СТРЭ́ШЫНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана ў 1807 з цэглы. Храм цэнтрычны, складаецца з асн. аб’ёму (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі) і прылеглых да яго з 4 бакоў паўкруглых аб’ёмаў. Асн. аб’ём мае сферычнае пакрыццё, завершаны круглым светлавым барабанам-ратондай з невял. купалам. Аналагічныя вежачкі-ратонды пазначаюць вуглы аб’ёму, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі. Фасады аздоблены пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі, у якіх размешчаны аконныя праёмы. Ў стварэнні арх. рытму фасадаў выкарыстаны авальныя, круглыя і паўкруглыя люкарны. Тры ўваходы вылучаны высокімі мураванымі ганкамі. Пад будынкам зроблена крыпта, у якую вядуць 2 лесвіцы, размешчаныя ў тоўшчы сцяны. У 1989 храм рэстаўрыраваны (арх. В.​Калнін).

А.​А.​Міцянін.

Стрэшынская царква.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОНДАЎЗБРО́ЕНАСЦЬ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

паказчык аснашчанасці вытворчасці асноўнымі вытворчымі фондамі. Вызначаецца памерам асн. вытв. фондаў у разліку на аднаго работніка прадпрыемства. Залежыць ад асаблівасцей канкрэтнай галіны вытв-сці, ад узроўню механізацыі і аўтаматызацыі працы, выкарыстання найноўшых тэхналогій. Узровень Ф.в. ўплывае на прадукцыйнасць працы, аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе якасць і канкурэнтаздольнасць, на змест і ўмовы працы. Рост Ф.в. садзейнічае памяншэнню колькасці работнікаў, вядзе да вызвалення занятых у вытв. сферы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы і развіцця сервізацыі (росту сферы паслуг). Якасныя змены Ф.в. садзейнічаюць сафтызацыі — развіццю вытв. інфраструктуры, здольнай пераўтварыць нематэрыяльныя рэсурсы (паслугі, інтэлектуальны патэнцыял, узровень падрыхтоўкі рабочай сілы) у фактар эканам. развіцця. Высокая Ф.в. ўзаемазвязана з развіццём навукі, вызначае стан аховы здароўя, адукацыі і інш. сфер дзейнасці ў грамадстве.

Л.​М.​Нехарошава.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чарпа́к, ‑а, м.

1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.

2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

turnout

[ˈtɜ:rnaʊt]

n.

1) ма́са прысу́тных

There was a good turnout at the dance — На та́нцах было́ лю́дна

2) аб’ём выпуска́най праду́кцыі, вы́пуск праду́кцыі

3) чыгу́начны разье́зд

4) ча́стка даро́гі для абго́ну

5) esp. Brit.

а) страйк -у m., забасто́ўка f.

б) страйко́вец -ўца, забасто́ўшчык -а m.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Тоўшч, то́ўшча ’таўшчыня’, ’маса якога-небудзь што мае вялікую таўшчыню рэчыва, цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жд. 2, Гарэц., ТС), ’таўшчыня зямлі, не паверхня’ (БРС), ’вышыня стромага берага’ (Др.-Падб., Яшк.), тэўшч ’таўшчыня’ (Янк. 2). Укр. то́вща ’густы лес, нетры’, ’тоўсты слой’, рус. то́лща ’аб’ём; маса цела’, ’гушча’, ’слой, пласт’, ’таўшчыня’, польск. tłuszcz ’тлушч’, tłuszcza ’натоўп людзей, зброд, галота’, чэш. tloušť ’галавень, Leuciscus cephalus’, старое ’таўшчыня’, tloušťka ’таўшчыня, паўната’; славен. старое tọ̑lst (Р. скл. tolstȋ) ’тлушч’, новае tọ́lšča ’тс’, ст.-слав. тлъшта ’таўшчыня’. Прасл. *tъlst‑jь, *tъlst‑ja, утвораныя ад прыметніка *tъlst‑ъ пры дапамозе суф. *‑jь, *‑ja. Да тоўсты (гл.). Аб мене о > э ў лексеме тэўшч гл. Карскі, 1, 156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБАРО́ТНЫЯ СРО́ДКІ,

грашовыя сродкі, прызначаныя на ўтварэнне абаротных вытв. фондаў і фондаў абарачэння. Адна іх частка дзейнічае ў вытв. сферы і набывае форму вытв. запасаў, незавершанай вытворчасці і наступных затрат, другая абслугоўвае сферу абарачэння і набывае форму гатовых вырабаў, грашовых сродкаў і сродкаў у разліках. Асн. крыніца фарміравання першых — даход (прыбытак), другіх — кароткатэрміновы крэдыт. Эфектыўнасць выкарыстання абаротных сродкаў характарызуецца колькасцю абаротаў (каэфіцыентам абарачэння) і працягласцю аднаго абароту (хуткасцю абароту).

Колькасць абаротаў вызначаецца па формуле Ка=РП:А, дзе РП — аб’ём рэалізаванай прадукцыі за дадзены перыяд, А — сярэднегадавая сума абаротных сродкаў за гэты ж перыяд. Хуткасць абароту (у днях) вызначаецца па формуле: Ха=Д:Ка, дзе Д — колькасць дзён у перыядзе. Паскарэнне абарачальнасці абаротных сродкаў — адна з важных умоў эканоміі сродкаў, павышэння эфектыўнасці вытв-сці.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНА ХВАРО́БА,

храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.​Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл. Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.

Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл. гл. да арт. Вуха.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎПАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в. Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр. ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).

Ю.​А.​Якімовіч, А.​А.​Ярашэвіч.

Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)