СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ ЗО́РКІ,

магутнасць выпрамянення зоркі. Роўная поўнай энергіі, якая выпрамяняецца зоркай за адзінку часу. Вымяраецца звычайна ў адзінках свяцільнасці Сонца, а таксама ў абс. зорных велічынях.

Поўная свяцільнасць Сонца 3,86∙10​26 Вт, свяцільнасць зорак 10​33—10​20 Вт. Поўная С.з. з нулявой зорнай велічынёй — 2,72∙10​28 Вт. Акрамя поўнай адрозніваюць С.з. ў пэўным спектральным інтэрвале, напр., візуальная С.з. (святлоаддача ў бачнай частцы спектра), фатаграфічная (у інтэрвале 0,33—0,49 мкм) і інш.

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЯТЭРАПІ́Я (ад хімія + тэрапія),

раздзел фармакатэрапіі; лячэнне інфекц., паразітарных хвароб і пухлін хіміятэрапеўтычнымі сродкамі. Тэрмін прапанаваў у пач. 20 ст. П.Эрліх. Напачатку з’явілася Х. інфекц. хвароб, пазней — злаякасных хвароб. Задачы Х.: адшуканне новых хіміятэрапеўт. сродкаў, распрацоўка спосабаў іх атрымання, вывучэнне спектра і механізмаў дзеяння гэтых сродкаў на ўзбуджальнікаў заразных хвароб і пухлінныя клеткі, а таксама выпрацоўка рацыянальных метадаў іх выкарыстання. Цесна звязана з фармакалогіяй, мікрабіялогіяй, паразіталогіяй, імуналогіяй і інш.

М.​Семяненя, А.​Р.​Давыдоўскі.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ХАЎ Гаўрыіл Андрыянавіч (1.5.1875, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 25.1.1960),

савецкі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі. Чл.-кар. АН СССР (1927). Акад. АН Казахстана (1946). Ганаровы акад. Нац. АН Беларусі (1959). Засл. дз. нав. Казахстана (1946). Скончыў Маскоўскі (1897) і Парыжскі (1901) ун-ты. Пабудаваў хатнюю абсерваторыю ў Смалявічах (1894). У 1906—41 у Пулкаўскай абсерваторыі. Адначасова ў 1919—31 у Ленінградскім ун-це, у 1919—49 у Прыродазнаўча-навук. ін-це. З 1941 у Алма-Аце, з 1947 заг. сектара астрабатанікі АН Казахстана. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, атм. оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у кароткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ц. — Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна. мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго імем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.

Тв.:

Основные труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1954—60;

Шестьдесят лет. у телескопа. М., 1959.

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира: Рекоменд. указ. М., 1966;

Суслов А.К. Г.​А.​Тихов, 1875—1960. Л., 1980.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.А.Ціхаў.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі інфармацыі на аснове акустаэлектроннага ўзаемадзеяння. Да іх адносяцца акустаэлектронныя ўзмацняльнікі, генератары, фільтры, рэзанатары, акустычныя лініі затрымкі, дапасаваныя фільтры, прылады для кадзіравання і дэкадзіравання сігналаў і інш. Найб. пашыраны акустаэлектронныя фільтры (п’езаэл. фільтры на аб’ёмных або паверхневых хвалях); выкарыстоўваюцца для вылучэння і інтэгравання (назапашвання) сігналаў, змены іх частотнага спектра. Акустаэлектронныя прылады адрозніваюцца высокай надзейнасцю, мініяцюрнымі памерамі. Выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёлакацыі, касм. сувязі і інш. Гл. таксама Акустаэлектроніка.

