МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),

чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).

Літ.:

Пражский лингвистический кружок. М., 1967.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ВРАЦІЛЬ (Navrátil),

Іозеф (17.2.1798, Слані каля г. Кладна, Чэхія — 21.4.1865), чэшскі жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Пражскай АМ (1819—23). Аўтар манум. размалёвак у замках ў Лібехаве (1838—43), Кленаве (1840), Йірні (1845—47, 1857), Плошкавіцы (1853—54), будынках Новай мукамольні (1847—50) і доме Ваўры (1847) у Празе. Пісаў невял. па памерах пейзажы, нацюрморты, карціны быт. жанру, якія вызначаюцца свабоднай лепкай формы і сакавітым каларытам: серыя «Паляванне на ліса», «Вадаспад у вёсцы», «Маці з дзіцем», «Малочніца на вуліцы», «Сцэна ў стылі ракако», «Танцоўшчыцы», «Селядцы на талерцы» і інш.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБРЫХ ((Olbrich) Іозеф Марыя) (22.12.1867, г. Опава, Чэхія — 8.8.1908),

аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік венскага мадэрну. Вучань О.Вагнера. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1897) і Дармштацкай калоніі мастакоў (1899). Пабудовам О. ўласцівы смеласць канстр. вырашэнняў, спалучэнне функцыян. і дэкар. элементаў, выразнае супастаўленне манум. аб’ёмаў з каменю з лёгкімі формамі са шкла, гладкіх і расчлянёных плоскасцей сцен, выкарыстанне паліхроміі, геам. ці схематызаванага расл. арнаменту. Асн. творы: будынак «Венскага Сецэсіёну» (1897—98) у Вене, дом Э.​Людвіга (1900—01), выставачны будынак і «Вясельная вежа» (1907—08) у Дармштаце (Германія) і інш.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КАРНІ, Покарны (Pokorny) Карал (18.1.1891, Паўліцы, каля г. Знойма, Чэхія — 14.2.1962), чэшскі скульптар. Нар. мастак Чэхаславакіі (1956). Ганаровы чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе (1911—14), АМ (1914—17) у І.​Мысльбека ў Празе. Аўтар рэалістычна абагульненых па формах твораў: помнікі загінуўшым шахцёрам у Лазах (1925), у Осеку (1936—38), А.​Ірасеку (1952), Б.​Немцавай (1954) у Празе, рэльефы для Нац. помніка ў Празе (1936—38), манумент «Братанне» ў г. Чэска-Тршэбава (1947—50). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1949, 1952, 1955.

Літ.:

Колпинский Ю.Д. Карел Покорны. М., 1961.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ДЛАЧАК ((Sedlácčk) Войцех) (9.9.1892, Лібчані, Чэхія — 3.2.1973),

чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Пражскай АМ (1911—20). Зазнаў уплывы А.​Славічака і Я.Прэйслера. Чл. аб’яднанняў «Умелецкая бяседа» (1913), «Галар» (1919). Творчасці характэрны арыентацыя на рэаліст. традыцыі нац. мастацтва, лірыка-эпічная манера выканання. Аўтар жывапісных кампазіцый «Валацуга» (1924), «Збор бульбы» (1934), «У вёсцы» (1941), «Восень на палях» (1952), «Восень на загуменні» (1954), графічных работ «Цыганка» (1916), «Садоўніца» (1920), «Праца ў полі» (1971). Аформіў кнігі Я.​Гербена, братоў Мрштыкаў.

Літ.:

Современное чешское и словацкое искусство. Л., 1989.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НЕВІЦ ((Bennewitz) Антанін) (26.3.1833; Пршывраці, каля г. Літамішль, Чэхія — 29.5.1926),

чэшскі скрыпач і педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1852). У 1852—66 канцэртмайстар аркестраў у Празе, Зальцбургу, Штутгарце; канцэртаваў у Парыжы і Бруселі. З 1866 праф., у 1882—1901 дырэктар Пражскай кансерваторыі. З 1880 кіраўнік струннага квартэта Пражскага ням. камернага т-ва. Адзін са стваральнікаў Чэшскага квартэта (1891). Арганізатар публічных канцэртаў, у якіх удзельнічаў як ансамбліст (у трыо з Б.Сметанам і інш.). Дзякуючы Беневіцу-педагогу чэш. скрыпічная школа набыла сусв. вядомасць. Сярод яго вучняў О.​Шэўчык, Ф.Ондржычак, І.Сук, О.​Недбал.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),

чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.​Ірасека), Ранк («Нора» Г.​Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОТ ((Gott) Карэл) (н. 14.7.1939, г. Пльзень, Чэхія),

чэшскі эстрадны спявак (тэнар). Нар. арт. ЧССР (1985). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1965, клас К.​Карэніна). Дэбютаваў у 1959. У 1960-я г. саліст т-раў «Семафор», «Апола». Валодае моцным прыгожым голасам. У рэпертуары класічныя арыі, нар. песні, джазавыя балады, сучасныя эстр. песні. Здымаецца ў кіно. Лаўрэат прэмій «Залаты салавей» (7 разоў, з 1963), «Залаты голас Прагі», 1-ы прыз на міжнар. конкурсе эстр. спевакоў у (Сопаце (Польшча, 1964), 1-я прэмія на міжнар. конкурсах песні ў Сан-Рэма (Італія) і Кане (Францыя; абодва (1966).

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЧАР ((Gočár) Іосеф) (14.3.1880, Семін, каля Пршэлавуча, Чэхія — 10.9.1945),

чэшскі архітэктар. Вучыўся ў Празе ў Вышэйшай прамысл. (1898—1902) і Мастацка-прамысл. (1902—05) школах у Я.​Котэры. З 1923 выкладаў у Пражскай АМ. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да функцыяналізму. Відны прадстаўнік т.зв. чэшскага арх. кубізму з характэрнымі для яго гранёнымі геам. формамі ў афармленні карнізаў, балконаў, завяршэнняў акон і інш. Яго пабудовы (дом «Каля Чорнай Божай маці» ў Празе, 1911—12; яслі, 1924; гімназія, 1924—26; царк. комплекс, 1926—29; усе ў Градзец-Кралаве) вылучаюцца свабодай і мэтазгоднасцю прасторавай кампазіцыі, строгай адточанасцю формаў і прапорцый.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),

расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.​Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.​Глінкі. Сярод яго вучняў: С.​Барцэвіч, Д.​Крэйн, Л.​Любошыц, А.​Магілеўскі, А.​Печнікаў, М.​Прэс, М.​Эрдэнка.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)