ПАРА́МЕТР (ад грэч. parametros які адмервае, супастаўляе) у матэматыцы, велічыня, значэнні якой служаць для адрознення элементаў якога-н. мноства адзін ад аднаго. Напр., у дэкартавых каардынатах ураўненне (x − a)​2 + (y − b)​2 = 1 вызначае ўсе акружнасці адзінкавага радыуса з цэнтрам у пункце (a,b). Калі надаць, напр., значэнні a = 3 і b = 4, то будзе выдзелена пэўная акружнасць з зададзенага мноства, г.зн. лікі a і b з’яўляюцца П. разгляданага мноства. П. наз. таксама дапаможная пераменная велічыня, якая ўводзіцца для параметрычнага прадстаўлення функцый. Напр., эліпс x​2/4 + y​2/9 = 1 задаецца таксама параметрычным ураўненнем x = 2cost, y = 3sint, дзе 0 ≤ t ≤ 2.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТОКС (Stokes) Джордж Габрыэль (13.8.1819, Скрын, Вялікабрытанія — 1.2.1903),

англійскі фізік і матэматык, адзін са стваральнікаў гідрадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1851) і яго прэзідэнт (1885—90). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1841), дзе і працаваў (з 1849 праф.). Навук. працы па гідрадынаміцы, оптыцы, гравіметрыі і вектарным аналізе. Распрацаваў тэорыю руху вязкай вадкасці (ураўненне Наўе — С.), вызначыў сілу супраціўлення руху шара ў вадкасці (гл. Стокса закон). Устанавіў сувязь паміж даўжынёй хвалі фоталюмінесцэнцыі і даўжынёй хвалі ўзбуджальнага святла (правіла С.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм вектарнага аналізу (гл. Стокса формула). Яго імем названа адзінка кінематычнай вязкасці ў СГС сістэме адзінак — стокс.

Дж.Г.Стокс.

т. 15, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕ́РА (ад грэч. sphaira шар) у матэматыцы, геаметрычнае месца пунктаў прасторы, адлегласць ад якіх да пэўнага фіксаванага пункта (цэнтра) — велічыня пастаянная (радыус). С. можна разглядаць як паверхню, утвораную ад вярчэння акружнасці вакол свайго дыяметра.

Ураўненне С. з цэнтрам у пункце O (a, b, c) у дэкартавай прамавугольнай сістэме каардынат: (x − a)​2 + (y − b)​2 + (z − c)​2 = r​2, дзе r — радыус С., a, b, c — каардынаты пункта O. Плошча паверхні С. вызначаецца формулай S = 4πr Частка прасторы, абмежаваная С., наз. шарам. Сячэнне С. адвольнай плоскасцю — акружнасць. Датычная плоскасць да С. перпендыкулярная радыусу. праведзенаму ў пункт дотыку. Гл. таксама Сферычная сістэма каардынат.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

невядо́мы, -ая, -ае.

1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы.

Н. востраў.

2. Які не карыстаецца вялікай папулярнасцю; малавядомы.

Н. аўтар.

3. Нязведаны, не перажыты раней.

Невядомае пачуццё.

4. у знач. наз. невядо́мы, -ага, м.; невядо́мая, -ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая.

Прыходзіў н.

5. у знач. наз. невядо́мае, -ага, н. Аб чым-н. нязведаным.

Крок у невядомае.

6. у знач. наз. невядо́мае, -ага, н. У матэматыцы: велічыня, якую трэба знайсці.

Ураўненне з двума невядомымі.

|| наз. невядо́масць, -і, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),

геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.

Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y​2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬ да паверхні ў пункце,

плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.

Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, y, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, y0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце M0. Д.п. да паверхні σ у пункце M0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да M0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.

Датычная плоскасць.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́РСКІ Пётр Іванавіч (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),

расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АН СССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).

Літ.:

П.​И.​Лукирский. М., 1959;

Физики о себе. Л., 1990. С. 192—199.

П.І.Лукірскі.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,

вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.

Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і. Fτ→ = −ma→τ і нармальную (цэнтрабежную) С.і. F→n = −ma→n , дзе m — маса часціцы, a→τ — тангенцыяльнае паскарэнне, a→n — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд ma→ад = F→ + F→пер + F→кар , дзе F→ — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу; F→пер = −ma→пер — пераносная С.і.; a→ад і a→пер — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), F→кар — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл. Эквівалентнасці прынцып).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алгебраі́чны

(ад алгебра)

які мае дачыненне да алгебры;

а-ая функцыя — функцыя, звязаная з незалежнай пераменнай велічынёй алгебраічным ураўненнем;

а-ае ўраўненне — ураўненне, кожная частка якога з’яўляецца мнагачленам адносна невядомых лічбаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)