АЛАГЕНЕ́З (ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАГРАФІ́ЧНЫ ЗБО́РНІК ДАКУМЕ́НТАЎ («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа»),

серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Выйшла 14 т. (Вільня, 1867—1904). Матэрыялы выяўлены ў архівах, бібліятэках, манастырскіх і прыватных зборах. Асн. групы дакументаў зборніка: сац.-эканам. (інвентары, прывілеі, фундушы, цэхавыя статуты, судовыя справы), матэрыялы, у якіх асвятляюцца паліт. і культ. адносіны, войны (дыпламатычная перапіска, пасольскія дыярыушы), гісторыя правасл. царквы, брацтваў, манастыроў. Складальнікі зборніка імкнуліся даказаць прыналежнасць бел. і ўкр. народаў да адзінай рускай народнасці.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам

(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.І.Барышаў.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.М.Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАН ((Morgan) Льюіс Генры) (21.11. 1818, Нью-Йорк — 17.12.1881),

амерыканскі этнограф, гісторык. Чл. Нац. АН ЗША (1875). Заснавальнік т-ва для вывучэння і дапамогі індзейцам (1840). Даследчык першабытнага грамадства, сцвярджаў ідэю прагрэсу і адзінства гіст. шляху чалавецтва. Першым паказаў значэнне роду як асн. ячэйкі першабытнага грамадства, эвалюцыю сям’і і шлюбу ад групавых форм да індывідуальных, абгрунтаваў палажэнне аб развіцці ўласнасці ад калектыўных форм да прыватных. Аўтар прац «Ліга іракезаў» (1851), «Старажытнае грамадства, або Даследаванне ліній чалавечага прагрэсу ад дзікасці праз варварства да цывілізацыі» (1877).

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Я МАСТА́ЦТВАЎ у Вашынгтоне,

адзін з буйнейшых у ЗША збораў твораў мастацтва. Засн. ў 1937 у структуры Смітсанаўскага ін-та на аснове буйных прыватных калекцый, адкрыта ў 1941. У галерэі захоўваюцца шэдэўры зах.-еўрап. жывапісу і скульптуры розных часоў (творы Л.Берніні, Я.Вермера, Т.Гейнсбара, Данатэла, Джарджоне, Э.Дэга, Ф.Клуэ, Э.Манэ, Рафаэля, П.П.Рубенса, Рэмбранта, Тыцыяна, Эль Грэка і інш.), творы амер. мастакоў (Дж.Коплі, Г.Сцюарта і інш.), калекцыі графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Гал. будынак галерэі пабудаваны ў 1939—40 у формах неакласіцызму (арх. Дж.Р.Поўп, О.Р.Эгерс, Д.П.Хігінс), усх. корпус — у 1978 (арх. І.М.Пей).

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТАНЬЯ́ХУ (Беньямін) (дакладней Нетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

казуі́стыка

(фр. casuistique, ад лац. casus = выпадак)

1) падвядзенне прыватных выпадкаў пад агульную догму як прыём сярэдневяковай схаластыкі і багаслоўя;

2) перан. спрыт пры доказах чаго-н. непраўдзівага, фальшывага; кручкатворства.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.

А.М.Пяткевіч.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

вышэйшая пед. навуч. ўстанова ў Пецярбургу ў 1816—19, 1829—59. Засн. на базе рэарганізаванага Пецярбургскага пед. ін-та (1804—16), атрымаў правы ун-та. Рыхтаваў настаўнікаў гімназій, прыватных навуч. устаноў і пансіёнаў, прафесараў і выкладчыкаў ВНУ. Тэрмін навучання 6 гадоў; аддзяленні філас. і юрыд. навук, фіз. і матэм. навук, гіст. і славесных навук. У 1819 рэарганізаваны ў Пецярб. ун-т. Галоўны педагагічны інстытут зноў адчынены ў 1829 як закрытая навуч. ўстанова для падрыхтоўкі педагогаў вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў (падрыхтаваў 682 педагогі). Выпускнікамі ін-та былі М.А.Дабралюбаў, Дз.І.Мендзялееў і інш. Спыніў дзейнасць у 1859.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)