уціхамі́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Супакоіцца, суняцца. [Васіль Міронавіч:] — Пачынаем вечар пытанняў і адказаў... Таварышы — уціхамірцеся... Нічога не пачуеш там ззаду. Пташнікаў. // Заспакоіцца душэўна. [Галіна] кінулася да калыскі, і сэрца ўціхамірылася. Сабаленка. // Аслабець (пра сілу, праяўленне чаго‑н.); аціхнуць. Перастала штарміць. Мора ўціхамірылася. Машара.

2. Стаць паслухмяным, пакорным; утаймавацца. Раз’юшаны тыгр нарэшце ўціхамірыўся. □ Я скрыгатаў зубамі, лаяўся, махаў кулакамі, а хросны падскокваў да мяне, хапаў за рукі, прасіў уціхамірыцца. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУРДЫСТА́НСКІЯ ГО́РЫ, Курдскія горы,

горы паміж Армянскім і Іранскім нагор’ямі, у Турцыі, Іране і Іраку. Складаная сістэма хрыбтоў і масіваў выш. да 4168 м (г. Джыло). Грабяні хрыбтоў вышэй за 3500 м альпійскага тыпу, менш высокія пераважна плоскавяршынныя. Схілы моцна расчлянёныя вузкімі цяснінамі. Складзеныя з сланцаў, кварцытаў, мармуру, мергелю. Ледавікі. Рэкі ў асн. ўтвараюць левыя прытокі р. Тыгр. Клімат субтрапічны. Ападкаў на паўд.-зах. схілах 1000—3000 мм, на паўн.-ўсх. — 400—700 мм за год. На паўд. схілах міжземнаморскія лясы, хмызняк (маквіс), фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі, на паўн. — горныя стэпы і фрыганападобная расліннасць; на плоскіх вяршынях — альпійскія лугі. Качавая жывёлагадоўля. Па далінах рэк — сады, пасевы пшаніцы, кукурузы, ячменю. Зах. частка К.г. наз. таксама Армянскім Таўрам.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,

перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.

Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал. ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн. ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд. ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Муслі́н ’тонкая баваўняная ці шаўковая тканіна палатнянага перапляцення’ (ТСБМ), браг. мусліноўка ’шарсцяная хустка’ (Мат. Гом.), мысліноўка ’сітцавая хустка з кветкамі’ (Сцяц.). З польск. muślin (ці з рус. муслин), якія з франц. mousseline ці з ням. Musselin ’тонкая тканіна’ ад назвы горада Мосул, што на рацэ Тыгр (Фасмер, 3, 16). Ад гэтай назвы горада паходзіць і ст.-бел. муселбесъ, масалбасъ, мусалбасъ ’баваўняная падкладка’ (< асм.-тур. Mosul і bez ’палатно’) (Булыка, Лекс. запазыч., 114; Рабаданава, БЛ, 21, 54).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЕЛЕЎКІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

найбуйнейшая эліністычная дзяржава, якая існавала ў 312—64 да н.э. на Блізкім і Сярэднім Усходзе. Часам яе наз. паводле асн. тэр. Сірыйскім царствам. Засн. пасля распаду імперыі Аляксандра Македонскага адным з яго палкаводцаў Селеўкам I Нікатарам. Сталіцы — Селеўкія на р. Тыгр (да 300 да н.э.), потым — Антыёхія на р. Аронт. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім (223—187 да н.э.), калі ўключала Сірыю, Месапатамію, частку М. Азіі, Іранскае нагор’е, частку Сярэдняй Азіі. Да С.дз. ў гэты час былі далучаны Келесірыя, Фінікія, Палесціна. Зручнае геагр. становішча С.дз. спрыяла росквіту земляробства, жывёлагадоўлі, гандлю, росту гарадоў. З 2 ст. да н.э. С.дз., аслабленая шэрагам паўстанняў і ўнутр. разладам (з 163 па 64 да н.э. змянілася 19 цароў), пачала страчваць свае ўладанні. У 64 да н.э. апошняя яе частка (Сірыя) стала рым. правінцыяй.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШНЫ́Я ЗВЯРЫ́,

