галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс.л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.
Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.
На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл.табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.
Н.І.Жураўская.
Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка
Надой малака на 1 карову, кг
На 100 гас.-г. угоддзяў
Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г.
рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц
вытворчасць малака, ц
мяса, забойная вага
малака
Брэсцкая
2619
67,2
54,6
687
92
663
Віцебская
2298
52,2
33,1
512
77
610
Гомельская
2316
59,2
41,0
538
65
483
Гродзенская
2803
61,4
45,2
689
104
727
Магілёўская
2524
49,0
34,6
473
70
539
Мінская
2519
61,9
42,3
675
107*
794*
Беларусь
2509
58,4
41,5
596
70
532
* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́РА (ад араб. сахра — пустыня),
пустыня ў Паўн. Афрыцы, самая вялікая на зямным шары. Пл. каля 7 млн.км². Працягваецца на 5,7 тыс.км ад Атлантычнага ак. на З да Чырвонага м. на У. Шыр. да 2 тыс.км. На Пн мяжуе з паўд. перадгор’ямі Атласа і ўзбярэжжам Міжземнага м. На Пд пераходзіць у Сахель (паўд. мяжа можа перамяшчацца на Пн ці Пд у залежнасці ад вільготнасці года). На тэр. С. размешчаны поўнасцю або часткова дзяржавы: Марока, Туніс, Алжыр, Лівія, Егіпет, Зах. Сахара, Маўрытанія, Малі, Нігер, Чад, Судан. У рэльефе пераважаюць раўніны выш. 200—500 м, у Цэнтр. С. — нагор’і: Ахагар (г. Тахат, 3003 м), Тыбесты (г. Эмі-Кусі, 3415 м, найб.выш. С.); плато: Аір, Энеды, Адрар-Іфарас і інш. Уздоўж Чырвонага м. выцягнуты хр. Этбай (выш. больш за 2000 м). На Пн і У размешчаны шматлікія бяссцёкавыя ўпадзіны, некат. з іх ніжэй узр. м.: Катара (-133 м), Шот-Мельгір (-26 м) і інш. У ландшафтах С. пераважаюць пустыні: камяністыя і друзавыя (хамады), галечнікавыя (рэгі), гліністыя (серыры), пясчаныя (у т. л. эргі), саланчаковыя (себхі); астатнюю тэр. займаюць горныя ландшафты з друзавата-камяністымі пустынямі. Паверхню часта ўскладняюць градавыя пяскі (бываюць грады выш. да 200—300 м) і дзюны круглыя або зоркападобныя.
С. займае паўн.-зах.ч. Афрыкана-Аравійскай платформы, дакембрыйскі фундамент якой выходзіць у масівах Цэнтральна-Сахарскай зоны падняццяў (Рэгібацкае, Ахагар, Тыбесты, Эль-Увейнат) і зах. выступе Нубійска-Аравійскага масіву. На Пн і Пд знаходзяцца зоны пагружэнняў, запоўненыя адносна маламагутным чахлом фанеразойскіх адкладаў. Радовішчы нафты і газу (Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн), жалезных і медных руд, фасфарытаў.
Клімат С. пераважна трапічны пустынны, на Пн — субтрапічны. Круглы год пераважае паўн.-ўсх. пасат. Частыя вятры скорасцю да 50 м/с (хамсін, самум, сірока, шэргі) і пыльныя буры. Сярэднія т-ры студз. 10 °C і больш (у гарах маразы); ліп. да 37 °C, абс.макс. 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс.мінім. -18 °C (у Тыбесты). Вял. сутачныя амплітуды т-р паветра (больш за 30 °C) і глебы (да 70 °C). Характэрны сухое паветра (адносная вільготнасць 30—50%) і высокая выпаральнасць (да 6000 мм). На б.ч.тэр. С. ападкаў менш за 50 мм за год, на ўскраінах 100—200 мм. На Пн С. ападкі пераважна зімовыя, на Пд — летнія. С. — вобласць унутранага сцёку. Пастаяннымі вадацёкамі з’яўляюцца ўчасткі транзітных рэк Ніл і Нігер. Па сухіх рэчышчах (вадзі або уэды) эпізадычна сцякаюць ліўневыя воды. Вял. басейн падземных вод, у т. л. артэзіянскіх, забяспечвае жыццё ў аазісах. Свідраванне на ваду вядзецца ў раёнах здабычы нафты і газу. Характэрны прымітыўныя глебы трапічных пустынь і паўпустынь (пясчаныя, друзаватыя, галечныя, гліністыя), часта засоленыя. Пашыраны вапнякова-гіпсавыя коры. Расл. покрыва залежыць ад тыпу пустынь: хамады і рэгі без расл. або з моцна разрэджаным покрывам, эргі замацаваны доўгакаранёвымі бязлістымі хмызнякамі і злакамі (сахарскі дрок, эфедра, дрын). На Пд С. з дрэвава-хмызняковых найб. частыя акацыі, тамарыскі і інш. У горных раёнах захаваліся рэлікты неагенавай флоры (ядловец, алеандр, кіпарыс). Найб. пашыраныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа адакс, газелі, муфлон, фенек, гепард, гіена, шакал, пясчанкі, тушканчыкі, сахарскі заяц, сцынкі, вараны, рагатая гадзюка, кобра і інш. Качавая і паўкачавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, козы), земляробства ў аазісах (фінікавая пальма, збожжавыя, агароднінныя культуры), развіта горназдабыўная прам-сць, з 1950—60-х г. С. — буйнейшы нафтаздабыўны раён свету. Гал. гарады: Тугурт, Уаргла, Лагуат, Туат, Тыдыкельт (Алжыр), Куфра, Себха, Тазерба, Джагбуб, Мурзук (Лівія), Сіва, Дахла, Фарафра, Бахарыя (Егіпет). У перавозках грузаў, акрамя нафты і газу (транспартуюцца па трубаправодах), вял. значэнне маюць транссахарская аўтадарога ад Алжыра да Нігера з бітумным пакрыццём да г. Айн-Салах і авіялініі; чыгункі: Абадла — паўн. Алжыр — Марока, Тугурт — Міжземнаморскае ўзбярэжжа, Кедыя — д’Іджыль — узбярэжжа Атлантычнага акіяна.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Сахара. 1 — вытачаныя эрозіяй рэшткі старажытных асадкавых фармацый, Эгіе-дзю-Сіс; 2 — рэг — участак пустыні, укрыты камянямі і галькай; 3 — аазіс Тагіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бу́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Неспакойны, свавольны, нястрыманы, дзёрзкі. Буйны нораў. Буйная галава. □ Ах, сцяжыначка-сцяжына буйнай юнасці маёй.Машара.І будзем помніць мы яго ізноў Паэта — буйнага, жывога.Таўбін.
