КАНДЭ́ЛА ((Candela) Фелікс) (н. 27.1.1910, Мадрыд),

іспанскі і мексіканскі інжынер і архітэктар. Скончыў Вышэйшую школу архітэктуры Мадрыдскага ун-та (1935). У 1939 эмігрыраваў у Мексіку. Стваральнік жалезабетонных скляпенняў-абалонак розных форм; распрацаваў танкасценныя пакрыцці ў форме гіпербалічных парабалоідаў. Спраектаваў і пабудаваў у Мехіка навук. лабараторыі ун-та (1950—52) і Ледэрле (1955), будынак фірмы Бакардзі (1959; усе ў сааўт.), царкву Ла Вірхен Мілагроса (1954), Алімп. палац спорту (1966—68) і інш.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),

іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НІНГТАН ((Bonington) Рычард Паркс) (25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),

англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.

Р.П.Бонінгтан. Венецыя. 1820-я г.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСА́РА ((Pizarro) Франсіска) (каля 1479, г. Трухільё, Іспанія — 26.6.1541),

іспанскі канкістадор. Удзельнік экспедыцыі А. дэ Ахеды да берагоў Паўд. Амерыкі (1509) і заваявання тэр. Панамы (1510). У 1513 разам з В.Нуньесам дэ Бальбоа перасек Дар’енскі (цяпер Панамскі) перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага акіяна. У 1532—36, выкарыстаўшы міжусобную барацьбу сярод інкаў, заваяваў і знішчыў іх дзяржаву Таўантынсую. У 1535 заснаваў г. Ліма. Жорстка задушыў паўстанне індзейцаў (1535—37). Забіты прыхільнікамі Д.Альмагра.

М.​К.​Багадзяж.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЭ́ГА (Garcilaso de la Vega; 6.2.1503, г. Таледа, Іспанія — 14.10.1536),

іспанскі паэт, буйнейшы прадстаўнік ранняга ісп. Адраджэння. Быў дыпламатам пры двары Карла V, удзельнічаў у ваен. паходах, доўгі час жыў у Неапалі. Рэфармаваў ісп. верш, шырока ўводзіў італьян. памеры і цвёрдыя страфічныя формы (актава, санет, канцона). У лепшых сваіх творах — санетах і эклогах — апяваў прыгажосць свету і чалавечых пачуццяў (выд. ў 1543).

Тв.:

Рус. пер. [Стихи);

Сонеты // Поэзия испанского возрождения. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕЛЬЕ́С (Хуан Хуанавіч) (8.4.1900, г. Херас, Іспанія — 25.8.1972),

іспанскі і рас. мікрабіёлаг і фармаколаг. Акад. АМН СССР (1969), чл.-кар. Акадэміі медыцыны Іспаніі. Скончыў Мадрыдскі ун-т (1921). З 1930 дырэктар Ін-та клінічных даследаванняў у Мадрыдзе, з 1936 нач. сан.-мед. службы Рэсп. арміі, потым статс-сакратар аховы здароўя Іспанскай рэспублікі. З 1939 у СССР. З 1943 у Ін-це эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМН СССР. Навук. працы па біял. стандартызацыі фармацэўтычных і біяпрэпаратаў, сульфаніламідах, пытаннях лек. устойлівасці мікробаў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКАНА́ДА ((Arconada) Сесар Муньёс) (5.12.1898, Астудыльё — 10.3.1964),

іспанскі пісьменнік. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 жыў у СССР. Выдаў зб-кі сюррэалістычных вершаў «Смага» (1921), «Горад» (1928). У раманах «Турбіна» (1930), «Беднякі супраць багацеяў» (1933), «Падзел зямлі» (1934) карціны жыцця іспанскай вёскі 1920—30-х г. Тэме грамадз. вайны ў Іспаніі прысвяціў раман «Рака Таха» (1938). Аўтар паэмы «Далорэс» (1949), трагедыі «Мануэла Санчэс» (1949).

Тв.:

Рус. пер. — Река Тахо. М., 1941;

Испания непобедима: Сб. рассказов. М., 1943.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А ((Altamira y Crevea) Рафаэль) (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),

іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.​Франка (1939) у эміграцыі.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДЭ́М, Бардэм Муньёс (Bardem Munos) Хуан Антоніо (н. 2.7.1922, Мадрыд), іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Займаўся ў Ін-це вывучэння і практыкі кінематаграфіі ў Мадрыдзе. Па сваіх сцэнарыях паставіў фільмы «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956), «Помста» (1957), якія рэзка адрозніваліся ад масавай камерц. і прафаш. кінапрадукцыі краіны. У 1960-я г. адышоў ад асн. праблематыкі сваёй творчасці. Змяненне паліт. сітуацыі ў краіне (пасля смерці ген. Франка) садзейнічала адраджэнню ў яго творчасці тагачасных праблем: фільмы «Мост» («Канец тыдня», 1977), «Сем дзён у студзені» (1978) і інш.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)