дзікія і выгадаваныя ў няволі млекакормячыя, шкуркі якіх выкарыстоўваюцца на футравыя вырабы. Належаць да атр. драпежных (собаль, скунс, выдра, куніца, норка, ліс, гарнастай, пясец, воўк, барсук, расамаха, шакал, рысь, тыгр, гепард, леапард, мядзведзь і інш.), грызуноў (вавёрка, андатра, бобр бабёр*, суслік, хамяк, бурундук, сурок, шыншыла), зайцападобных (зайцы, пішчухі), насякомаедных (хахуля, краты), ластаногіх (марскі коцік, грэнландскі цюлень). Здабыча і развядзенне П.з. найб. развіты ў Расіі, Канадзе, ЗША, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі. На Беларусі каля 25 відаў П.з., з якіх найб. пашыраны і шматлікія; краты, зайцы, вавёркі, лісы, куніцы, менш — бабры, выдры, гарнастаі, тхары; акліматызаваныя — норка амерыканская, андатра, янотападобны сабака, янот-паласкун. Шырокае развіццё атрымалі развядзенне П.з. у няволі (пясца, норкі амерыканскай, ліса серабрыста-чорнага); клетачная зверагадоўля (да 98% нарыхтовак пушніны). Большасць П.з. належаць да паляўнічых жывёл і з’яўляюцца ч. паляўнічага дзяржаўнага фонду. Барсук, буры мядзведзь, еўрап. рысь, палятуха звычайная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСАПАТА́МІЯ (грэч. Mesopotamia ад mesos сярэдні, які знаходзіцца пасярэдзіне + potamos рака),

Двухрэчча, прыродная вобласць у Зах. Азіі, у бас. рэк Тыгр і Еўфрат, адзін з цэнтраў стараж. цывілізацыі. У канцы 3-га тыс. да н.э. тут існавалі стараж. дзяржавы Акад, Ур, Урук, Лагаш і інш., у пач. 2-га тыс. да н.э. ў паўд. частцы М. — Вавілонія. Пазней М. ўваходзіла ў склад Асірыі (9—7 ст. да н.э.), Новававілонскага царства (7—6 ст. да н.э.), дзяржавы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), імперыі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), дзяржаў Селеўкідаў (4—2 ст. да н.э.), Парфіі (3 ст. да н.э. — 3 ст. н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.), з 7 ст. — Арабскага халіфата. У 1055 заваявана сельджукамі, у 13 ст. — манголамі, у пач. 16 ст. пад уладай Сефевідаў, у 17 ст. — 1918 у складзе Асманскай імперыі. Пасля 1-й сусв. вайны б.ч. М. ў складзе Ірака, астатнія — Сірыі і Турцыі.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́шка¹, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.

1. Свойская млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых; самка ката.

К. з кацянятамі.

К. мыецца — госці будуць (павер’е). К. мышцы не таварыш (прыказка). Збродлівай кошцы хвост уцінаюць (прыказка).

2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.).

3. мн. Жалезныя шыпы або іншыя прыстасаванні, якія мацуюцца да абутку для пад’ёму на слупы, мачты і пад.

4. Невялікі якар (спец.).

◊

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго-н. непрыемнага.

Чорная кошка прабегла паміж кім — сапсаваліся адносіны, пасварыліся.

|| памянш.-ласк. ко́шачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. кашэ́чы, -ая, -ае і каша́чы, -ая, -ае.

Кашэчыя (і кашачыя) лапы.

Кашэчыя (і кашачыя) звычкі.

Сямейства кашэчых (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АШУ́Р, Асур,

старажытнасеміцкі горад. Засн. ў 4-м тыс. да нашай эры на зах. беразе р. Тыгр, за 100 км на Пд ад сучаснага г. Масул (Ірак). У 1-й пал. 18 ст. да нашай эры трапіў пад уладу вавілонскага цара Хамурапі, у 15 ст. да нашай эры — імперыі Мітані. Паклаў пачатак і даў назву дзяржаве Асірыя, у 14—9 ст. да нашай эры быў яе сталіцай. У 614 да нашай эры разбураны мідыйцамі і халдзеямі. На месцы руін Ашура (пагорак Кал’ят-Шаргат) у 1903—14 раскапаны гар. ўмацаванні, 34 храмы (у т. л. бога Ашура і багіні Іштар), некалькі палацаў, знойдзена б-ка клінапісных тэкстаў асірыйскага цара Тыглатпаласара I [1115—1078 да нашай эры] і інш.

Ашур уключаў «Унутраны горад» (рэшткі палацаў, храмаў, культавай вежы — зікурата) і «Новы горад», умацаваныя 2 лініямі абарончых сцен з бастыёнамі і брамамі; храмы Іштар (1-я пал. 3-га тыс. да нашай эры), Ашура, Ану-Адада. Захаваліся рэшткі парфянскіх будынкаў: палаца, «Парфянскага акропаля» з храмамі, цытадэлі, «перыптэра Ашура».

Літ.:

Andrae W. Das wiedererstandene Assur. 2 Aufl. Munchen, 1977.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)