ГЕ́РАК ((Gierek) Эдвард) (н. 6.1.1913, в. Паромбка, цяпер у межах г. Сасновец, Польшча),

польскі дзярж. і парт. дзеяч. У 1923—48 жыў і працаваў на вугальных шахтах у Францыі і Бельгіі. У 1946—48 узначальваў Нац. раду палякаў у Бельгіі. З 1948 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), сакратар ЦК (1956—64), чл. Палітбюро ЦК ПАРП (1956, 1959—80), 1-ы сакратар катавіцкага к-та ПАРП (1957—70). У 1970—80 1-ы сакратар ЦК ПАРП. Прыхільнік эканам. супрацоўніцтва Польшчы з Захадам, выкарыстання замежных крэдытаў з мэтай паскарэння развіцця краіны, пры гэтым захоўваліся прынцыпы сацыяліст. эканомікі і залежнасць Польшчы ад СССР. У выніку выраслі даўгі і Польшча апынулася ў глыбокім эканам. крызісе. У перыяд узнікнення хвалі забастовак ва ўсёй краіне ў 1980 Герак выведзены з ЦК, у 1981 выключаны з ПАРП.

Н.​К.​Мазоўка.

Э.Герак.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЕР ((Giller) Агатан) (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),

польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.​І.​Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЧ ((Bartsch) Ігнат) (27.7.1697, г. Клодзка, Польшча — 5.7.1753),

сталяр і разьбяр па дрэве. У 1725—28 працаваў у Брэсцкім езуіцкім калегіуме. З 1731 жыў у Вільні. Працаваў пры касцёле св. Яна, рабіў для яго мэблю. Удзельнічаў у аздабленні інтэр’ера, тэатр. залы, б-кі і інш. памяшканняў Віленскай езуіцкай акадэміі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВААЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1836—1921: у Віленскай, з 1843 у Ковенскай губ. Рас. імперыі і Літве. Цэнтр — г. Відзы, з 1842 — г. Новааляксандраўск (б. мяст. Езяросы). Падзяляўся на 28 валасцей (1886). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 большая частка Н.п. ўвайшла ў Браслаўскі павет (Польшча), меншая адышла да Літвы.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),

дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.

В.​Ф.​Шалькевіч.

Ш.Канарскі.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),

польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.​Длугаша, Мацея з Мехава, Б.​Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.

А.​А.​Семянчук.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел. дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел. нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д (Вячаслаў Іванавіч) (10.2.1887, пас. Ракаў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 26.5.1964),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Акад. АН Беларусі (1950), і Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-р с.-г. н. (1944), праф. (1923). Засл. дз. нав. Беларусі (1956). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1911, Польшча). Працаваў у навуч. установах г. Пскова, Кастрамы, Вятлугі. З 1921 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі і БДУ; з 1925 праф. БСГА, Бел. лесатэхн. ін-та. З 1946 заг. сектара лесу, у 1949—54 дырэктар Ін-та лесу АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях лесаводства, эканомікі, геаграфіі, статыстыкі, гісторыі лясной гаспадаркі Беларусі. Распрацаваў лесаэканам. раянаванне Беларусі, абгрунтаваў геагр. профіль пры вывучэнні лясоў.

Тв.:

Теория лесного хозяйства. 2 изд. Мн., 1924;

Леса и лесное хозяйство БССР. Мн., 1925;

Основы экономики лесоводства. Мн., 1957;

Экономическая география лесов БССР. Мн., 1958.

В.І.Пераход.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,

паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПЛЕР (Веплер) Андрэй, музыкант, капельмайстар і кампазітар 18 ст. Каля 1736 паступіў на службу ў прыдворную капэлу кн. М.​К.​Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы, у 1740—50-я г. працаваў у аркестры кн. Г.​Ф.​Радзівіла ў Слуцку. Выязджаў з аркестрам у Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча) і Нясвіж.

Г.​Г.​Барышаў.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)