«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),

іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАНЬЁН (Marañón),

рака ў Перу, левы (галоўны) прыток р. Амазонка. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна каля 350 тыс. км². Выцякае з горнага воз. Патакоча, якое размешчана на выш. каля 4000 м (Зах. Кардыльера Андаў), перасякае Цэнтр. і Усх. Кардыльеры ў глыбокіх цяснінах, цячэ па Амазонскай нізіне, дзе зліваецца з р. Укаялі. Сярэдні гадавы расход вады 15,6 тыс. м³/с. Суднаходная на 1000 км ад вусця (да парогаў).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУТУМА́ЙО (Putumayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, левы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу служыць мяжой паміж Калумбіяй з Эквадорам і Перу; нізоўі ў Бразіліі, дзе наз. Іса (Isá). Даўж. 1580 км, пл. басейна 123 тыс. км². Вытокі ў паўд. ч. Цэнтр. Кардыльеры Андаў Калумбіі, цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ад крас. да ліпеня. Сярэдні расход вады каля 7,2 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Пуэрта-Асіс (на 1350 км).

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́МА (Lima),

горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн. ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужная вытв-сць. Ун-ты, у т. л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук. Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.

Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.

Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗпрамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал. пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Цэнтральны раён горада Ліма.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕ́ДАС ((Arguedas) Хасе Марыя) (18.1.1911, г. Андаўайлас, Перу — 2.12.1969),

перуанскі пісьменнік, прадстаўнік т.зв. індыянісцкага кірунку ў л-ры Лац. Амерыкі. Аўтар зб. апавяданняў «Вада» (1935), аповесці «Свята Явар» (1941), раманаў «Брыльянты і крамяні» (1954), «Глыбокія рэкі» (1958), «Кроў усіх расаў» (1964), «Ліса ўнізе, ліса ўверсе» (1971), у якіх адлюстраваў жыццё індзейцаў і метысаў. Імкнуўся вырашыць праблему пераадолення іспана-індзейскага культурнага дуалізму ў працэсе фарміравання нац. культуры, карані якой бачыў у стараж. традыцыях карэннага насельніцтва.

Тв.:

Los rios profundos. La Habana, 1965.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр. Букатова; 1762 ці 1763, в. Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),

польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.​Ф.​Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».

Літ.:

Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕ́Р, Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУА́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, Гумбальта цячэнне,

халоднае паверхневае цячэнне ў Ціхім ак., галіна Заходніх Вятроў цячэння. Праходзіць з Пд па Пн паміж 45° і 4° паўд. ш., уздоўж зах. берагоў Перу і Чылі. Т-ра вады 15—20 °C, скорасць каля 0,9 км/гадз. У раёне 4° паўд. ш. адхіляецца ад берагоў на З і злучаецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем. Некаторыя вучоныя вылучаюць прыбярэжнае і акіянскае П.ц., паміж якімі праходзіць Паўд. Перуана-Чылійскае супрацьцячэнне. П.ц. абумоўлівае адносна нізкія т-ры паветра і малую колькасць ападкаў на ўзбярэжжы.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)