прамакну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
Асушыць чым‑н., што ўбірае ў сябе вільгаць (прамакальнай паперай, марляй і пад.). Толя скончыў яшчэ адну старонку, старанна прамакнуў напісанае і запытальна паглядзеў на старшую піянерважатую. Шыловіч. Камендант зноў прамакнуў насоўкай пот на твары, на лысіне. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́ссып, прысл.
1. У розныя бакі. Бегчы ўроссып. □ Куры ашалела кінуліся ўроссып, далей ад небяспекі. Шыловіч.
2. Асобна, не разам. На доўгіх століках, уроссып, Як карапузы-хлапчукі, Нядаўна вымытыя ў росах, На сонцы спяць баравікі. Гілевіч. Стануць уроссып касцы на палосах, рушыць да бою працоўная раць. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́йсьці, чыйсьці, чыёсьці; займ.
неазначальны. Які невядома каму належыць. Маленькія камарыкі-таўкунчыкі кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку. Колас. Я ўжо хацеў паспрабаваць шчасця, як раптам пачуў за спінай чыйсьці незнаёмы голас: — Ты што робіш тут, хлопчык? Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Разм. Прывесці ў парадак што‑н.; надаць належны выгляд, давесці да ладу. Заставалася спарадкаваць толькі цыбулю. Шыловіч. Памылі і спарадкавалі пасуду. Кожная рэч у доме старога рыбака цяпер стаяла на вызначаным ёй месцы і, як калісьці пры бабцы Тадоры, зіхацела чысцінёй. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарава́ры, ‑аў; адз. няма.
Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, а жанчыны носяць навыпуск. Мужчыны носяць шырокія, увабраныя ў боты шаравары, доўгія, ніжэй калена, вышываныя кашулі. Сачанка. // Шырокія спартыўныя штаны (доўгія ці кароткія). Хлопчыку цёпла ў шарсцяным світэры і лыжных шараварах. Шыловіч.
[Перс.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмаргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр., каму.
Маргнуць, ухваляючы што‑н. або робячы намёк ці звяртаючы ўвагу на што‑н. — Ды я ведаю, што пан шляхетны і не захоча крыўдзіць беднага чалавека, — шматзначна падмаргнуў селянін фурману. Пальчэўскі. Сярожа ўсміхнуўся і падмаргнуў сябру: «Я так і ведаў!». Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашо́тчаты, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўяўляе сабой рашотку (у 1 знач.), зроблены ў выглядзе рашоткі; які нагадвае рашотку. Праз .. вязь рашотчатых ферм курыўся блакітны дымок — некуды бег, спяшаючыся, паравоз. Лынькоў. Рашотчатая бакавіна балкона па-ранейшаму ўпіралася.. [Казіку] ў грудзі. Шыловіч.
2. Загароджаны рашоткай. У рашотчатых вокнах царкоўных муроў сонна вохкалі галубы. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спахмурне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зрабіўся хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Я сядзеў ля адчыненага акна і з надзеяй пазіраў на спахмурнелае неба: хоць бы адзін прасвет. Шыловіч.
2. Які стаў панурым, сумным (пра чалавека). Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Колас. Па раптам спахмурнелым.. [Алесевым] твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́карабкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. З вялікімі цяжкасцямі вылезці, выбрацца адкуль‑н. [Піліп Андрэевіч:] — Пакаціліся — то я.. [Сеньку] пад сябе падбяру, то ён наверх выкарабкаецца. Краўчанка. Міша сутаргава хапаўся рукамі за лёд, але выкарабкацца [з вады] не мог. Шыловіч. // перан. Выйсці, вызваліцца з цяжкага становішча. Як бы сабе ні было, а ён [Арцыховіч] выкарабкаўся з непрыемнага становішча. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгарэ́ць, ‑рыць; зак.
1. Згарэць, падпячыся з бакоў, знізу або, прыгарэўшы, набыць пах гарэлага. Пірог падгарэў. Малако падгарэла. □ Ніхто лепш за.. [пастуха] не пакажа, як зрабіць галасістую дудачку з вярбы альбо спячы ў прыску бульбы, каб яна нідзе не падгарэла. Шыловіч.
2. Згарэць знізу, пры зямлі. Дрэва падгарэла. □ Расошкі падгарэлі, і іх прыйшлося замяніць новымі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)