бясчу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае здольнасці адчуваць; пазбаўлены гэтай здольнасці ў выніку чаго‑н. Бясчулае цела. □ У вачах маіх стаяў гэты раптоўна выбухнуўшы малюнак, у сэрцы — Вольчыны слёзы над бясчулаю мацераю. Нікановіч.

2. Які не праяўляе чуласці, спагадлівасці ў адносінах да каго‑н.; раўнадушны. Бясчулы чалавек. □ Расступаюцца натоўпы перад сівымі надутымі, бясчулымі генераламі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збе́дніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць і збядні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Зрабіць бедным на што‑н., у якіх‑н. адносінах; абядніць. Збядніць прыроду, высекшы лес. // Пазбавіць каго‑, што‑н. выразнасці, сілы, своеасаблівасці. Збедніць літаратурны вобраз. □ Паасобныя ж нашы паэты непрыхільнасць да традыцыйнай вобразнасці распаўсюдзілі і на самую народную паэтыку, і гэта іх паззію толькі збедніла. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мара́ль, ‑і, ж.

1. Правілы, нормы паводзін людзей у адносінах паміж сабой. Камуністычная мараль. Буржуазная мараль. □ Маё знаёмства з доктарам з пункту погляду маралі тутэйшых жыхароў адбылося вельмі прыстойна і як мае быць. Васілевіч.

2. Павучальны вывад з чаго‑н. Мараль байкі.

3. Разм. Павучанне, натацыя. [Максім:] — Ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

медыя́тар 1, ‑а, м.

Спец. Тонкая пласцінка (касцяная, цэлулоідная і г. д.) з завостраным канцом, якой іграюць на некаторых струнных музычных інструментах. Каля веснічак .. [Хвядзько] спыняўся, кратаў медыятарам струны і прыслухоўваўся. Лобан.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

медыя́тар 2, ‑а, м.

Спец.

1. Пасрэднік (звычайна ў дыпламатычных адносінах, гандлёвых пагадненнях).

2. Рэчыва, якое перадае нервовы імпульс з нервовых клетак да рабочых органаў жывёльнага арганізма.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыя́зны, ‑ая, ‑ае.

Які недружалюбна настроены ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Нічога добрага для настаўніка не было і ў другой, і ў трэцяй, і ў наступных кучках карт. То замешваўся нейкі злы і хітры мужчына, то непрыязная жанчына, то сумная дарога. Колас. // Які выражае або праяўляе непрыязнасць, недружалюбнасць. У голасе .. [Алі] Леанід пачуў непрыязную насмешку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ршынец, ‑нца, м.

1. Першае, старэйшае дзіця. Яму, першынцу ў сям’і, змалку выпаў нялёгкі абавязак няньчыць меншых братоў і сястрычак. С. Александровіч.

2. перан.; чаго або які. Тое, што з’явілася ці было створана першым у адносінах да наступных падобных прадметаў. На ўскраіне нашага горада разлёгся сваімі новымі карпусамі першынец індустрыялізацыі нашага краю — завод сельскагаспадарчых машын. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстру́ніць, ‑струню, ‑струніш, ‑струніць; зак., каго-што.

Разм. Прымусіць весці сябе як належыць; праявіць строгасць у адносінах да каго‑н. Прыструніць распусніка. □ Не толькі маці, але і сам Нічыпар Патупчык угаварылі дачку, нават прыструнілі, што калі не паслухаецца, то будзе кепска... Кавалёў. — Правільна! — падняў руку каваль. — Усып яму па самую пятніцу! Хто ж можа прыструніць Алеся... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Праяўляць дэспатызм, жорсткасць у адносінах да каго‑н. Фашызм, які тыраніў Польшчу столькі год, больш сюды не вернецца. Пестрак.

2. Здзекавацца з каго‑н., мучыць каго‑н., прыгнятаць. — Я тыраню маці ўдзень і ўночы .. з-за майго кашлю маці пакутуе больш за мяне. Бядуля. [Іван:] — Я тыраніў цябе, Оля? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяце́ра, ‑ы, ж.

Разм.

1. Цецярук. Цяцера прыляцела на чарніцы. Яна ў іх добра разумее смак. Дубоўка. Шумна цяцера ўзляцела, Крыкнула спуджана сойка. Танк.

2. Разм. груб. Някемлівы, няспрытны чалавек; разява. Снуюць яшчэ шаптухі розныя між нас І ухітраюцца на веру Злавіць цяцеру. Корбан.

•••

Глухая (чортава) цяцера (груб.) — абразлівы выраз, які ўжываецца ў адносінах да глухога чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачы́сціць, ачы́шчу, ачы́сціш, ачы́сціць; ачы́шчаны; зак.

1. гл. чысціць.

2. што. Зрабіць чыстым па саставе.

А. спірт.

3. што. Аслабаніць ад каго-, чаго-н.

А. залу.

А. горад ад прышэльцаў.

4. Апаражніць, з’еўшы ўсё (разм.).

А. міску кашы.

5. каго-што. Абакрасці (разм.).

Зладзеі ачысцілі кватэру.

6. Зрабіць чыстым у маральных адносінах.

А. сумленне (перан.).

|| незак. ачышча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. ачы́стка, -і, ДМ -тцы, ж. і ачышчэ́нне, -я, н.

Для ачысткі сумлення (каб супакоіцца; разм.); прым. ачышча́льны, -ая, -ае. Ачышчальныя прыстасаванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)