ГРАФЕКО́Н (ад графа... + грэч. eikōn відарыс),

тып запамінальнай электронна-прамянёвай трубкі з 2 электроннымі пучкамі (запісвальным і счытвальным). Відарыс запісваецца ў выглядзе патэнцыяльнага рэльефу на дыэлектрычнай мішэні, нанесенай на эл.-праводную падкладку (сігнальную пласціну). Запіс і счытванне інфармацыі могуць адбывацца адначасова і незалежна. Колькасць цыклаў счытвання дасягае некалькіх тысяч (пры аднаразовым запісе); раздзяляльная здольнасць — да 1200 радкоў. Запіс (без счытвання) на мішэні можа захоўвацца на працягу некалькіх сутак і больш. Выкарыстоўваецца для ўзаемнага пераўтварэння відарысаў: радыёлакацыйнага ў тэлевізійны, з аднаго тэлевізійнага стандарта ў другі і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦЭ́НКА Мікалай Алімпіевіч (24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.​Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСІЛАШВІ́ЛІ Алег Валяр’янавіч (н. 26.9.1934, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 працуе ў Вял. драм. т-ры імя Г.​А.​Таўстаногава (С.-Пецярбург). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Вайніцкі, Прозараў («Дзядзя Ваня», «Тры сястры» А.​Чэхава), князь Серпухаўскі («Гісторыя каня» паводле аповесці Д.​Талстога «Халстамер») і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Жывы труп», «Службовы раман» (Дзярж. прэмія Расіі (1979), «Асенні марафон», «Вакзал для дваіх», «Прадказанне», «За беднага гусара закіньце слоўца» (тэлевізійны) і інш.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКАЯ Настасся Аляксандраўна (н. 19.12.1944, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

серыя́л

(англ. serial, ад лац. serias = рад)

тэлевізійны фільм, які налічвае многа серый.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Тэлеві́зія ‘тэлебачанне’ (ВСБМ; Рамза, Бел. гутарк.), телʼеві́зіjа ‘тс’ (Вруб.); сюды ж тэлевізі́йны ‘звязаны з тэлебачаннем’ (ТСБМ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, магчыма, праз польск. telewizja ‘адзін з відаў тэлекамунікацыі’, telewizyjny ‘прызначаны для трансляцыі тэлеперадач’. Гл. папярэдняе слова. Аналагічнага паходжання тэлеві́зар ‘апарат для прыманю тэлеперадач’ (ТСБМ) — еўрапеізм, утварэнне гібрыднага тыпу ад грэч. τῆλε ‘далёка’ (гл. тэле-) і лац. visor ‘той, хто бачыць; глядач’ (Длугаш-Курчабова, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДАЛЬ Алег Іванавіч (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),

рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.​Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.

Літ.:

Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАВА Ала Сяргееўна (н. 29.9.1936, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскі ун-т (1960), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1964). Працавала ў Маск. т-ры драмы і камедыі на Таганцы (да 1991). Яе мастацтва вызначаюць інтэлектуальнасць, эмац. насычанасць пры знешняй стрыманасці і строгасці: Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Федра («Федра» М.​Цвятаевай) і інш. У кіно з 1957: «Дзённыя зоркі», «Іду да цябе», «Люстэрка», «Шчыт і меч», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977), «Шклянка вады» (тэлевізійны) і інш. Стваральнік (1991) і кіраўнік прыватнага т-ра «А».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБРО́ЛЬ (Chabrol) Клод (н. 24.6.1930, Парыж),

французскі кінарэжысёр. Пачынаў як кінакрытык. Першы фільм «Прыгажунчык Серж» (1958, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Лакарна, Швейцарыя) вызначыў стылістыку і пошукі «новай хвалі» франц. кіно. Майстар інтрыгі. Галоўнае для яго аналіз чалавечых характараў. Атмасфера і норавы франц. правінцыі ў цэнтры фільмаў «Кузены» (1959, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Ландру» (1963), «Крывавае вяселле» (1973), «Мадам Бавары» (1991) і інш. Сярод інш. фільмаў: «Пекла» (1994), «Кіпрыёт Катсарыс» (1996, тэлевізійны), «Жаночая гісторыя» (1998), «Колер хлусні» (1999), «Дзякуй за шакаладку» (2000). Аўтар сцэнарыяў многіх сваіх фільмаў.

Г.​У.​Шур.

т. 17, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

відэаклі́п

(ад відэа- + клігі)

тэлевізійны рэкламны ролік — эстрадная поп- або рок-песня, якая суправаджаецца разнастайнымі адлюстраваннямі на экране.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)