В.​М.​Дашанкоў.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,

узмацняльнік электрамагнітных хваляў аптычнага дыяпазону спектра, дзеянне якога заснавана на вымушаным выпрамяненні ўзбуджаных атамаў, малекул або іонаў. Першасная эл.-магн. хваля пры распаўсюджванні ў актыўным асяроддзі стымулюе вымушанае выпрамяненне, тоеснае з ёй па частаце, фазе, напрамку распаўсюджвання і характары палярызацыі. Для павелічэння каэфіцыента ўзмацнення актыўнае асяроддзе змяшчаюць у аб’ёмны рэзанатар. Аптычны квантавы ўзмацняльнік мае малы ўзровень шумаў і высокую адчувальнасць. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах магутных лазераў, сістэмах аптычнай і далёкай касм. сувязі, радыёастраноміі і інш.

В.​В.​Валяўка.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЕРАМЕ́ТР (ад колер + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння колеру і канцэнтрацыі афарбаваных раствораў, эмульсій і інш. Выкарыстоўваецца ў фотаметрычным і колераметрычным аналізе.

Падзяляюцца на візуальныя і фотаэлектрычныя. Колер вымяраецца трохколерным К., дзе зададзены колер атрымліваецца ў выніку аптычнага змешвання пэўных колькасцей трох асн. колераў (гл. Колераметрыя). Канцэнтрацыя рэчываў вымяраецца монахраматычным К. у святле таго ўчастка спектра, які найб. паглынаецца дадзеным рэчывам і слаба паглынаецца інш. рэчывамі раствору, прынцып дзеяння заснаваны на параўнанні інтэнсіўнасцей афарбоўкі ўзораў — стандартнага і таго, што даследуецца.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПМА́Н (Lippmann) Габрыэль (16.8. 1845, Халерых, Люксембург — 12.7. 1921),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1886). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Нармальную школу ў Парыжы (1868). З 1883 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па малекулярнай фізіцы, механіцы і оптыцы. Распрацаваў метад каляровай фатаграфіі, заснаваны на інтэрферэнцыі святла, атрымаў першую каляровую фатаграфію сонечнага спектра (1891). Прапанаваў метад інтэгральнай фатаграфіі для атрымання аб’ёмных відарысаў (ліпманаўская фатаграфія; 1908), прынцыпы якога знайшлі ўвасабленне ў галаграфіі і растравых аптычных сістэмах. Нобелеўская прэмія 1908.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАФІ́ЛЬТР,

прылада, якая змяняе энергію аптычнага выпрамянення (святла), а таксама яго спектральны састаў з мэтай вылучэння асобных участкаў спектра.

Прынцып работы С. грунтуецца на з’явах паглынання святла (абсарбцыйныя С.), інтэрферэнцыі святла (інтэрферэнцыйныя С.), дысперсіі святла (дысперсійныя фільтры), палярызацыі святла (палярызацыйныя С.) і інш. Найб. пашыраны абсарбцыйныя С., вырабленыя з каляровага аптычнага шкла. Адрозніваюцца пастаянствам спектральных характарыстык, устойлівасцю да ўздзеянняў святла і т-ры, высокай аптычнай аднароднасцю. Выкарыстоўваюцца ў каляровай фатаграфіі, пры падводнай кіназдымцы, святлатэхніцы, фотаметрыі, колераметрыі, ультрафіялетавай, інфрачырвонай і люмінесцэнтнай мікраскапіі і інш.

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОХ (Bloch) Фелікс (23.10.1905, г. Цюрых, Швейцарыя — 10.9.1983),

амерыканскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай тэорыі цвёрдага цела. Чл. Нацыянальнай АН (1948). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1928). У 1934—77 у Станфардскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова ў 1954—55 дырэктар Еўрап. цэнтра ядз. даследаванняў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы. Распрацаваў тэорыю энергет. спектра крышталёў, тэмпературнай залежнасці намагнічанасці ферамагнетыкаў паблізу абс. нуля. Адкрыў (1946, незалежна ад Э.​Пёрсела) ядз. магнітны рэзананс. Аўтар манаграфіі «Малекулярная тэорыя магнетызму» (1936). Нобелеўская прэмія 1952.

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАНЭ́ (Delaunay) Рабер (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),

французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.​Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.​Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)