ПАЛЕ́СКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Палессе. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1981. Пл. 7 км². Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну, у цэнтры Рэчыцка-Вішанскай зоны нафтанамнажэння, за 2 км на Пн ад Мармавіцкага радовішча нафты. Паклады прымеркаваны да барычэўскіх пластоў лебядзянскага гарызонту. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2560—2678 м. Калектары — кавернозныя, порыстыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта маласярністая, парафіністая, смалістая, шчыльнасць 875 кг/м³.
У.А.Багіна.
т. 11, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЯМЕ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Падзяменне. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны буравата- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, пластычныя, дысперсныя. Радовішча складзена з 3 асобных участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Агульныя разведаныя запасы 15,2 млн. м³, перспектыўныя 0,26 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—15,4 м, ускрышы (пяскі, супескі, торф) 0,4—6,5 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, чарапіцы, керамзітавага жвіру і дрэнажных труб.
А.П.Шчураў.
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЛЯ́РНАЕ ГАЗАКАНДЭНСА́ТНАНА́ФТАВАЕ РАДО́ВІШЧА,
размешчана на Пн Цюменскай вобл. Расіі, за 80 км на ПдЗ ад г.п. Тазаўскі (цэнтр здабычы). Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазавую правінцыю. Адкрыта ў 1965. Паклад на глыб. 1—3 км. Пач. запасы 2631,5 млрд. м³.
т. 6, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́РЖАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
каля паўночна-ўсх. ускраіны Віцебска. Пластападобны паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона- і цёмна-бурыя стужачныя, пластычныя, шчыльныя, карбанатныя. Разведаныя запасы 9,6 млн. м³, перспектыўныя 1,4 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—8 м, ускрышы 0,2—6,3 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзіту. дрэнажных труб, цэглы.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Гродзенскім р-не, каля в. Загорцы. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазёрскага зледзянення. Гліны бурыя, буравата-жоўтыя, шэрыя, стужачныя, шчыльныя, пластычныя, месцамі вязкія з тонкімі пясчанымі праслойкамі. Разведаныя запасы 5,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,8—8,1 м, ускрышы (супескі, дробназярністыя пяскі) 0,2—3,4 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
Каля г.п. Акцябрскі ў Акцябрскім і Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл. На У мяжуе з Мармавіцкім радовішчам нафты. Пл. каля 40 км². Уваходзіць у Рэчыцка-Вішанскую зону нафтагазанамнажэння на Пн Прыпяцкага прагіну. Паклад нафты ў падсалявых адкладах верхняга дэвону на глыб. да 3000 м. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, парафінавая, мае ў сабе раствораны газ. Адкрыта ў 1967, распрацоўваецца з 1970.
т. 4, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.
У Мінскім р-не каля в. Ельніца. Пластавы паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі часу адступання сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, светла-шэрыя, пераважна дробназярністыя, з праслоямі тонказярністага пяску, палевашпатава-кварцавыя, месцамі слабагліністыя. Разведаныя запасы 9,12 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 6,8—30,4 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, супескі) 0,2—5 м. Пяскі прыдатныя на выраб муровачных раствораў.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Маладуша. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1982. Паклады нафты пл. 8,8 км² прымеркаваны да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на ПнУ Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3100—3550 м. Пароды-калектары — даламіты з праслоямі вапнякоў, слабагліністыя даламітызаваныя вапнякі. Нафта лёгкая, маласярністая, маласмалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВО́Е РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Віцебскім р-не, каля в. Пушча, каля кальцавой дарогі. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі паазерскага ледавіка. Гліны бурыя, чырвона-бурыя і карычневыя, шчыльныя, вязкія, высокапластычныя, з тонкімі пясчанымі праслойкамі і ўключэннямі жвіру. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,2 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,1—3,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць керамзітавага жвіру.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Карпаўцы. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Пяскі светла- і шаравата-жоўтыя, пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, слабагліністыя, месцамі з праслоямі і лінзамі пясчана-жвіровага матэрыялу. Разведаныя запасы 0,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—12,8 м, ускрышы (супескі, гліністыя пяскі) 0,4—3 м. Пяскі прыдатныя для буд. работ.
А.П.Шчураў.
т. 8, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)