БІЯФІЗІКА
На Беларусі біяфізіка спачатку развівалася як частка іншых навук (біяхіміі, фізіялогіі, фотабіялогіі) працамі А.А.Ахрэма, Ц.М.Годнева, Г.П.Гурыновіча, К.М.Салаўёва, М.Ц.Чайкі, А.А.Шлыка, іх супрацоўнікаў і вучняў. У сярэдзіне 20 ст. яна сфарміравалася ў самастойную дысцыпліну. Далейшыя даследаванні ў галіне біяфізікі звязаны з імем С.В.Конева і яго школы. У Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі, створаным у 1973 на базе лабараторыі біяфізікі і ізатопаў (з 1957), вядуцца цыклы прац па старэнні арганізма, біяфізіцы зроку, біяэнергетыцы, фатоніцы бялкоў, міжклетачных кантактах, рэгулятарнай ролі біямембран і інш. (С.Л.Аксенцаў, І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, І.М.Окунь, А.М.Рудзянок, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі і інш.). У інстытуце ўпершыню ў свеце выкарыстоўваецца метад электроннамікраскапічнай крыяфрактаграфіі для візуалізацыі ультраструктурнай рэарганізацыі біямембран пры віруснай інфекцыі (У.А.Кірылаў), распрацоўваюцца новыя эфектыўныя маркеры транспартных бялкоў крыві і іх выкарыстанне ў мед. дыягностыцы (В.Б.Гаўрылаў з супрацоўнікамі).
Праблемамі біяфізікі займаецца таксама шэраг акадэмічных ін-таў. У Ін-це фізікі даследавана энергетыка малекул хларафілу і парфірынаў, тушэнне люмінесцэнцыі, створаны мадэлі фотасінтэзу (Г.П.Гурыновіч, У.М.Джагараў, Э.І.Зянкевіч, А.П.Лосеў, К.М.Салаўёў). У Ін-це біяарганічнай хіміі вывучаюць фазавыя пераходы ліпідаў у мембранах, напружаны стан ліпіднага біслоя як фактару рэгуляцыі каталітычнай актыўнасці монааксігеназ (А.А.Ахрэм, П.А.Кісялёў). У Ін-це біяхіміі І.Б.Заводнік і І.І.Сцяпура з супрацоўнікамі развіваюць канцэпцыю механізмаў пашкоджання эрытрацытаў, вывучаюць узаемадзеянне паміж кафактарамі або вітамінамі з мембранай. На кафедры біяфізікі ў БДУ С.М.Чаранкевіч з супрацоўнікамі даследуюць канцэрагенез, жыццёвую ролю актыўных форм кіслароду і азоту, хім. формы фосфаліпідаў, структурныя аспекты функцыянавання біямембран. У Мінскім медыцынскім ун-це (Я.І.Баркоўскі з супрацоўнікамі) вядуцца даследаванні па класіфікацыі, будове, складзе і функцыях мембранназвязанай адэнілатцыклазы. Кантакты і абмен інфармацыяй паміж вучонымі адбываюцца на рэгулярных канферэнцыях фотабіёлагаў і біяфізікаў, Годнеўскіх чытаннях, чытаннях памяці А.А.Шлыка, біяфізічных семінарах.
Літ.:
Биофизика. М., 1983;
Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;
Фотобиология и мембранная биофизика. Мн., 1999;
Биофизика живых систем: от молекулы к организму. Мн., 2002.
С.В.Конеў.
т. 18, кн. 2, с. 566