2. Моцны, нястрымны. Буйны вецер. Буйная паводка. Буйны гнеў. Буйная весялосць.
буйны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які складаецца з аднародных, больш чым сярэдняга памеру, адзінак; проціл. дробны. Буйное жыта. Буйны пясок.// Вялікіх памераў. Буйны колас. Буйныя кроплі расы. Буйныя літары. □ Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба.Карпаў.Пасыпаліся арэхі буйныя, поўныя, усе, як на падбор.Маўр.// Які адносіцца да віду, пароды вялікіх жывёл. Буйны драпежнік. Буйная рагатая жывёла.// Падкрэслена вялікі. Чалавек буйнога складу. Кадр буйным планам.
2. Багаты, раскошны; сакавіты. Буйныя косы. Буйная завязь. Буйная зеляніна.
3. Вялікі па плошчы, па колькасці насельніцтва. Буйны горад. Буйны прамысловы цэнтр.// Значны па сваіх памерах, магутны. Буйная электрастанцыя. Буйное прамысловае прадпрыемства. Буйны цэнтр навукі.// Вялікі па канцэнтрацыі сродкаў. Буйное землекарыстанне. Буйное сацыялістычнае земляробства. Буйная вытворчасць.
4. Вялікі па колькасці ўдзельнікаў. Буйная арганізацыя. Буйное танкавае злучэнне. Буйныя сілы ворага.// Значны ў колькасных адносінах. Буйныя сродкі. Буйныя капіталаўкладанні.// Вялікага маштабу, вялікай сілы, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Буйныя ваенныя дзеянні. Буйная ваенная аперацыя. Буйное наступленне.
5. Выдатны, найбольш прыкметны сярод іншых. Буйны вучоны. Буйны спецыяліст. Буйная з’ява. Буйны мастацкі твор.
6. Хуткі, магутны. Буйны рост прамысловасці. Буйны выбух.
7. Значны па выніках, важны па значэнню. Буйная перамога. Буйное дасягненне. Буйны дэфект.
8. Важны, значны, радыкальны. Буйныя мерапрыемствы. Буйны крок па ўздыме прадукцыйнасці працы.
9. Багаты, шчодры. Буйная раса. Буйныя слёзы. Буйны дождж. Буйное сонца.// Багаты па выніках. Буйны ўраджай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел.скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус.скот, скоти́на, ст.-рус.скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск.skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж.skót ‘тс’, чэш.skot ‘буйная рагатая жывёла’, серб.-харв.ско̏т, славен.skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг.скот ‘скаціна’, ст.-слав.скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл.*skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц.skatts ‘манета’, ст.-ісл.stattz ‘падатак’, ст.-сакс.skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням.scaz ‘манета’, нова-в.-ням.Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз.sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм.tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т.л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел.туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр.тур, рус.тур, польск., н.-, в.-луж.tur, палаб.täur, чэш.tur, славац.tur, славен.túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг.тур, макед.тур, ст.-слав.тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл.*turъ роднаснае ст.-прус.tauris ‘зубр’, літ.taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч.ταυρος ‘бык’, лац.taurus, ірл.tarb ‘тс’, авест.staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц.stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е.*tə̯uro‑ < і.-е.*teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел.Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац.Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).
Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц.tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац.turnus > лац.tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч.τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ.tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.
Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).
Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск.дыял.tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс.км². Нас. 1518 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗПрыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., 2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс.га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.
Л.В.Казлоўская.
Да арт.Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс.га)
Гады
1990
1993
Уся пасяўная плошча
878,5
851,2
Збожжавыя і зернебабовыя
376
374,1
Тэхнічныя культуры
42,2
34,7
у т.л. цукровыя буракі
17,6
19,5
лён-даўтунец
14,4
9,8
Бульба
102
136,9
Агародніна і бахчавыя культуры
5,9
10,2
Кармавыя культуры
352,2
295,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.