форма арганізацыі грашовага абарачэння ў краіне, якая склалася гістарычна і замацавана нац. заканадаўствам. Уключае: грашовую адзінку, маштаб цэн, віды грашовых знакаў, што маюць законную плацежную сілу, парадак эмісіі грошай і іх абарачэння, дзярж. апарат, які ажыццяўляе рэгуляванне грашовага абарачэння. Тып грашовай сістэмы залежыць ад таго, якія грошы знаходзяцца ў абарачэнні. Грашовая сістэма, пры якой усе функцыі грошай выконвае грашовы тавар, а крэдытныя грошы разменьваюцца на метал, адносіцца да сістэм металічнага абарачэння. Калі ролю ўсеагульнага вартаснага эквіваленту выконваюць 2 металы — золата і серабро, тады гэта біметалічная грашовая сістэма. Пры біметалізме свабодна чаканяцца і маюць неабмежаваную плацежную сілу манеты з золата і серабра. Біметалізм быў вельмі пашыраны ў 16—17 ст., а ў шэрагу краін і ў 19 ст. У канцы 19 ст. ў выніку развіцця капіталіст. гаспадаркі на змену біметалізму прыйшоў монаметалізм, калі ўсеагульным эквівалентам выступаў адзін метал (золата або серабро), у абарачэнні функцыянавалі манеты і знакі вартасці, што разменьваліся на гэты метал. Ва ўмовах залатога монаметалізму, у залежнасці ад характару размену знакаў вартасці на золата, адрозніваліся золатаманетны, золатазліткавы і золатадэвізны стандарты. З 1930-х г. грашовая сістэма ўсіх краін засн. на абарачэнні крэдытных і папяровых грашовых знакаў, пры якіх золата ў якасці грошай не выкарыстоўваецца. У сучасных умовах грашовая сістэма прамыслова развітых краін характарызуюцца адменай афіц. залатога ўтрымання грашовых знакаў, зняццем золата з грашовага абароту, выпускам грошай у абарачэнне ў парадку крэдытавання гаспадаркі і дзяржавы, скарачэннем наяўна-грашовага абароту за кошт развіцця безнаяўных разлікаў, узмацненнем дзярж. рэгулявання грашовага абарачэння. У Рэспубліцы Беларусь нац. грашовай адзінкай з’яўляецца бел. рубель, у наяўным абарачэнні ў якасці афіц. плацежнага сродку знаходзяцца банкаўскія білеты (банкноты), манапольнае права эмісіі іх належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца дзярж. органам грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ,
нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс.га.
На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.
А.А.Галдзянкоў.
Да арт.Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц.т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.
П.І.Рогач.
Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя
1990
1995
1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс.т
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ГРАБ (Zagreb),
горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар.гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.
Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл.Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб.прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.
Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.
Літ.:
Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;
Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),
тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м² — кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).
Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.
П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст.н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст. — мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).
На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.
Літ.:
Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;
Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;
Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;
Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.
У.М.Сацута.
Да арт.Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн.чал. (1985). Сталіца — г.Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр.Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням.нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав.ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац.нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст.ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс.чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб.прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд.дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).
Літ.:
Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;
История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;
Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб.прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСТ,
горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс.ж. (1995).
Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел.Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст.Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, з вер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж.рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял.кн.ВКЛГедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы з бел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У час Вялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт.Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У час вайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр.стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн.Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс.ж. у 1940. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс.чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс.ж., у 1980 — 185 тыс.ж.
У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял.Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.
Брэст — буйны прамысл. і культ.цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА«Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.
У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец.навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж.ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук.б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з Брэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам археалагічны музей «Бярэсце».
Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш. З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл.літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.
Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р.Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн.тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.
Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял.Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).
У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.Хегай, Л.Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.Неўмывакін, (Г.Кісялёва, А.Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх. З.Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.Боўт, Э.Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.Анікін, А.Кудзенка, П.Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд.прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.Карват, М.Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.Шпіт, Э.Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.
Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.Камінскага, Я.Хелмікоўскага, П.Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.Іконнікавай-Самаравай, П.Дзмітроўскага, П.Карніцава, М.Барысава, Северавай, С.Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Ахаліна, П.Блахіна, М.Петыпа, П.Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г.тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.
З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.Шастакоўскай, 1858) і муз. т-вы (муз.-драм.т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) з муз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз.т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і «Галька» С.Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж.муз. школа імя К.Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.