ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,

фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.

Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНАЕ КВАНТАВА́ННЕ,

метад апісання квантавых сістэм з вял. пераменнай колькасцю часціц, у якім ролю незалежных пераменных хвалевых функцый выконваюць лікі часціц у індывід. станах асобнай часціцы (т.з. лікі запаўнення).

Д.к. распрацавана П.Дзіракам для базонаў (1927) і незалежна Ю.Вігнерам і ням. фізікам П.​Іорданам для ферміёнаў (1928). Д.к. дасягаецца ўвядзеннем аператараў, што павялічваюць (аператары нараджэння) або памяншаюць (аператары знікнення) лік часціц у вызначаным стане на 1. Матэм. ўласцівасці такіх аператараў устанаўліваюцца перастановачнымі суадносінамі (камутантамі), выгляд якіх вызначаецца спінам часціцы (відам квантавай статыстыкі). Пры такім падыходзе хвалевая функцыя сама становіцца аператарам. Д.к. выкарыстоўваецца ў квантавай тэорыі поля.

А.​І.​Балсун.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на рухомую зараджаную часціцу ў эл.магн. полі; адно з важнейшых паняццяў электрадынамікі. Матэматычна вызначана Х.А.Лорэнцам у выніку абагульнення эксперым. даных.

Вызначаецца формулай: F = qE + qv × B , дзе q — зарад часціцы, E — напружанасць эл. поля, Bмагн. індукцыя, v — скорасць часціцы адносна сістэмы каардынат, дзе вызначаны велічыні F, E і B. Першы член у правай частцы формулы абумоўлены эл. полем, другі — магн. полем. Магн. частка Л.с. падобная на Карыяліса сілу ў механіцы: дзейнічае на рухомы зарад перпендыкулярна яго скорасці — захоўвае пастаяннай энергію зараду і змяняе толькі напрамак яго імпульсу. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы, Тэрмамагнітныя з’явы.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.

Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антыбарыёны

(ад анты- + барыёны)

элементарныя часціцы, якія з’яўляюцца антычасціцамі ў адносінах да барыёнаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антыква́ркі

(ад анты- + кваркі)

элементарныя часціцы, якія з’яўляюцца антычасціцамі ў адносінах да кваркаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антылепто́ны

(ад анты- + лептоны)

элементарныя часціцы, якія з’яўляюцца антычасціцамі ў адносінах да лептонаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛЮО́НЫ (ад англ. glue клей),

электрычна нейтральныя часціцы з нулявой масай спакою і спінам 1, якія характарызуюцца спецыфічным квантавым лікам — ко́леравым зарадам (колерам). Глюоны з’яўляюцца пераносчыкамі моцнага ўзаемадзеяння паміж кваркамі і «склейваюць» іх у адроны.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Анё́, анё́ж, аня́ж, аняго́, аняго́ж, аняго́ні, аняго́жчы, ’няўжо, хіба’ (Касп., Бяльк.). Гэты рад прыслоўяў утвораны з узмацняльнай часціцы а‑, прыставачнага элемента не (ня) (гл. Шуба, Прыслоўе, 167), займеннікавага элемента ё, яго і часціцы ж (магчыма, паўторнага ні). Утварэнне некаторых з гэтых прыслоўяў патрабуе ўдакладненняў (напрыклад, ці не ўдзельнічае ў іх утварэнні прыметнік гожы?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАРЫЁНЫ,

цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.

Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 10​32 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.

А.​І.​Болсун.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)