дку — держа́ть (содержа́ть) ве́щи в поря́дке;
у гэ́тым магазі́не не ~ма́юць дрэ́нных рэ́чаў — в э́том магази́не не де́ржат плохи́х веще́й;
т. гро́шы ў ашчадба́нку — держа́ть де́ньги в сберба́нке;
т. саба́ку — держа́ть (име́ть) соба́ку;
т. па́рабка — держа́ть батрака́;
т. кватара́нтаў — держа́ть квартира́нтов;
т. пад падазрэ́ннем — держа́ть под подозре́нием;
~ма́й зло́дзея! — держи́ во́ра!;
2. (поддерживать, быть опорой) держа́ть, нести́;
страху́ ~ма́юць бэ́лькі — кры́шу де́ржат ба́лки;
ствол ~ма́е на сабе́ галлё і лісты́ — ствол де́ржит (несёт) на себе́ ве́тви и ли́стья;
○ т. банк — держа́ть банк;
◊ т. язы́к за зуба́мі (на пры́вязі) — держа́ть язы́к за зуба́ми (на при́вязи);
т. ву́ха во́стра — держа́ть у́хо востро́;
т. у по́лі зро́ку — держа́ть в по́ле зре́ния;
т. галаву́ высо́ка — держа́ть го́лову высоко́;
т. сло́ва — держа́ть сло́во;
т. у абцуга́х — держа́ть в тиска́х;
т. у ра́мках (шо́рах) — держа́ть в ра́мках;
т. у чо́рным це́ле — держа́ть в чёрном те́ле;
т. фасо́н — держа́ть фасо́н;
т. сябе́ — держа́ть (вести́) себя́;
т. сябе́ ў рука́х — держа́ть себя́ в рука́х;
т. у рука́х — (каго) держа́ть в рука́х (кого);
т. руку́ — (чыю) держа́ть ру́ку (чью);
т. нос на ве́тры — держа́ть нос по́ ветру;
т. по́рах сухі́м — держа́ть по́рох сухи́м;
т. у во́жыкавых рукаві́цах — (каго) держа́ть в ежо́вых рукави́цах (кого);
т. на адле́гласці — (каго) держа́ть на расстоя́нии (кого);
т. ула́ду — быть у вла́сти;
т. у галаве́ — держа́ть в уме́;
т. хвост пістале́там — держа́ть хвост пистоле́том;
т. ка́мень за па́зухай — держа́ть ка́мень за па́зухой;
т. ма́рку — держа́ть ма́рку;
т. пад шкляны́м каўпако́м — держа́ть под стекля́нным колпако́м;
т. у кі́пцях — держа́ть в когтя́х;
т. курс — держа́ть курс;
т. ле́йцы ў рука́х — держа́ть во́жжи в рука́х;
т. высо́ка сцяг — держа́ть высоко́ зна́мя
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт.курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;