Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Старажытнагерманскае рунічнае пісьмо 8/452
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЕ ПІСЬМО́, старамангольскае пісьмо,
пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.