шмыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Тое, што і шмыгнуць. [Петрык:] — Ты [Антусёк] дазволу не пытай — Шмыганём употай: Хай злуе важаты, хай Нас шукае потым... Гілевіч. Пакуль мама карміла малога, нянька ціхенька шмыганула за дзверы. Брыль. Вулька зразумела, ці мо адчула, што гаворка павінна весціся без яе, устала з лаўкі і шмыганула ў сенцы. Кулакоўскі. Дарога спусцілася ў лагчынку, паднялася на пагорак, павярнула направа і шмыганула ў хвойнік. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.
2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шо́лах, ‑у, м.
Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́нава, прысл.
1. Не так, як раней, іначай, па-новаму. Пасля зімы чалавек пазнае зямлю нанава. Пташнікаў. Трэба было папраўляць літаральна ўсё.. — іначай кажучы, пісаць аповесць нанава, зусім другой танальнасці. Скрыган.
2. Яшчэ раз; зноў, спачатку. Песня непасрэдна абуджае пачуцці, змушае быццам нанава перажываць радасць, крыўду, нянавісць. Шырма. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет. Чарнышэвіч. І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава Максім Сцяпанавіч не мог. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.
2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Выставіць вонкі, паказаць што‑н. Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прачыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Пальчэўскі. Я ціхенька выцягнуў і паклаў на калені стрэльбу, якую ўжо быў высунуў у «акенца». Ляўданскі.
2. Перамясціць на адкрытае месца. Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Гарэцкі. // Выцягнуць, дастаць што‑н. знутры чаго‑н. Высунуць шуфляду са стала.
3. перан. Прапанаваць для абмеркавання; выставіць прапанову. Высунуць план, праект.
•••
Высунуць (выткнуць) нос — выйсці з дому, паказацца дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
1. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Людміла Сяргееўна паглядзела на неба і ціхенька праспявала: «Колькі ў небе зор...» Радкевіч. // Вымавіць нараспеў. — Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас. Карпаў. — А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць, — праспявала Вікторыя Аркадзеўна. Паслядовіч. // Утварыць пявучыя гукі. Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць. Гурскі. Прыгожа праспяваў ражок стрэлачніка. Васілёнак.
2. Спяваць некаторы час. Ноч перад тым, як пакінуць Дзяляцічы, амаль усю праспявалі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.
2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.
1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.
2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.
3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.
•••
Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)