Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.
Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г.Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.
Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.Сташчанюка. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ.трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.