вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел.т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.Някляевым) А.Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.Родзевіча і У.Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.Заліўскага). За рэв. дзейнасць у Галіцыі засуджаны аўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.Радзівіл, рэльеф Ю.Заліўскага, бюсты Т.Касцюшкі, К.Пуласкага, Т.Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.Дзялынскага (Познань), У.Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.
Літ.:
Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІ́М,
двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.
На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.Д.Гескага і К.Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.Бахун, Д.Буйноўскай, Р.Маселбас, Э.Плюцінскай, А.Ярашэвіч і інш.).
Літ.:
Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),
музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.Б.Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.Ф.Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.Даргамыжскага (1848), «Млада» М.Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.В.Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.Аганесяна (1976), «Вій» В.Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.У.Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,
гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.