ПЛЕТАРО́ЎСКАЯ КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў в. Плетарова Дзісенскага пав. (цяпер у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл.) у 1889—1914. Выпускала кардон (белы і жоўты). У 1902 былі 3, у 1913—2 паравыя катлы, працавала 170 рабочых, выраблена прадукцыі на 80 тыс. руб.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,

асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд. руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд. руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд. руб., у фактычных цэнах.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1890—1914 у в. Мілавіды Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла дошкі. Мела паравую машыну (20 к.с.), з 1913 лакамабіль (17 к.с.). У 1900—02 працавала 89 чал., выраблена дошак на 6,5 тыс. руб.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКІ КАФЛЯ́НЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1909—14 у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (цяпер г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). У 1913 працавала 60 рабочых, выраблена кафлі глазураванай на 50 тыс. руб. У 1914 увайшоў у склад акц. т-ва «Аляксандраўскія кафляныя заводы». Гл. Аляксандраўскі кафляны завод.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ПАПЯРО́ВА-КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1889—1905 у Віцебску. Выпускала толевую, абгортачную, кардонную паперу, кардон. Мела паравыя машыны на 50 (1890) і 80 к.с. (1895—1900) і 2 паравыя катлы. Працавала ад 124 (1900) да 150 (1902—05) рабочых, выпускалася прадукцыі на 140,4 тыс. руб. (1900).

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д ЗЕМЛЯРО́БЧЫХ МАШЫ́Н.

Дзейнічаў у 1904—13 у Гродне. Выпускаў сячкарні і інш. с.-г. інвентар, экіпажныя восі. У 1908—10 меў рухавік магутнасцю 8 к.с., у 1913 — 35 к.с. У 1908 працавала 14 чал., у 1913 — 100 рабочых, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЧО́ЎСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНА-МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала на Беларусі ў 1894—99 ва ўрочышчы Гарычоўка Гомельскага пав.

(цяпер каля в. Чорнае Рэчыцкага р-на). Вырабляла венскую мэблю. Мела паравую машыну і паравы кацёл (1895),

паравы рухавік (1898). Працавала да 62 рабочых (1898). У 1899 выраблена прадукцыі на 50 тыс. руб.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПАРФУМЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА «ВІКТО́РЫЯ».

Дзейнічала ў 1865—1914 у Мінску. Выпускала крышт. соду, туалетнае мыла, сіньку для бялізны, мазь для чысткі металаў, крэм для абутку. У 1910 працавала 27 чал., выпушчана прадукцыі на 39 тыс. руб. З 1913 мела эл. рухавік. Ф-ка мела аддзяленні ў Магілёўскай губ.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ру́банец ’гатунак моцнага самасаду’, ру́банка ’гатунак прывазнога тытуню’ (ТС). Ад рубаць ’сячы’ < *rǫbati ’тс’ (гл. руб). Параўн. ляжанец ’абложная зямля’, перебіранец ’від посцілкі’; нюханка ’від табакі’, сечанка ’сечка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)