БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,

здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАНА ЭФЕ́КТ,

тое, што тэрмаэлектронная эмісія.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МАНА ЭФЕ́КТ,

тое, што камбінацыйнае рассеянне святла.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ЭФЕ́КТ у біялогіі,

тэндэнцыя да павелічэння колькасці, разнастайнасці і шчыльнасці арганізмаў у экатонах — пераходных зонах паміж рознымі ландшафтамі (напр., лесам і стэпам, вадой і сушай). Назіраецца на ўскраінах 2 суседніх біягеацэнозаў і ў пераходных паясах паміж імі; эфект узлеску. Адзначаецца пры чаргаванні розных ландшафтаў і ў месцах змены іх структурных падраздзяленняў (напр., на межах розных раслінных згуртаванняў).

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Джоўля—Томсана эфект 4/183—184, 541; 10/267; 11/17

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне намагнічанасці ў крышталях пры змяшчэнні іх у эл. поле. Вызначаецца формулай I = aE, дзе I — намагнічанасць, E — напружанасць эл. поля, α — каэфіцыент прапарцыянальнасці. Прадказаны Л.Д.Ландау і Я.М.Ліфшыцам (1957), эксперыментальна адкрыты ў 1960. Назіраецца ў магнітаўпарадкаваных крышталях (антыфера-, феры- і ферамагнетыках). Макс. значэнне каэфіцыента α для аксіду хрому Cr2O3 каля 2∙10​−6 A/B. Існуе і адваротны эфект — узнікненне эл. палярызацыі пры змяшчэнні крышталя ў магн. поле.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),

паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.

С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне пастаяннага току ці электрарухальнай сілы ў праводным асяроддзі (метал, паўправаднік) пад уздзеяннем бягучай ультрагукавой (УГ) хвалі. Адкрыты Г.​Вайнрахам і Х.​Дж.​Уайтам (ЗША, 1957) у монакрышталях германію. Паяўленне эл. току звязана з перадачай імпульсу (і адпаведна энергіі) ад гукавой хвалі электронам праводнасці. Пад уздзеяннем УГ хвалі ў правадніку ўзнікаюць лакальныя эл. палі, якія распаўсюджваюцца разам з хваляй і захопліваюць носьбіты зараду, што прыводзіць да ўзнікнення акустаэл. току. Акустычны эфект адносіцца да нелінейных эфектаў (гл. Нелінейная акустыка). Выкарыстоўваецца для вымярэння магутнасці УГ сігналу, частотных характарыстык УГ пераўтваральнікаў, для даследавання эл. уласцівасцяў паўправаднікоў.

У.​М.​Белы.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНУСА ЭФЕ́КТ,

узнікненне папярочнай сілы, якая дзейнічае на цела, што верціцца ў патоку вадкасці або газу. Адкрыты ў 1892 ням. вучоным Г.​Г.​Магнусам.

Напр., пры абцяканні бясконца доўгага кругавога цыліндра, які верціцца, безвіхравым патокам, накіраваным перпендыкулярна да яго ўтваральных, з прычыны вязкасці вадкасці скорасць цячэння з таго боку, дае напрамкі скарасцей патоку і вярчэння цыліндра супадаюць, павялічваецца, а дзе яны процілеглыя — памяншаецца. У выніку ціск на адным баку памяншаецца, а на другім павялічваецца, што прыводзіць да ўзнікнення папярочнай сілы. Аналагічная сіла ўзнікае і пры абцяканні патокам паветра шара, які верціцца, чым тлумачыцца непрамалінейны палёт закручанага тэніснага ці футбольнага мяча.

Да арт. Магнуса эфект: v→ — скорасць патоку вадкасці або газу; F→ — папярочная сіла.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́БІНДЭРА ЭФЕ́КТ,

эфект адсарбцыйнага зніжэння трываласці цвёрдага цела з прычыны абарачальнага фіз.-хім. ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адкрыты П.А.Рэбіндэрам у 1928.

Праяўляецца ў шматразовым зніжэнні трываласці, павышэнні крохкасці, памяншэнні даўгавечнасці цвёрдага цела (напр., растрэскванне шкла, горных парод у прысутнасці вады, разбурэнне палімерных матэрыялаў пад уплывам арган. растваральнікаў), а таксама павышэнні пластычнасці цвёрдых матэрыялаў і аблягчэнні іх дыспергавання. Паверхневымі працэсамі, што выклікаюць Р.э., акрамя адсорбцыі, могуць быць змочванне (асабліва цвёрдых цел расплавамі, блізкімі, па малекулярнай прыродзе), эл. зараджанне паверхні, хім. рэакцыі. Выкарыстоўваюць Р.э. для аблягчэння апрацоўкі металаў ціскам і рэзаннем, тонкага драбнення горных парод і цэментнага клінкеру, пры свідраванні і праходцы тунэляў.

Літ.:

Горюнов Ю.В., Перцов Н.В., Сумм Б.Д. Эффект Ребиндера. М., 1966.

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)