ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,

від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.​Грышчанка і А.​Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.​Гарэлышава і Т.​Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎНЫ СПОРТ, спартыўнае рыбалоўства,

здабыча рыб з вадаёмаў рыбалоўнымі прыладамі, выкарыстанне якіх патрабуе непасрэднага ўдзелу рыбалова ў працэсе лоўлі і выключае масавы адлоў рыбы; адзін з відаў рыбалоўства і рэкрэацыйнай дзейнасці. Найб. развіты: кастынг (кіданне грузіла і мушкі на далёкасць і трапнасць з дапамогай вудзільна, аснашчанага мультыплікатарнай або безынерцыйнай катушкай з тормазам), лоўля на вуду і на спінінг, лоўля на блешню і мармышку.

Спаборніцтвы (сусв., міжнар. і клубныя турніры) праводзяцца сярод прафесіяналаў і аматараў. Пераможца вызначаецца па сумарнай масе ўлову. Лоўля вядзецца адной вудай на адзін кручок, дазваляецца прыкормка. Рыбу пасля ўзважвання выпускаюць. Кубкавыя спаборніцтвы звычайна маюць камерцыйны характар (напр., па лоўлі меч-рыбы на Кубак Хемінгуэя).

На Беларусі Р.с. культывуецца т-вамі рыбаловаў і спарт. т-вамі. Рэсп. т-ва паляўнічых і рыбаловаў штогод праводзіць турнірныя спаборніцтвы.

А.​У.​Зубей.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЛЁТНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.

Узнік у пач. 20 ст. Міжнар. авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.​Аўсянкін, Т.​Перасекіна, Я.​Фралоў, В.​Яікава і інш.

т. 14, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШУ́ТНЫ СПОРТ,

скачкі з парашутам з лятальных апаратаў, від авіяцыйнага спорту. Уключае ўласна спарт. скачкі (адзіночныя і групавыя) на дакладнасць прызямлення ў мішэнь радыусам 0,16 м з вышынь 800—1200 м і зацяжныя з выкананнем акрабатычных фігур у свабодным падзенні з вышынь 1800—2200 м. У праграмы спаборніцтваў таксама ўключаюцца і інш. віды скачкоў: вышынныя з вышынь 7000 м і больш; акрабатычныя; камбінаваныя; парашутнае мнагабор’е: скачкі на дакладнасць прызямлення, стральба з малакалібернай вінтоўкі, бег (крос), плаванне, і інш.

Узнік у канцы 1920 — пач. 1930-х г. Міжнар. парашутная камісія ў саставе Міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ) з 1950. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў 1951 (Югаславія). Рэкорды свету ФАІ рэгіструе ў 46 відах скачкоў. Найб. развіты П.с. у Германіі, ЗША, Канадзе, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.

На Беларусі П.с. развіваецца з 1930-х г. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1995. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1953. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіён свету і абс. чэмпіён Еўропы У.Гурны, чэмпіёны свету В.Слабадзянюк, М.​Дзмітраў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННЫ СПОРТ,

скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт. санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.

Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г. Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ННЫ СПОРТ,

верхавая язда спарт. характару. Уключае пераадольванне перашкод (канкур), выездку, трохбор’е (манежная язда, палявыя выпрабаванні, пераадольванне перашкод), прабегі, вальтыжыроўку. Да К.с. адносяць таксама скачкі (гладкія і бар’ерныя), стыпль-чэз, джыгітоўку, язду ў экіпажах, коннае пола, нац. конныя гульні. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна на іпадромах і ў манежах.

Вядомы са стараж. часоў. У Расіі першыя конныя турніры пачаліся ў Пецярбургу ў 1766, першыя скачкі — у 1826. У СССР К.с. развіваўся ў 1920-я г. ў армейскіх часцях, у клубах Асаавіяхіма. На Беларусі культывуецца з 1957, з часу адкрыцця аддзялення К.с. ў Гомельскай спарт. школе моладзі. Працуюць (1998) Рэсп. цэнтр па К.с. і конегадоўлі (пас. Ратамка Мінскага р-на), 11 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і 8 секцый К.с. Найб. вядомыя бел. спартсмены: В.Угрумаў, І.​Карачова — бронз. прызёр чэмпіянату свету і чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1978); чэмпіёны СССР — Ю.​Зябраў (1965), В.​Вагнер (1978), абодва — пераадольванне перашкод, А.​Яцына (1977, выездка); А.​Зелянко, А.​Сарачаў, С.​Антановіч, Ю.​Навумовіч-Швабоўская, Т.​Жалабковіч і інш.

А.​Э.​Няхайчык.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЁРНЫ СПОРТ,

палёты і спаборніцтвы на планёрах; від. авіяц. спорту, адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць палёты: скарасныя па трохвугольных маршрутах на адлегласць 100, 200, 300 і 500 км; на далёкасць да намечанага пункта з вяртаннем на старт; на далёкасць з пасадкай у канечным пункце; на т.зв. адкрытую далёкасць па прамой і на далёкасць з праходам 1 ці 2 паваротных пунктаў; дасягненне абс. вышыні палёту. Спаборніцтвы праводзяцца на планёрах стандартнага (крыло даўж. да 15 м) і адкрытага (больш за 15 м) класаў.

П.с. узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Заснавальнік О.Ліліенталь. У Расіі першыя гурткі планерыстаў узніклі ў 1900-х г. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1948, раз у 2 гады. Планёрная камісія створана пры Міжнар. авіяц. федэрацыі ў 1950. Найб. развіты П.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.

На Беларусі П.с. развіваецца з канца 1930-х г. Сярод бел. спартсменаў А.​Белякоў, чэмпіён СССР і 6-й Спартакіяды народаў СССР (1975); І.​Баркоўская, чэмпіёнка СССР (1978); А.​Дзятлаў, чэмпіён свету (1994); А.​Каўшырка, рэкардсмен свету і СССР па скорасці палёту для 2-месных планёраў (1963).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,

від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.

Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.​Камінскі (1976), А.​Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.​Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.​Колюшаў (1965, 1967), В.​Быкаў (1967, 1969), В.​Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.​Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.​Ісаеў (1976, 1980), Л.​Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)